Журналіст можа пісаць пра незвычайнае каханне

время чтения: 6 мин

На думку шматлікіх журналістаў, ды і чытачоў, гэта лепшы арткул, які паказвае, што журналіст-прафесіянал можа пісаць пра незвычайнае каханне так, каб не зняважаць прадстаўнікоў ЛГБТ, а наадварот, паказваючы іх сапраўдныя адносіны, выклікаць у чытача разуменне роўнасці такіх людзей.

У чэрвені 2012 года на сайце газеты «Наша Ніва» nn.by з’явіўся артыкул, апублікаваны на сайце 34mag.net.
Гісторыя валанцёркі з Ірландыі, якая знайшла сваё каханне на Беларусі — але каханне да дзяўчыны. Артыкул паказвае, што такое на самой справе — гомасэксуальныя адносіны.

Незвычайнае каханне ў Чэрвені

Валанцёрка з Ірландыі 10 гадоў жыве ў Беларусі, тут яна знайшла сваё каханне — Наталлю.

Яна — ірландка Вівіен Лонг. Ёй 32 гады, 10 з якіх яна пражыла ў малым беларускім горадзе Чэрвень, дапамагаючы мясцовым дзеткам-інвалідам з псіхічнымі праблемамі. Тут, у глухім цэнтры Еўропы, яна знайшла сваё каханне — мясцовую дзяўчыну Наталлю — і спазнала сапраўднае жыццё. Падобна на новы моладзевы серыял? А насамрэч усяго толькі Божыя шляхі за 60 км ад сталіцы.

За вокнамі машыны цягнецца шэры беларускі чацвер, кіроўца набірае адрас галоўнага паштовага аддзялення горада Чэрвень на GPS-навігатары. Ірландка Вівіен, да якой мы едзем у госці, па тэлефоне тлумачыць, як знайсці яе дом.

Мы размаўляем на англійскай, бо расейская мова нашай гераіні даецца цяжэй, і ў мяне не атрымліваецца зразумець Вівіен з першага разу, бо ў яе густы, як Гінес, ірландскі акцэнт.
Чэрвень — тыповы беларускі правінцыйны гарадок. Царква — праваслаўная, касцёл — каталіцкі, Ленін — на плошчы. Плюс райвыканкам, адзін рэстаран і моладзь, якая ездзіць на дыскатэку ў Мар’іну Горку за 25 км адсюль. «Першы раз я прыехала сюды ў студзені 2001 года, каб пазнаёміцца з краінай і агледзецца. Пасля вяртання дадому адчула — гэта быў самы доўгі тыдзень у маім жыцці», — распавядае сціплая Вівіен, якая сустракае нас на ўласнай кухні моцнай чорнай гарбатай з малаком.

Аднак менавіта ў гэтым middle of nowhere ва ўспрыманні тыповага еўрапейца ірландка знайшла сваё каханне — дзяўчыну Наталлю. Разам яны выхоўваюць 15-гадовага сына апошняй, дапамагаюць дзеткам-інвалідам і змагаюцца з грамадскаю думкаю.
Месца дзеяння — вялікая ўтульная кухня на апошнім паверсе цаглянага дома. За акном выстраіліся шэрыя будынкі, здольныя хіба што псаваць псіхічнае здароўе.

На лядоўні налепленыя выявы Дзевы Марыі, прайд-каляндар з пацалункам лесбі і фота ружовашчокага падлетка Мікіты, сына Наталлі.
Мы сядзім за дыхтоўным драўляным сталом, жуем печыва і спрабуем уцяміць, якое ліха прынесла сюды Вівіен.

Ёй 32 гады, яна нарадзілася ў Лімарку, скончыла каледж у Дубліне па спецыяльнасці TV-прадакшн. Паводле Вівіен, ёй заўсёды хацелася дапамагаць людзям, аднак ад залішняга загару і малярыі яе выратавала радыё — аднойчы яна пачула навіны, дзе размова ішла пра Беларусь. Каб дапамагаць дзецям, што пацярпелі ад выбуху на Чарнобыльскай АЭС, Вівіен прыехала ў Чэрвень — спачатку на тыдзень, потым на тры месяцы — і ў выніку засталася тут на 10 гадоў.

Першы час уражвала адсутнасць машын на вуліцах, вазы з коньмі як у старых хроніках, уражвала, што ўручную збіраюць лісце, а потым яго паляць. Увогуле, Беларусь нагадвала Ірландыю 40 гадоў таму. А яшчэ пужала адсутнасць памперсаў у дзіцячым доме. «Ты заходзіш у бокс на 25 месцаў, дзе ляжачыя дзеткі, і ў нос ударае пах», — успамінае Вівіен.
«Памперсавая кампанія» была першаю, у якой удзельнічала Вівіен: у Ірландыі збіралі грошы, набывалі памперсы і тракамі везлі ў Чэрвень праз усю Еўропу. Апошнім часам амаль усё неабходнае магчыма набыць на месцы.

