ЛГБТ-тэматыка ў беларускіх медыях

Штомесяц адно беларускае СМІ публікуе у сярэднім 1,6 матэрыяла на тэму геяў. На долю мясцовай, а не замежнай тэматыкі, прыходзіцца каля 43% публікацый. З іх 61% мае нейтральную ацэначную афарбоўку, каля 26% — пазітыўную, а 12% — негатыўную. Гэтыя ды іншыя цікавінкі ў гадавым маніторынгу “Асвятленне ЛГБТ-тэматыкі ў беларускіх медыях”.

Як беларускія медыі пішуць пра ЛГБТ-супольнасць, ужо другі год запар цікавіцца нацыянальная ініцыятыва “Gaypress”. Сёлета даследваннем займаўся журналіст Зміцер Кармазін, які прэзентаваў вынікі 14 чэрвеня на круглым стале “Асвятленне ЛГБТ-тэматыкі ў беларускіх медыях”. Mediakritika.by прапануе да ўвагі калег вынікі ды высновы маніторынга.

 

ЛГБТ-тэматыка ў беларускіх медыях

| Create infographics

Аўтар маніторынгу Зміцер Кармазін расказвае, да якіх высноваў ён прыйшоў падчас работы з матэрыяламі беларускіх медыяў. Калі сказаць адной фразай, то дзяржаўныя — абражаюць, а незалежныя амаль не заўважаюць.

Вобраз гомасэксуала ў дзяржаўных СМІ

“Пачытаўшы артыкулы дзяржмедыяў, можна зарзумець, што гомасэксуалы — гэта зло. Аўтары ставяць адназначане клеймо: гэтыя людзі вінаватыя ў чымсці. Артыкулы не нясуць ніякай асветы. Яны ўяўляюць сабой нічым не падмацаваныя разважанні пра свет, які геі робяць горшым, чым ён мог бы быць”, — расказвае журналіст Зміцер Кармазін.

Паводле словаў журналіста, пра нейкі партрэт гомасэксуала казаць складана. Бо негатыўныя матэрыялы яго не ствараюць, а проста пераконваюць людзей, што гэта дрэнна. Тэндэнцыя больш за ўсё бачная ў “Совесткой Белоруссии” і на канале ОНТ. Іх матэрыялы кажуць, што дзякуючы геям разбураецца маральнасць, разам з ёй грамадства і ўся Еўропа. І на гэтым фоне Беларусь выглядае выспай бяспекі.

“Што да перадруковак, то цяжка зразумець логіку, паводле якой яны падбіраюцца. Вось чым кіраваўся рэдактар ОНТ, які ставіў навіну, што ў Таронта ў заапарку раздзялілі двух пінгвінаў-гомасэксуалаў? Магу гэта патлумачыць толькі дрэнным густам”, — працягвае журналіст.

“Мова, якой гэта ўсё пададзена, прасякнутая сарказмам. Стылістыка артыкулаў пра геяў вельмі падобная да стылістыкі артыкулаў пра апазіцыю. Моўнай агрэсіі няма, але словы падбіраюцца эмацыйныя. Напрыклад, вось такое: “новости с так называемым нетрадиционным окрасом”. Такі саркастычны слог амаль ва ўсіх артыкулаў”, — падкрэслівае суразмоўца.

Вобраз гомасэксуала ў недзяржаўных СМІ

У незалежных медыях таксама шмат перадруковак, і журналісты таксама не ставараюць нейкага вобраза. Як зазначае аўтар маніторынгу, СМІ з большага расказваюць пра аблавы на прадстаўнікоў сэксуальных меншасцяў, пра нейкія здарэнні. Большасць расказвае, што ў геяў ёсць пэўныя праблемы, ідзе простае інфармаванне, пэўных ацэнак не даецца, пэўных пытанняў не ставіцца.

“Літаральна тры публікацыі я пабачыў на “Нашай ніве”, дзе геі выходзілі звычайнымі людзямі. Гэтыя матэрыялы я ацаніў як станоўчыя. Да прыкладу, гэта падборка вядомых музыкаў, якія прыналежаць да сэксуальных меншасцяў. У адрозненні ад артыкулаў “СБ”, мы не бачым іх вычварэнцамі, якія разбураюць свет”, — даводзіць журналіст.

Асобнай размовы вымагае праца “Радыё Свабода”. На густ аўтара, журналісты гэтага СМІ найбольш актыўна і прафесійна працуюць у гэтай тэматыцы.

“Радыё Свабода са ўсіх медыяў задавала найбольш пытанняў і найчасцей стварала дыскусійны кантэнт, калі людзі могуць задаць пытанне, выказаць меркаванне, атрымаць адказ. Я бы вылучыў артыкул “Лябедзька: «Гей-прайд?! А мы пры чым?!»”, а таксама дыскусію “Чаму беларусы маўчаць пра правы геяў?”
Касякі на гомасэксуальнай глебе

На меркаванне Змітра Кармазіна, станоўчых матэрыялаў на тэму кропля ў моры. Пазіцыі аналізаваных медыяў вельмі палярныя. Амаль адсутнічае разгляд праблемы з праваабарончага боку: правы сэксуальных меншасцяў — гэта правы чалавека.

Паводле вынікаў маніторынга, пры асвятленні ЛГБТ-тэматыкі для беларускіх СМІ характэрныя наступныя праблемы.

  • Адсутнічае сістэмнасць публікацыі матэрыялаў.
  • “Дацкія” публікацыі. Гэта значыць, што медыі звяртаюцца да тэмы з нагоды пэўных датаў, да прыкладу, Міжнароднага дня талерантнасці.
  • Журналісты (або рэдактары) не выступаюць ініцыятарамі публікацый на тэму.
  • Копіпаст копіпаста. Многа запазычанага кантэнту. Да прыкладу, артыкул рэсурса 34mag.net сустракаўся амаль ва ўсіх аналізаваных медыях.
  • Парушэнне прафесійных журналісцкіх прынцыпаў. Накшталт такога: забарону менгарвыканкамам гей-прайду каментуе палітык.

Мультымедыйная прэзентацыя маніторынга “Асвятленне ЛГБТ-тэматыкі ў беларускіх СМІ”

Злы або мімімішны?

“Для Беларускіх СМІ важна рабіць пасыл, якога мала ў сучасных медыях. Ёсць Дэкларацыя правоў чалавека, якая пачынаецца са словаў, што ўсе людзі роўныя. І геі — яны такія, як ёсць, аднак роўныя з усімі іншымі. Мне здаецца, не патрэбна сёння ствараць мімімішных матэрыялаў пра геяў. Сёння трэба нагадваць, што ўсе людзі роўныя”, — заключае Зміцер Кармазін.

Таццяна Бублікава, Меdiakritika.by