Адбылася Трэцяя Школа талерантнасці для журналістаў ад ініцыятывы «Журналісты за талерантнасць»

Журналісты наракаюць: шэраг рэдактараў беларускіх СМІ супраціўляюцца тэкстам пра праблемы ЛГБТ у сваіх медыях, матывуючы гэта малой зацікаўленасцю аўдыторыі да тэматыкі. Дзеля змены гэтага суб’ектыўнага стаўлення ёсць намер зладзіць адмысловую Школу талерантнасці для беларускіх рэдактараў у адной з еўрапейскіх краінаў з запрашэннем да дыскусіі іх калегаў з вядучых замежных СМІ.

GayPress, фота ўдзельникаў Школы

Трэцяя Школа талерантнасці для журналістаў адбылася на пачатку траўня 2015 года ў маляўнічай Нідзе на Куршскай касе (Літва).

Чатырнаццаць журналістаў і рэдактараў з беларускіх нацыянальных і мясцовых друкаваных, вяшчальных і анлайн-СМІ, а таксама журналісты-фрылансеры ўзялі актыўны ўдзел у варштатах і дыскусіях падчас Школы пад кіраўніцтвам вядомага беларускага праваабаронцы Андрэя Палуды.

У інтэрактыўнай форме ўдзельнікі Школы пазнаёміліся з асноўнымі паняццямі ў сферы правоў чалавека, навучыліся адрозніваць стэрэатыпы і вызначаць мову варожасці ў журналісцкіх тэкстах, абмеркавалі ролю журналістыкі ў сферы абароны правоў чалавека і фарміраванні талерантнасці да ўразлівых сацыяльных групаў (у т.л. жанчынаў, ЛГБТ, людзей з інваліднасцю, этнічных меншасцяў і інш.).

Асноўны мэсэдж ШТЖ-3 — “Талерантнасць: ад мовы варожасці да разумення і прыняцця разнастайнасці”.

Сваімі назіраннямі і думкамі аб тым, як магчыма супрацьстаяць стыгматызацыі і неталерантнасці да ўразлівых групаў сродкамі журналістыкі і культуры, падчас Школы падзяліліся рэдактар Роберт Мілкавіч (Канада) і прадстаўнікі культурніцкага бамонду Літвы – паэт і журналіст Дарыюс Якулявічус, а таксама перакладчык Арвідас Вогуліс.

 “Талерантная журналістыка — гэта сацыяльна адказная журналістыка”, — сышліся ў думцы ўдзельнікі ШТЖ-3. Менавіта якасная журналісцкая праца можа паспрыяць знікненню такіх ганебных сацыяльных з’яваў, як ксенафобія і нецярпімасць, унесці сваю неацэнную лепту ў стварэнне сапраўды талерантнага беларускага грамадства — на справе, а не на словах.