Ірландцы актыўна працуюць у Чэрвені з канца 1990-х. Не толькі тут і не толькі яны. Аднак менавіта сюды кожны месяц-два на некалькі тыдняў прыязджаюць групы валанцёраў, абавязкова хтосьці бывае падчас Вялікадня і Хэлаўіна. Гэтыя валанцёры — звычайныя добрыя ірландскія дзядзькі і цёткі, якія знаходзяць кайф у тым, каб падчас сваіх вакацыяў мясіць бетон і класці сцены для дзіцячых прытулкаў у Беларусі. За гэта ім нічога не плацяць. Напрыклад, Вівіен жыве за кошт таго, што здае свой дом у Ірландыі. «Мясцовыя проста не разумеюць канцэпцыі валанцёрства, пытаюцца: у вас за гэта нейкія падатковыя палёгкі?» — пасміхаецца Вівіен. З іншых рэчаў, якія цяжка ўцяміць, — замежніку-валанцёру штогод трэба аднаўляць візу, а кожныя тры месяцы — перасякаць мяжу.

Магчыма, так бы і засталася нашая гераіня адной са шматлікіх валанцёрак на тыдзень, калі б не даволі драматычная гісторыя.

«Аднойчы я ўзяла ў сваю сям’ю на дзевяць месяцаў дзяўчынку Крысціну з дзіцячага прытулку, — успамінае Вівіен. — Аднак беларускі ўрад з нейкай нагоды раней неабходнага тэрміну вярнуў яе і яшчэ семярых дзетак дадому. Я зразумела, што проста так не магу кінуць яе, сямігадовую, адну».
Яна вяртаецца ў Беларусь і дапамагае ірландскай сям’і арганізаваць працэс удачарэння дзяўчынкі. Цяпер Крысціна і яшчэ двое дзетак-інвалідаў жывуць у Дубліне. Дарэчы, на аўтамаце Вівіен не ўжывае слова disabilities, толькі special needs.

А далей гісторыя нагадвае сцэнар незалежнага прайд-муві. Раскадроўка, сцэна 1: Вівіен сустракае Наталлю, выхавальніцу дзіцячага прытулку. Наталля жыве ў Чэрвені ўсё жыццё і адна гадуе сына. Яны гавораць на розных мовах і не разумеюць адна адну. Сцэна 2: у прахалодны вечар, падчас шпацыру дадому, Наталля накідвае пінжак на плечы апранутай не па надвор’і Вівіен — першы фізічны кантакт. Усе разумеюць, што адбываецца нешта незвычайнае. Сцэна 3: перад вячэрай з сябрамі Вівіен забягае да Наталлі — немагчыма больш стрымліваць напружанне. Шукаючы расейскія фразы ў размоўніку, Вівіен выпальвае: «Я не ведаю, што адбываецца. Скажы, што ты адчуваеш, гэта сяброўства ці нешта іншае?» — «Так, гэта нешта іншае», — адказвае Наталля.

Сёлета пара «ажанілася» ў Ірландыі. Было вялікае свята, з усёй сям’ёй, сабакамі, дзецьмі, кветкамі і вялікім святочным прайд-тортам. Для абедзвюх гэта першыя стасункі з асобамі свайго полу.
Усю гэтую гісторыю Вівіен расказвае абсалютна нармалёва і побытава, часам перапытваючы, ці падліць нам гарбаткі. Каб не было ніякіх непаразуменняў, падчас першай сустрэчы яна адразу зрабіла добраахвотны coming out і дала карт-бланш — пытаць можна пра ўсё. Пара не афішуе сваіх зносінаў спецыяльна, аднак і не хавае — у такім горадзе, як Чэрвень, гэта не мае сэнсу.

«Спачатку было шмат чутак, абмеркаванняў. Ідзеш на кірмаш і фізічна адчуваеш позіркі. Аднак з цягам часу ўсім надакучыла, бо няма чаго больш абмяркоўваць — мы не робім з гэтага таямніцы. Шчырасць — найлепшая палітыка», — усміхаецца Вівіен.
Званіць тэлефон, і ў нас ёсць шанец пачуць вельмі неблагую рускую мову, ірландка вывучыла яе на слых.

Прыходзіць Наталля, такая ж усмешлівая і апранутая ў клетачку. Пад дробным дажджом мы ідзем абедаць у адзіны мясцовы рэстаран «Сузор’е». Чэрвень — нібыта горад жанчын, дзе мужыкі — таямніца з відавочнымі адказамі. Іншае пытанне — дзе дзеці? Сын Наталлі Мікіта цяпер на працы, дапамагае ў будаўніцтве сваім сябрам. «Гэта вельмі важна — зразумець, ці хочаш ты ўсё жыццё працаваць фізічна, ці лепш вучыцца», — абыходзячы вялізарнага чорнага сабаку, тлумачыць Вівіен.

