Сакавік 21, 2016

«Для маёй маці і сястры я псіх». Гутарка з трансгендарнай беларускай.

У большасці тыя трансгендары, якія асмельваюцца прызнацца ў сваёй асаблівасці, губляюць сям’ю.

Людзі баяцца і ўспрымаюць агрэсіўна тое, пра што не ведаюць, што ім незразумела. Яны не адрозніваюць, напрыклад, сэксуальную арыентацыю ад гендарнай ідэнтычнасці — для большасці гэта адно і тое ж.

Маёй маці і сястры не мае сэнсу нешта даводзіць: усё адно я псіх і мяне трэба лячыць. Не варта і казаць пра тое, як мне было страшна, якой пачварай я сама сябе лічыла, пакуль не пачала па кроплі здабываць інфармацыю.

 

«Спачатку былі сігналы»

Ні мае бацькі, ні сястра, ні сябры — ніводзін чалавек з майго мінулага жыцця не пагадзіўся прыняць мяне такой, якая я ёсць. Але самая вялікая праблема трансгендараў не ў тым, што іх не прымае грамадства, а што яны самі не могуць прыняць сябе. Я здолела прыняць сябе тры гады таму, мне было 29. Варта было зрабіць гэта раней, але ўжо як сталася.

Нельга сказаць, што я адразу зразумела, што ва мне не так — былі нейкія асобныя сігналы. Напрыклад, я вельмі не любіла хадзіць у цырульню, а хацела мець даўгія валасы, як у маёй малодшай сястры. І я не разумела, чаму нас апранаюць па-рознаму. Але ніякіх пытанняў не задавала — стала ўпотай апранацца ў дзявочае, калі заставалася адна. Мяне цікавілі гульні, якія прынята лічыць дзявочымі: «класікі», «гумкі», «дочкі-маткі». Хлопцы гулялі ў «ножык» альбо «квадрат», але гэта не было мне цікава.

Кожны дзень я бачыла сваю сястру і параўноўвала нас, зайздросціла ёй. З часам, праз душэўны боль, праз непаразуменне, што гэта ў мяне паміж ног, і іншыя вельмі інтымныя моманты, я разумела, што хачу быць дзяўчынкай. Нават калі я, нарэшце, здолела прызнацца сабе ў гэтым, то працягвала ўтойваць свае думкі. У маім дзяцінстве былі і спробы самагубства, і прымусовае лячэнне ў «псіхушцы»… Мне было вельмі страшна.

 

«Жанчына ўнутры мяне нікуды не знікала»

Калі я пасталела і зразумела, што з мяне не атрымліваецца дзяўчынка, я вырашыла стаць хлопчыкам. На працягу доўгага часу рабіла спробы жыць «мужчынскім» жыццём. Спрабавала пагасіць унутраны разлад алкаголем, як гэта робяць бадай што ўсе знаёмыя мне трансгендары.

Але ўрэшце ўцяміла, што гэта не мае сэнсу. Колькі б я ні намагалася, жанчына ўнутры мяне нікуды не знікала. І не ператваралася ў мужчыну, як таго патрабавалі стэрэатыпы грамадства вакол мяне.

Самыя блізкія часцей за ўсё не хочуць прыняць чалавека такім, які ён ёсць, бо гэта патрабуе вельмі вялікіх намаганняў. Бацькі не ведаюць і не хочуць ведаць сваё дзіця. Нават калі сын збярэ ўсю рашучасць і скажа маці: «Я адчуваю сябе дзяўчынкай», тая часцей за ўсё адкажа: «Ну і выдатна, ідзі памый посуд». У пераважнай большасці тыя трансгендары, якія здзяйсняюць камін-аўт, асмельваюцца прызнацца ў сваёй асаблівасці, губляюць сям’ю.

Шмат год я пакутавала на глыбокую дэпрэсію, ненавідзела сябе і штодня займалася самакатаваннем. Калі я перастала хавацца і стала шчырай сама з сабой, штодня сутыкалася з тым, што на мяне глядзяць як на жывёлу ў заапарку. Але я зразумела вельмі важную рэч: тое, што людзі не прымаюць мяне — гэта не мая праблема. Гэта іх праблема. Цяпер мне ўсе роўна, што пра мяне думаюць і як глядзяць.

Я не хачу хавацца. Хачу быць адкрытай і разбураць стэрэатыпы, паказаць, што, акрамя чорнага і белага, ёсць іншыя колеры. Хачу, каб усе ведалі, што ёсць такія людзі, як я, ставіліся адзін да аднаго больш акуратна. І не рабілі спешных высноваў.

 

«Часам гэта выглядае брыдка»

Быць дзяўчынкай — не значыць мець жаночыя палавыя прыкметы.

Акушэрскі пол прызначаюць пры нараджэнні на падставе гэтых прыкмет, але відавочна, што гэтага мала. Нікому не прыходзіць у галаву рабіць немаўляці медыцынскія тэсты і аналізы на выяўленне гендарнай прыналежнасці. Гэткія методыкі скарыстоўваюцца, напрыклад, крыміналістамі, і яны значна больш дакладныя. Сапраўды, існуе шмат дзяўчат з нулявым памерам грудзей (лічы — без іх), дык што — яны тады не жанчыны?

