Сяргей Андросенка: Праблемы ЛГБТ-асоб у Беларусі не ад ЛГБТ-актывістаў

Адзін з лідэраў беларускага ЛГБТ-руху Сяргей Андросенка прыняў удзел у анлайн-канфэрэнцыі “Радыё свабода”. Нагодай для размовы стаў намер ЛГБТ-актывістаў правесці ў снежні прайд-марш па бульвары Шаўчэнкі ў Менску. Аднак улады дзевяты год запар не даюць дазволу на гэтыя мерапрыемствы. Карэспандэнт GayPress таксама задаў Сяргею некалькі пытанняў.

Саша Белов, GayPress

Не ўсе беларусы ведаюць розніцу паміж гей-парадам і гей-прайдам, таму мы папрасілі растлумачыць Сяргея нюансы.

— Гей-прайд або ЛГБТ-прайд — гэта форум (фэстываль) у падтрымку талерантнага стаўленьня да геяў, лесбіянак, бісэксуалаў і трансгендараў. Гэта комплекс мерапрыемстваў у нейкі канкрэтны прамежак часу, які можа ўключаць што заўгодна: канфэрэнцыі, трэнінгі, спартыўныя, культурныя і забаўляльныя падзеі, — тлумачыць Сяргей. — На прайды запрашаюцца ўсе, незалежна ад сэксуальнай арыентацыі і гендарнай ідэнтычнасьці, але сэнс збору — мы ўсе талерантныя і хочам, каб грамадства было талерантным. Гей-парад альбо прайд-парад — гэта шэсці з такой жа мэтай, што і ў гей-прайда. Нічога страшнага ані ў першай падзеі, ані ў другой няма.

На сайце change.org праваабарончы праект «ГейБеларусь» размясціў петыцыю ў адрас Мінгарвыканкама з заклікам «дазволіць правядзенне публічнай акцыі ў падтрымку талерантнага стаўлення да ЛГБТ-супольнасці ў Беларусі» Мінскі гей-прайд 2013». Існуе меркаванне, што збор подпісаў пад віртуальнай петыцыяй з’яўляецца далёка не самым дзейсным спосабам дамагчыся дазволу на правядзення прайду, бо подпісы пад петыцыямі сёння ў Беларусі збіраюць з нагоды і без. Мы пацікавіліся ў Сяргея, ці не было б больш дзейсна, калі кожны з актывістаў напісаў зварот у Мінгарвыканкам, на кожны з якіх павінны адказаць у адведзены тэрмін?

— Мы збіралі подпісы двума чынамі. І першыя, і другія былі накіраваныя ў Мінскі гарадзкі выканаўчы камітэт, — патлумачыў ЛГБТ-актывіст.

Але ў гэтай сітуаціі насцярожвае адзін момант. Пачынаючы з 1999 года, сцвярджаецца ў петыцыі, ні адна публічная акцыя «Мінскага гей-прайду» не была санкцыянаваная ўладамі горада. Няўжо арганізатары шчыра спадзяюцца, што Мінгарвыканкам дасць дазвол?

— Калі не спрабаваць і згубіць надзею — мы ніколі не атрымаем гэты дазвол. Калі мы з года ў год не будзем настойваць на сваім шэсці, да нас ніколі не прыйдуць з Мінгарвыканкама і не прапануюць «вы такія клясныя рабяты і дзяўчаты, а ці не хочаце вы рэалізаваць за гэта сваё канстытуцыйнае права?». У Стакгольме, Амстэрдаме, Рыме, Афінах таксама дазвол на першы легальны прайд-марш атрымалі далёка не з першага разу. Але ў тым, што беларускія ЛГБТ-актывісты яго некалі атрымаюць — я ўпэўнены, — сцвярджае Сяргей.

Пры гэтым арганізатары прайда будуць і далей падаваць заяўкі на правядзенне прайду, нягледзячы на тое, што ў адрас ЛГБТ-супольнасці часта гучаць крытычныя выказванні з боку палітычнай эліты краіны, а ў краіне «на працягу працяглага часу фіксуюцца праявы нецярпімасці, непрыязнасці, агрэсіі і гвалту ў дачыненні да прадстаўнікоў ЛГБТ-супольнасці, як сцвярджаюць самі ж аўтары петыцыі?

— Праваабарончыя дзеянні не складаюцца з думак, вымярэннем выканання або парушэння правоў з’яўляюцца канкрэтныя факты. Мы будзем падаваць заяўкі, я ці нехта іншы, да таго часу, пакуль сытуацыя не зменіцца. І будзем публічна казаць аб сваіх праблемах. Думаць і нічога не рабіць — гэта дакладна не выйсце з сытуацыі. Дарэчы, гей-парады ў дыктатурах і аўтакратыях магчымыя, — упэўнены ЛГБТ-актывіст. — Два гады запар ладзяцца вялікія публічныя Прайд-акцыі ў сталіцы Віетнаму, а на Кубе і яшчэ даўжэйшы час. Віетнам на кроку ад легалізацыі аднаполых шлюбаў, а на Кубе легалізавалі аднаполыя партнэрствы.