Высвятляецца, што хлопец патрыятычна настроены — ён хоча атрымаць адукацыю тут, нягледзячы на тое, што ёсць магчымасць вучыцца ў Ірландыі, дзе ён праводзіць кожнае лета пачынаючы з пяцігадовага ўзросту.
Мы праходзім апошні праект ірландцаў — цэнтр дзённага знаходжання інвалідаў. Раней гэта быў пакой у дзіцячым садку, пра які не ведалі нават самі чэрвеньцы. Цяпер гэта асобны аднапавярховы будынак, прыдатны для развіваючых заняткаў, з карцінкамі на сценах і новым абсталяваннем. Аднаўлялі яго ўсёй грамадой апошнія тры гады, адзінае, што засталося скончыць — гульнявую пляцоўку. Беларускі ўрад дапамагае тым, што проста не перашкаджае. Увогуле, складаецца ўражанне, што Чэрвень — адзін з самых спрыяльных гарадоў у рэспубліцы ў плане абыходжання з людзьмі з асаблівасцямі развіцця.

Рэстаран уражвае дыска-шарам пад столлю і неблагім падборам элітнага алкаголю. Калі дагартаць меню да канца — адразу пасля цыгарэт прапаноўваюць набыць прэзерватывы. Увогуле, калі доўга глядзець праз акно на пустыя вуліцы, не цяжка ўявіць, што горад нядаўна перажыў лёгкую атаку зомбі або забруджванне паветра іпрытам. «У вольны час сумна неверагодна, — распавядае Вівіен. — Таму я пастаянна працую, адзін праект за другім». Кормяць, дарэчы, няблага. Цікава, што раней валанцёры ўсю ежу везлі з сабой з Ірландыі — быў прамы рэйс і гідлівасць да мясцовай ежы. Неяк працаўнікі нават угаварылі рэстараннага повара для разнастайнасці прыгатаваць прывезеную з сабой барановую нагу.

Пасля абеду працягваем знаёмства з горадам. Нам паказваюць новую плошчу, ружовыя дамкі, з прыемнасцю — помнік Леніну, які нарэшце знеслі з пастамента і прыткнулі недзе збоку. Увесь час Наталля з кімсьці вітаецца і напрыканцы збягае ад нас па тэрміновых справах. Недзе на шляху ад Леніна да райвыканкама мы чуем казку пра ірландскіх фей і беларускіх алкаголікаў.
Дзеці, што знаходзяцца ў прытулку, паходзяць не з найлепшых сямей. Часта бацькі пазбаўленыя правоў, яшчэ часцей гэта маці-адзіночкі. Таму ў вольны час валанцёры ездзяць па сем’ях і прапаноўваюць адрасную дапамогу.

«Мы не даем грошы проста так, бо хто ведае, на што іх патрацяць. Калі трэба халадзільнік, набываем халадзільнік, стол — набываем стол, алей ці ежа — ідзем у краму. Аднойчы мы прыязджаем да маці адной дзяўчынкі — і я разумею, што жанчыне патрэбная дапамога ці не больш, чым дачцэ. Яна жыве ў жудаснай лазні, з небяспечнай праводкай, па ўсім целе вялікія сінякі — яе пакалаціў сужыцель».
Жанчыну разам з яе сужыцелем адправілі на лячэнне ад алкагалізму ў Менск. Спрацавала: яны скончылі піць, знайшлі працу і нават вярнулі бацькоўскія правы — што ў нашай сацыяльна арыентаванай дзяржаве надзвычай складана. Праўда, схема працуе не заўсёды: яшчэ адна пара піць не кінула, і грошы ірландскіх дабрачынцаў сышлі на рахунак «Крышталя».

Гаворачы пра асаблівасці побыту і тое, як усё змяняецца ў лепшы бок, даходзім да пакінутай каля пошты машыны. «А чаму б не дапамагаць ірландскім дзеткам?» — пытаем мы напрыканцы. «У іх няма такіх праблемаў, сістэма ўладкаваная і працуе вельмі добра. Тут я патрэбная значна больш. Калі вярнуся дадому, буду хіба што бяздомнікамі займацца», — адказвае Вівіен.

Аднак ці хутка яна вернецца ў Ірландыю, не зразумела — мясцовы праект амаль скончаны і трэба вырашыць, куды рухацца далей. З вялікай імавернасцю гэта будзе Афрыка. Паедуць, вядома, разам з Наталляй і сынам.
На зваротным шляху робіцца млосна ці то ад уражанняў і чыстага паветра, ці то, што больш імаверна, ад з’едзенага на абед хека.

Наша Нiва