Імі ганарыцца радзіма: журналісты, якія адкрылі іншую Амерыку

время чтения: 6 мин

Калі вы амерыканскі журналіст, які ў сваім жыцці паспеў зрабіць штосьці важнае для паляпшэння правоў ЛГБТ-супольнасці, то вашае імя мае шанец патрапіць у гісторыю. Штогод амерыканскія гей-журналісты абіраюць калегаў для ўшанавання іхных дасягненняў у спецыяльнай Залі гонару.

Таццяна Бублікава, Gaypress

Ідэя стварыць  Залю гонару для ЛГБТ-журналістаў з’явілася ў сяброў Нацыянальнай асацыяцыі журналістаў геяў і лесбіянак Амерыкі (NLGJA). Штогод туды заносяць імёны знакамітых журналістаў-дзеячоў, каторыя дапамаглі палепшыць становішча геяў у ЗША. Імёны сваіх герояў яны змяшчаюць на адмысловай вэб-старонцы.

Вось што гавораць ЛГБТ-журналісты пра сваю Залю гонару:

“Кожны з нас мае сваіх герояў журналістыкі… Герояў, якія натхняюць нас займацца гэтай справай праз добрыя прыклады — гаварыць праўду любой цаной, нягледзячы на цяжкасці. Мы ў ЛГБТ-супольнасці маем сваіх асабістых герояў. Гэта ЛГБТ-журналісты, якія праявілі мужнасць і рашучасць, гаворачы праўду, а таксама свае ўласныя праўды, любой цаной і нягледзячы на перашкоды. У 2005 годзе мы адкрылі Залю гонару ЛГБТ-журналістаў, каб пераканацца, што расказаныя імі гісторыі важныя не толькі нам, але і ўсім журналістам, чытачам і гледачам”.

Біяграфіі рэпарцёраў, рэдактароў, выдаўцаў, якія патрапілі ў ганаровы спіс, як бы паказваюць: журналісты маюць сілы мяняць лад жыцця грамадства. Што ж такога можа зрабіць журналіст, каб нашчадкі ім ганарыліся? Адказы — у аглядзе герояў 2005 года.

Лерой Ф. Ааронс, заснавальнік NLGJA

Імі ганарыцца радзіма: журналісты, якія адкрылі іншую АмерыкуУ 1990 годзе Лерой Ааронс зрабіў скандальную прамову на канферэнцыі Амерыканскага таварыства выдаўцоў газет. Яму было 56 год і ён ужо меў выдатную кар’еру ў журналістыцы — сталы аўтар “Вашынгтон Пост”, адзін з заснавальнікаў Інстытута журналісцкай адукацыі ў Мейнардзе, і ў рэшце рэшт, выканаўчы рэдактар “Oakland Tribune”. Аднак ён апынуўся ў цэнтры ўвагі з іншай нагоды: ёнадкрыта заявіў, што з’яўляецца геем і ганарыцца гэтым. Гэтая прамова натхніла сотні ЛГБТ-журналістаў, якія таксама раскрыліся ў сваіх ньюсрумах. Неўзабаве пасля той гучнай заявы нарадзілася асацыяцыя журналістаў геяў і лесбіянак, з тым каб пад кіраўніцтвам Лероя Ааронса, падбадзёранага журналістамі ўсёй краіны, спакойна і цвёрда астойваць лепшую будучыню для сваіх сяброў і больш дакладна асвятляць пытанні ЛГБТ.

Лерой нарадзіўся у 1933 годзе ў габрэйскай сям’і імігрантаў з Латвіі. Ён атрымаў ступень магістра журналістыкі ў Калумбійскім універсітэце і да 27 год ужо стаў рэдактарам гарадскога выдання “Journal-Register” у Нью-Хэйвэне, штат Каннэкцікут. Ён асвятляў некаторыя з ключавых падзеяў 1960-х, напрыклад, наведванне “Бітламі” Амерыкі ды забойства Марціна Лютэра Кінга. Трэба сказаць, што Лерой трымаў сваю сэксуальную арыентацыю ў страшнай таямніцы да пачатку 1980-х, пакуль не сустрэў Джошуа Бонэ, які стаў Лерою партнёрам. Разам яны пражылі 25 гадоў да смерці Ааронса ў лістападзе 2004 года.

Заснаванне асацыяцыі гей-журналістаў было не ўсё, што паспеў зрабіць містэр Ааронс у апошнія гады жыцця. Як педагог ён заснаваў першыя журналісцкія курсы па пытаннях ЛГБТ-медыяў на базе універсітэта Паўднёвай Каліфорніі. Як пісьменнік ён напісаў трагедыю “Малітвы для Бобі” — гісторыю пра хлопчыка-гея, які скончыў жыццё самагубствам. Як драматург Ааронс стварыў оперы аб Томасе Джэферсане і тэракце 11 верасня. У апошні год жыцця, пакутуючы на рак, ён працягваў працаваць над пьесай “Праўда аб паўднёвай Афрыцы і Камісіі па прымірэнні”, якая так і засталася няскончанай. 

