RFSL
Люты 10, 2014

Шведская RFSL — найстарэйшая ў свеце федэрацыя правоў ЛГБТ

Шведская федэрацыя правоў ЛГБТ RFSL — гэта нацыянальная асацыяцыя сэксуальнай роўнасці, некамерцыйная арганізацыя, што працуе ў сферы правоў лесбіянак, геяў, бісэксуалаў і трансгендэраў. Яна не мае дачынення да палітычных партый ці рэлігійных арганізацый. Федэрацыя заснаваная ў 1950 г. і з’яўляецца адной з найстарэйшых ЛГБТ арганізацый ў свеце. На дадзены момант яна налічвае каля 4,000 сябраў.

RFSL, пераклад Наталлі Аляксандравай

Якія мэты мае федэрацыя?

Канчатковай мэтай у разуменні Шведскай федэрацыі правоў ЛГБТ з’яўляецца фарміраванне грамадства, адметнай рысай якога была б такая ступень павагі і прыняцця адрозненняў паміж людзьмі, каб у арганізацыях кшталту Федэрацыі не было патрэбы.
Арганізацыя ставіць за мэту дамагчыся для прадстаўнікоў ЛГБТ-супольнасцей правоў, магчымасцей і абавязкаў, роўных з іншымі членамі грамадства.

Што робіць шведская федэрацыя правоў ЛГБТ?

Федэрацыя працуе ў сферы паляпшэння якасці жыцця прадстаўнікоў ЛГБТ-супольнасцей шляхам палітычнага лабіравання, распаўсюджвання інфармацыі і арганізацыі сацыяльных мерапрыемстваў у падтрымку ЛГБТ. На інтэрнацыянальным узроўні арганізацыя дзейнічае супольна з Міжнароднай асацыяцыяй геяў і лесбіянак (ILGA — the International Lesbian and Gay Association), а таксама супрацоўнічае з іншымі ЛГБТ арганізацыямі ў суседніх краінах.

RFSLФедэрацыя кіруе кансультацыйнымі цэнтрамі для жанчын і мужчын у Стакгольме, Готэнбургу, Мальмё. Кансультацыйныя цэнтры працуюць з людзьмі, якія маюць патрэбу пагаварыць пра камін-аўт, пра сэкс, ВІЧ/СНІД і іншыя пытанні аховы здароўя, пра стасункі, а таксама з тымі, каму патрэбная дапамога ў дачыненнях з уладамі ці ўстановамі аховы здароўя, ці каму патрэбная юрыдычная кансультацыя, напрыклад, для атрымання прытулку ці афармлення тастаменту.

Шведская федэрацыя правоў ЛГБТ выдае часопіс Kom Ut («Выходзь у свет»). Апроч таго, федэрацыя падтрымлівае тры вэб-сайты, што змяшчаюць агульную інфармацыю, а таксама адмысловыя звесткі па пытаннях аховы здароўя ЛГБТ і для ахвяраў ЛГБТ-датычных злачынстваў.