Кастрычнік 20, 2015

Культурніцкая канферэнцыя ЛГБТ у Будапешце

Другая частка сёлетняй міжнароднай канферэнцыі культурніцкай сеткі ЛГБТ (ILGCN) адбылася 16-18 кастрычніка 2015 у Будапешце (Вугоршчына). Некалькі дзясяткаў музыкантаў, мастакоў, артыстаў, журналістаў і рэдактараў з ЛГБТ супольнасці ўзялі ўдзел у мерапрыемстве. Акрамя венгерскіх дзеячоў культуры, канферэнцыю наведалі ўдзельнікі з Швецыі, Нарвегіі, Нямеччыны, Канады і Беларусі.

Gaypress.eu

Актыўныя абмеркаванні адбыліся пасля шэрагу прэзентацыяў на тэму мовы варожасці ў СМІ і яе трагічных наступстваў, уліку ЛГБТ спецслужбамі таталітарных рэжымаў, рэпрэсіяў ЛГБТ нацыскім рэжымам, а таксама сучаснымі рэлігійнымі дэспатыямі, заканадаўчага ўціску і, як след, пераследу ЛГБТ у Расіі. Адмысловая лекцыя была прысвечаная ўнёску кампазітараў з ЛГБТ-супольнасці.

Гісторыю стварэння культурніцкага ЛГБТ руху прадставіў міжнародны сакратар ILGCN Біл Шылер (Швецыя).

Падчас канферэнцыі адбылася прэзентацыя дакументальных фільмаў “Па-за Іранам. Нежаданыя сыны і дочкі Ірану” (рэж. Фарыд Хаерынежад) і “Паляваныя ў Расіі” (рэж. Бэн Стыл, Вялікабрытанія).

20151021_Bud3-panorama

Культурніцкая канферэнцыя была ўзбагачаная музычнымі кампазіцыямі з Венгрыі і Швецыі, а таксама перфомансам і дэкламаваннем вершаў удзельнікамі з Швецыі, Канады і Беларусі.

Удзельнікі канферэнцыі аднагалосна падтрымалі зварот да венгерскіх уладаў з заклікам забяспечыць роўныя правы і спыніць праявы дыскрымінацыі ў дачыненні да дзеячоў культуры, што прадстаўляюць розныя сацыяльныя групы пад уціскам, у тым ліку этнічныя меншасці (цыганы, габрэі) і ЛГБТ.