Томас Морган ІІІ

Імі ганарыцца радзіма: журналісты, якія адкрылі іншую АмерыкуНацыянальная асацыяцыця чорных журналістаў не асабліва вітала геяў і лесбіянак сярод сваіх сяброў, пакуль Томас Морган ІІІ не быў абраны прэзідэнтам гэтай асацыяцыі ў 1989 годзе. У тыя часы адны сумняваліся, што чорныя геі наогул існуюць, адкрыта звязваючы гомасэксуалізм з выключна “белымі штучкамі”, а другія прытрымліваліся непісанага закону “не пытайся, не кажы”. У гэтых абставінах гомасэксуалы-сябры найвялікшай “каляровай” арганізацыі краіны заставаліся па-за кантэкстам яе дзейнасці і не мелі магчымасці укладаць сябе ў жыццё ўстановы, баючыся быць выкрытымі. Абранне Моргана змяніла сітуацыю. Рэпарцёр-ветэран “Нью-Ёрк Таймс”, а затым рэдактар, за чатырохгадовае прэзідэнцтва зрабіў значна больш, чым проста ўзламаў дзверы шафы, дзе сядзелі гомасэксуальныя сябры асацыяцыі чорных журналістаў Амерыкі. Таксама Морган пашырыў стыпендыяльныя праграмы для моладзі ды адкрыў курсы падрыхтоўкі настаўнікаў, каб павялічыць колькасць чорных журналістаў. Морган казаў: “Мяне абралі на пост прэзідэнта як чорнага журналіста, а не як гея”.

У 1973 годзе Морган скончыў Універсітэт штата Міссуры і пасля таго, як атрымаў званне лейтэнанта паветраных сілаў ЗША, пачаў сваю кар’еру ў якасці рэпарцёра ў “Маямі Хелард”. У Нью-Ёрк Таймс” ён прыйшоў у 1983 годзе. Там ён працаваў як рэпарцёр, рэдактар і бізнэс-мэнэджэр, пакуль у 1995 годзе не выйшаў у адпачынак, каб зберагчы здароўе, бо на гэты момант ужо быў сталым носьбітам ВІЧ-інфекцыі. За некалькі год да гэтага Томас Морган адкрыў Праграму стажыровак дызайнераў і фатографаў для таленавітых выпускнікоў каледжаў і пажылых людзей.

Томас Морган перанёс сардэчны прыступ і памёр у снежні 2007 года.

Дон Слэйтар

Імі ганарыцца радзіма: журналісты, якія адкрылі іншую АмерыкуДон Слэйтар быў лідэрам сярод геяў-мужчынаў, якія ў 1953 годзе заснавалі часопіс “Адзін”. Гэты часопіс даў голас “каханню, якое не асмельвалася назвацць свае імёны”. Ніхто ніколі не рабіў гэтага. “Адзін” стаў пачаткам сацыяльных зменаў. Як рэдактар часопіса, Слэйтар стаў адным з найбольш значных барацьбітоў за свабоду слова, калі ў 1954 годзе ФБР і паштовыя чыноўнікі заявілі, што “Адзін” не можа распаўсюджвацца праз пошту, бо ўтрымлівае непрыстойныя матэрыялы.

Слэйтэр разам з калегамі наняў адваката і змагаўся з абвінавачнваннем. Пасля паразы ў судах ніжэйшай інстанцыі, рэдакцыя часопіса дайшла да Вярхоўнага суда ЗША. У 1958 годзе “Адзін” выйграў справу. Хаця суддзі і не выдалі асобны дакумент, іх знакавае рашэнне назаўсёды пастанавіла, што ў Амерыцы тэма гомасэксуалізма сама па сабе не з’яўляецца непрыстойнай. ЛГБТ-выданні на законных падставах могуць распаўсюджвацца праз пошту.

Філіс Ліён і Дэль Марцін 

Імі ганарыцца радзіма: журналісты, якія адкрылі іншую АмерыкуФіліс Ліён і Дэль Марцін заснавалі “Лесвіцу” — легендарнае выданне, якое, на думку гісторыка Джона Д’эміліо, “упершыню ў гісторыі прапанавала амерыканскім лесбіянкам магчымасць гаварыць сваім уласным голасам”. Дзве журналісткі, якія дарэчы былі ў партнёрскіх адносінах, узялі першую са сваіх шматлікіх палітычных прыступак, калі ў якасці рэдактароў увялі ўласны стыль напісання слова “Лесбіянка” з вялікай літары, дзе толькі яно не з’яўлялася.

Перадавіцы іх выдання, пачынаючы з серыі рытарычных пытанняў у дэбютным выпуску 1956 года, паступова падштурхоўвалі лесбіянак да згуртавання ў палітычную сілу: “Што стане будучыняй лесбіянак? Страх? Пагарда? Гэтага не будзе — пры ўмове, што пасіўнасць заменіць энергічная канструктыўная праграма, калі баязлівасць саступіць фронту салідарных жанчын”.

