Лістапад 14, 2013

Біл Шыллер ў “Азбуцы талерантнасці”

У спецпраекце Gaypress “Азбука талерантнасці” – кіраўнік шведскай арганізацыі “Тупілак”. Біл Шыллер распавядае, якія змены ў дачыненні ЛГБТ-супольнасці адбыліся ў Швецыі і якую ролу ў гэтым адыгралі журналісты і СМІ. GayPress

У адных пануе гамафобія. У іншых пераважае талерантнасць. У некаторых дзяржавах адкрытыя геі і лесбіянкі сустракаюцца сярод дэпутатаў парламента, міністраў ды іншых урадоўцаў. У іншых краінах мае месца рэзка адмоўнае стаўленне да ЛГБТ-супольнасці з боку палітыкаў, рэлігійных дзеячоў розных веравызнанняў: каталікоў, праваслаўных, пратэстантаў…

Стаўленне з боку СМІ таксама вельмі адрознае ў розных мясцовасцях. У адных краінах – вельмі пазітыўнае. Рыхтуюцца добрыя рэпартажы з гей-прайдаў і іншых культурніцкіх імпрэзаў. У іншых краінах – рэзка адмоўнае. Часам нават даходзіць да забароны на перадачу станоўчай інфармацыі пра гомасэксуальнасць. Такая сітуацыя існуе ва Украіне, у некаторых расійскіх рэгіёнах і іншых частках свету.

У Швецыі некалькі год таму быў прыняты Закон “Пра партнёрствы”. Паводле яго аднаполыя пары змаглі заключаць юрыдычна прызнанае партнёрства. Аднак дыскрымінацыя заставалася: нельга было забіраць прыёмных дзяцей і браць царкоўны шлюб. Гетэрасэксуалы маглі браць царкоўны шлюб, які прыраўноўваўся да грамадзянскай рэгістрацыі. Цяпер становішча змянілася. Гомасэксуалы могуць забіраць прыёмных дзяцей і могуць браць шлюб як у Ратушы, гэтак і ў царкве. Клерыкам давялося скасаваць забарону, бо ўрад прыгразіў у адваротным выпадку пазбавіць царкву права на правядзенне юрыдычна прызнанай шлюбнай цырымоніі. Таму цяпер гомасэксуалы могуць рэгістраваць свой шлюб і ў храме. Стаўленне шведскай дзяржавы і шведскага ўрада да ЛГБТ абсалютна станоўчае. Вядома, нямала часу мінула перад тым, як гэта стала рэальнасцю.

received_m_mid_1392237584193_4c4f86b8d1b6a82350_0

Заканадаўства цяпер практычна ідэальнае, за выняткам справаў транссэксуалаў. Зараз у дачыненні да транссэксуалаў дзейнічае вельмі прымітыўны стары закон, паводле якога яны павінны быць стэрылізаваныя і развесціся да моманту праходжання тэрапіі й змены полу. Гэты закон будзе зменены. Усе палітычныя партыі пагаджаюцца, што гэты закон мусіць быць зменены. Але на гэта патрэбны некаторы час.

Сярод іншага, адбыліся змены ў стаўленні да ЛГБТ у малых гарадах. Прайды ў Стакгольме ў той ці іншай форме адбываюцца вось ужо на працягу трыццаці год, і СМІ тактоўна асвятляюць гэтыя мерапрыемствы. Аднак у некаторых мястэчках першыя прайды прайшлі толькі сёлета. Таму жыць у мястэчках складаней. Людзі з’язджаюць з мястэчак у буйнейшыя гарады. Тыя, хто застаецца, не наважваюцца зрабіць камінаўт. Але, тым не менш і там адбыліся вялікія зрухі, дзякуючы таму, што шмат вядомых асобаў зрабілі камінаўт. Палітыкі рабілі камінаўт, парламентары рабілі камінаўт, сцвярджаючы сваю прыналежнасць да ЛГБТ-супольнасці.