Між тым, некаторыя абвінавачваюцьарганізатараў гей-прайдаў ў жаданні прапіярыцца. Больш таго, некаторыя і зусім сцвярджаюць, што сваім акцыямі яны толькі шкодзяць іміджу ЛГБТ-супольнасці. Маўляў, на парады і прайды ў іншых краінах выходзяць досыць экстравагантныя асобы, з якімі ў грамадзтва ў выніку асацыюецца ўся ЛГБТ–супольнасць.

На думку Сяргея, іміджу ЛГБТ-супольнасці ў Беларусі нічога не пагражае.

— Яго можна толькі выпраўляць, распаўсюджваючы праўдзівую інфармацыю пра нас. Не варта азірацца на такія дробязі, як экстравагантныя асобы на заходніх гей-парадах, гэта права чалавека на самавыражэнне. Беларусы проста развучыліся самавыражацца, таму са злобай і глядзяць на Захад. У нас жанчыны ў крамы ходзяць, каб на кошты паглядзець і набыць таннейшай каўбасы, а ў Бэрлін ў той самы момант вясёлыя, арыгінальна апранутыя людзі ходзяць гей-парадам… Дзе тут злосць не возме! З павышэннем дабрабыту людзі могуць стаць больш талерантнымі, бо пачне знікаць азлобленасць і патрэба ў пастаянным выжыванні… І гэта не віна заходніх людзей, што яны могуць самавыражацца, а мы не, — лічыць Сяргей.

Адзначым, што за гэты год, як сцвярджаюць аўтары петыцыі, “міліцэйскія рэйды былі праведзены не менш чым на сямі ЛГБТ-мерапрыемствах у двух гарадах Беларусі, больш за 65 чалавек апыталі па факце іх датычнасці ці падтрымкі дзейнасці ЛГБТ-ініцыятыў Беларусі”. Мы пацікавіліся ў Сяргея, з чым звязаная падобная актыўнасць праваахоўных органаў у дачыненні да прадстаўнікоў ЛГБТ-супольнасці? На думку актывіста, адзін з варыянтаў — узрослая актыўнасьць ЛГБТ-руху, фарміраванне новай непадкантрольнай грамадзкай сеткі, бо апазыцыю і праваабаронцаў ужо былі разграмілі, а тут новая структура выбудавалася.

Але ці не могуць міліцэйскія рэйды быць звязаны з заклікамі дазволіць правядзенне гей -прайда? Існуе меркаванне, што арганізатары прайду толькі выклікаюць негатыўную рэакцыю з боку чыноўнікаў, што ў выніку выліваецца ў праверкі і рэйды.

— Арганізатары Мінскага гей-прайда не даюць санкцыі на рэйды, праверкі і закрыцьцё гей-клубаў. Калі праваабарончы ЛГБТ-актывізм выклікае такую рэакцыю, то гэта, адпаведна, Мінскі гей-прайд выкрывае гамафобную сутнасць сённяшняга рэжыму. Варыянт, «давайце кінем актывізм і будзем проста танчыць і напівацца ў клубах, але міліцыя нас не будзе чапаць», мне не падыходзіць. Няхай хоць «Каста Дзіву» і усе астатнія ЛГБТ-месцы закрыюць. Магчыма, гэта прымусіць ЛГБТ-супольнасьць расплюшчыць вочы, убачыць прычыны праблемы і стаць больш грамадзка актыўнай. Праблемы ЛГБТ-асоб у Беларусі не ад ЛГБТ-актывістаў. Рэйды паўплывалі, вядома, на паводзіны ЛГБТ-людзей. Вялікія бізнэсмэны і гомасэксуалы, якія працуюць на добрых пасадах у дзяржаўных органах, усё часьцей устрымліваюцца ад элемэнтарнага наведваньня нават забаўляльных ЛГБТ-вечарын, каб, раптам, не падпасці пад чарговы «перапіс кліентаў». Людзі не хочуць «свяціцца», бо невядома, як дзяржава захоча выкарыстаць звесткі аб тым, што яны наведваюць падобнага кшталту мерапрыемствы, у будучыні, — адказвае Сяргей.

Спыталі мы ў Сергея і пра тое, з якімі пытаннямі звяртаюцца ўЛГБТ-арганізацыю «Лямбда»?

— Звяртаюцца па псыхалягічную, юрыдычную дапамогу і проста, каб знайсці сяброў і кола людзей, дзе цябе прымуць і не будуць задаваць дурных пытанняў. Прыходзяць гетэрасэксуальныя людзі, каб нечым дапамагчы, бо не могуць мірыцца з гамафобіяй вакол (у кагосьці лепшы сябар — гей і церпіць з-за гэтага, а кагосьці абураюць заявы Лукашэнкі і Дашкевіча пра геяў).

Напрыканцы мы пацікавіліся, што павінна адбыцца, каб беларусы сталі больш талерантныя ў адносінах да ЛГБТ-супольнасці?

— Трэба працаваць. Трэба, каб ствараліся ЛГБТ-ініцыятывы, таксама ў рэгіёнах, каб ішла шырокая асветніцкая праца, каб праваабарончыя і моладзевыя грамадзкія арганізацыі таксама далучаліся”, — адзначыў Сяргей Андросенка.