Першыя артыкулы, што з’яўляліся ў “Лесвіцы”, агітавалі за правы геяў і лесбіянак. У адным прапаноўвалася, каб аднаполым парам было дазволена падаваць сумесныя падатковыя дэкларацыі, у другім — каб ім жа дазволілі сумесны страхавы поліс на жыллё.

Журналісткі-наватаркі зрабілі другі беспрэцэндэнтны крок у 1958 годзе, калі стварылі першы профіль амерыканскай лесбіянкі. Ліён і Марцін разаслалі анкеты 500 падпісанткам часопіса, а пасля апублікавалі прааналізаваныя дадзеныя. У выніку атрымаўся супольны партрэт амерыканскай гомасэксуальнай жанчыны. Да прыкладу, у той час, калі толькі 6% усіх амерыканак скончылі каледж, 46% жанчын, якія ўдзельнічалі ў анкетаванні, атрымалі вышэйшую адукацыю.

Ліён і Марцін заплацілі высокую цану за свае журналісцкія дасягненні. Агенты ФБР узбудзілі таемнае расследванне, кантактавалі з працадаўцамі журналістак і выкрылі, што гэтыя жанчыны — лесбіянкі. Ліён і Марцін атрымлівалі смяротныя пагрозы па тэлефоне. Ліён была ўпэўненая, што гэта тэлефанвалі агенты ФБР.

Жанчыны пабраліся шлюбам 16 чэрвеня 2008 года ў Сан-Францыску і ў гэтым горадзе сталі першай аднаполай парай, якая легальна ажанілася.

Рэндзі Шытц 

Імі ганарыцца радзіма: журналісты, якія адкрылі іншую АмерыкуІмя Рэндзі Шытца непарыўна звязанае з сучаснай эпідэміяй СНІДу. Як рэпарцёр “The Advocate” і “San Francisco Chronicle”, а таксама як аўтар кніжкі “І гурт граў на”, Рэндзі будаваў сваю кар’ёру, змагаючыся з хваробай, якая забрала яго маладым — у 42 гады. Яго рэпарцёрская дзейнасць дапамагла разбурыць, калі не да канца, то хаця б часткова, амерыканскія забабоны ды адмаўленне прызнаваць СНІД чумой нашага веку, якая на сённяшні дзень забрала ў ЗША каля паўмільёна жыццяў.

Рэндзі слоў не шкадаваў: ён пісаў пра небяспечны сэкс у гей-лазнях з тым жа запалам, з якім крытыкаваў законатворцаў і вучоных, каторыя прыніжалі сур’ёзнасць СНІДу. Ягоная апошняя кніга “Непрымальныя паводзіны: лесбіянкі і геі ў войску ЗША” выкрыла дыскрымінацыйную палітыку і адносіны ва ўзброеных сілах краіны. Рэндзі спадзяваўся, што ўвядуць забарону на службу геяў у войску. Аднак прэзідэнт Клінтан у 1993 годзе легалізаваў правіла “не пытайся ,не кажы”, якое дазваляла геям служыць, толькі калі тыя не раскрываюць сваю сэксуальную арыентацыю.

Вольны час Рэндзі Шытц любіў бавіць дома ў Каліфорніі са сваім партнёрам Бары Барбэры ды іх залацістым рэтрыверам Дашыэлем.

Сара Пэці

Імі ганарыцца радзіма: журналісты, якія адкрылі іншую АмерыкуЖыццё Сары Пэці спынілася ў 2005 годзе праз лімфому, але яе дзейнасць ў якасці старэйшага рэдактара “Newsweek” ды наватаркі ў гей-медыях мае працяглае эфект. Пэці ўвайшла ў журналістыку ў 1989 годзе: яна стала мастацкім рэдактарам ўжо неіснуючага часопіса “Outweek”. Гэты быў ньюёркскі штотыднёвік для геяў і лесбіянак, на старонках якога замешваліся нацыянальныя дэбаты пра ACT UP (правабарончая ініцыятыва для паляпшэння становішча хворых на СНІД), дыскусіі пра правы геяў ды абмеркаванні выпадкаў гвалтоўнага раскрыцця сэксуальнай арыентацыі публічных асобаў.

У 1992 годзе Сара Пэці з Майклам Гофам стварылі часопіс “Out” — першы нацыянальны глянец, арыентаваны выключна на геяў і лесбіянак. Сара Пэці была ягоным галоўным рэдактарам да 1998 года, пакуль не сыйшла ў “Newsweek”.

Стывен Пятроў, былы прэзідэнт NLGJA, называе Пэці “адным з самых уплывовых гей-журналістаў нашага часу».

«Калі Пэці пачынала гаварыць, а яна часта рабіла гэта па тэмах правоў геяў ды праблем журналістыкі, то казала з такім розумам і запалам, што пераконвала любога, хто чуў яе”.

 

Перадклад з ангельскай і адаптацыя Т. Бублікавай