Ліпень 29, 2015

Голыя жанчыны — мёртвыя мужчыны: наведвайце ў Мінску выставу пра нацысцкую дыскрымінацыю

У Мінску працуе выстава работ швейцарскага мастака Дэніэля Эйзенхуда. Мадэлямі для малюнкаў сталі беларусы — прадстаўнікі тых груп, якія падчас Другой сусветнай вайны падвяргаліся ганенням.

Gaypress, Альгуня Камягіна, фота makeout.by

Арт-праект «Ружовы трохкутнік», у межах якога адбываецца выстава, — гэта спроба не толькі канструявання і дэканструкцыі нормаў, а шчэ і напамін аб трагічных падзеях Другой сусветнай вайны.

— Дык, што такое норма? — спытаў у прысутных Дэніэль Эйзенхуд і сам адказаў. — Я не ведаю, але вы можаце самі над гэтым паразважаць і прыйсці да нейкай высновы. Ці не прыйсці.

Аўтар прапанаваў паспрабаваць здагадацца, да якой сацыяльнай групы належаць намаляваныя ім людзі і пакінуць адмысловыя рознакаляровыя трохкутнікі на пластыкавых экранах каля карцін. Ці не пакінуць і напісаць, чаму выбраць нейкую групу было цяжка.

Кожнаму колеру адпавядае свая асаблівая супольнасць, якая знішчалася ў Германіі падчас фашысцкай улады: габрэі, гомасэксуалы, людзі з інваліднасцю, камуністы, людзі розных этнасаў і так далей.

20150728_pink_triangle2

Адметна, што экспазіцыя паўстала літаральна за некалькі дзён да афійцыйнага адкрыцця. Справа ў тым, што Дэніэль у Беларусі ўжо два тыдні. Прыехаў мастак па запрашэнні праваабарончага цэнтра «Ідэнтычнасць» і ініцыятывы «ToBeQueer». Менавіта два тыдні спатрэбілася мастаку, каб намаляваць чорна-белыя графічныя карціны, якія і былі выстаўленыя. Мадэлямі сталі беларусы — прадстаўнікі тых сацыяльных груп, якія падчас Другой сусветнай вайны падвяргаліся ганенням.

Тыя, хто два тыдні працаваў з мастаком, таксама былі на выставе.

— Ну, што, гледачы здагадаліся хто ты? — пыталі яны адзін у аднаго. А колькасць розных трохкутнікаў каля карцін ўсё павілічвалася.

Выстава складаецца з дзвюх частак: серыі работ — графічных малюнкаў людзей-мадэляў розных ідэнтычнасцяў і серыі «Голыя жанчыны — мёртвыя мужчыны» — рэтраспектывы дзіцячых успамінаў мастака аб дакументальных фотаздымках, зробленых у канцэнтрацыйных лагерах.

Ружовы трохкутнік — адзін з найбольш пазнавальных сімвалаў супольнасці лесбіянак, геяў, бісэксуалаў і трансгендэраў, а таксама руху ў падтрымку правоў чалавека ў дачыненні да іх.

20150728_pink_triangle3

У часы нацысцкай Германіі такі сімвал выкарыстоўваўся для ідэнтыфікацыі ў канцлагерах гомасэксуалаў. Сэкс паміж мужчынамі лічыўся злачынствам і крымінальна пераследваўся ў Трэцім рэйху. У канцы 1930-х гадоў урад нацысцкай Германіі пачаў рэалізацыю праграмы так званай «чысткі» нямецкага грамадства ад «непажаданых элементаў». Пачаліся масавыя арышты прадстаўнікоў розных груп і адпраўка іх без суда і следства ў канцлагеры пад так званы ахоўны арышт, дзе была распрацавана спецыяльная сістэма пазнак для зняволеных. Праз некалькі дзесяцігоддзяў новае пакаленне геяў і лесбіянак стала выкарыстоўваць гэты сімвал для ўшанавання памяці аб трагічным мінулым, маніфестацыі барацьбы за правы чалавека і выражэння надзеі на новую эру свабоды, адкрытасці і гонару.

→Как нацисты преследовали гомосексуалов: в Нью-Йорке открылась выставка

Другая частка выставы таксама звязана з вайной. Але гэта дзіцячыя ўражанні ад страшных фотаздымкаў з канцэнтрацыйных лагераў таго часу.

— Я сам габрэй, але мне было не зразумела, чаму не кажуць аб астатніх ахвярах, для мяне гэта была магчымасць вярнуць памяць пра іх, — расказаў прысутным Дэніэль.

Выстава працуе да 2 жніўня. Уваход на выставу і мерапрыемствы вольны. Дзейнічае ўзроставае абмежаванне — 18+. Час працы — з 12:00 да 22:00. Месца: прастора ЦЭХ (Кастрычніцкая, 16).