Для мяне наяўнасць нейкіх палавых прыкметаў не з’яўляецца вызначальнай. Сярод маіх знаёмых досыць людзей, што не падобныя да ўсіх астатніх. Мне дастаткова таго, што чалавек кажа, напрыклад: «Звяртайся да мяне як да мужчыны (ці жанчыны)». Мне лёгка гэтак зрабіць, і дзіўна, чаму пераважнай большасці людзей у нашым грамадстве — цяжка.

Адзенне і ўвогуле выгляд насамрэч не грае значнай ролі ў дадзенай сітуацыі. Так, з маленства я адчуваю сябе больш камфортна ў спадніцы ці сукенцы, але гэта не абавязковы мой атрыбут. Шмат хто з трансгендарных жанчын так правакацыйна падкрэслівае сваю жаноцкасць вопраткай і макіяжам, што гэта выглядае амаль брыдка. Я не разумею, навошта штодзень скарыстоўваць кілаграм касметыкі — гэта ж шкодна для скуры! Лічу, што макіяж мусіць быць незаўважным. Апранаюся так, каб мне было ўтульна. Мне даўно зразумела, што нікому нічога не трэба даводзіць. Я адчуваю сябе ўпэўнена.

 

«Я пазбягаю пралетарскіх раёнаў»

Я пазбягаю людных месцаў, напрыклад, рынкаў, і «пралетарскіх» раёнаў кшталту Каменнай Горкі. Навошта правакаваць людзей і шукаць прыгод на сваю галаву?

Таксама мне прасцей рабіць закупы ў крамах, дзе «савецкі» сэрвіс і прадаўцы не зважаюць на цябе.

Раней здараліся, вядома, розныя выпадкі, калі, напрыклад, я ў аддзеле жаночай вопраткі задаю нейкае пытанне — а прадавец пачынае мяне распытваць, якія рост і вага ў маёй дзяўчыны. «Ці вы мяне не бачыце?» — казала. Трэба зазначыць, што часцей персанал рэагуе хутка і далей дапамагае без пытанняў. А што яны там думаюць, калі я сышла, мяне не хвалюе. Гэта ўжо не мае праблемы.

 

«Зарабляю, робячы рамонты»

Мая асаблівасць ніяк не перашкаджае мне зарабляць грошы. Я раблю рамонты. Працую адна, бо ў кампаніях мне вельмі некамфортна, найперш, удзельнічаць у абмеркаваннях, хто колькі выпіў і хто колькі дзевак меў.

Замоўцам усё роўна, хто будзе рабіць ім рамонт — галоўнае, каб ён быў зроблены добра.

У мяне шмат кантактаў сярод ЛГБТ-супольнасці. Трансгендараў сярод іх вельмі мала, але я ведаю, можа, каля сотні чалавек у Мінску і іншых гарадах Беларусі — як дзяўчат, так і хлопцаў. Большасць з іх хаваюцца ад соцыуму і, найперш, ад сябе.

Склалася так, што блізкіх сяброў у мяне не было і няма. Але ёсць нейкае кола, у ім прыкладна палова трансгендараў і палова тых, чый бiялагічны і сацыяльны пол супадаюць.

У Мінску мала месцаў, дзе я магу адпачыць, але яны ёсць. Я часцяком бываю ў кінаклубе часопіса «Мэйкаут», часам праводзяцца тэматычныя вечарыны ў сталічных клубах. Ёсць месцы, дзе зычліва ставяцца да людзей, што належаць да ЛГБТ, але іх вельмі мала. На жаль, мы жывем не ў Еўропе і нават не ў Маскве, дзе дастатковы выбар месцаў, у якіх можна бавіць час людзям з самымі рознымі запатрабаваннямі. Нядаўна ў Мінску прайшоў квір-фестываль. На ім было нададзена шмат увагі хатняму гвалту, фемінізму, гомасэксуальным адносінам — але ж пра гэтыя праблемы ўжо даўно і ўсім вядома. Пра трансгендараў жа не было сказана ніводнага слова! Быццам нас няма…

Часам я гляджу тэматычнае кіно і разумею: яно знята сорак ці пяцьдзясят год таму. Пяцьдзясят! Гэта той тэрмін, на які мы адстаем ад еўрапейскіх краін у гендарных пытаннях. Але ў мяне няма думак некуды з’ехаць, бо трансгендарам усюды жывецца аднолькава, і ад краіны гэта не залежыць.

Агулам можна сказаць, што наша грамадства спрабуе мяняцца і больш талерантнае да ЛГБТ-людзей, чым, скажам, у Расіі.

Я адчуваю патрэбу ў стварэнні супольнасці для трансгендарных людзей. Тут трэба і дапамога, і кансультацыі, і падтрымка — псіхалагічная, медыцынская.

Важная задача — інфармаванне грамадства пра тое, што мы ёсць, што мы звычайныя людзі, якім трохі меней пашчасціла ў жыцці, чым астатнім.

Таксама патрэбны крызісны цэнтр, бо трансгендары значна часцей церпяць гвалт з самых розных бакоў.

 

 

Інтымнае

Для мяне было б ідэальна выйсці замуж за трансгендарнага хлопца. Я не выключаю магчымасці, што і генетычны мужчына можа ў мяне закахацца, зразумець і прыняць. Але гэтая верагоднасць значна меншая, да таго ж, трансгендару зразумелыя ўсе мае асаблівасці і нічога не трэба тлумачыць. Я ведаю адну такую пару, яны жывуць у Маскве, вядуць супольны бізнэс і цалкам шчаслівыя.

Па шчырасці, здараюцца гісторыі, калі трансгендарныя дзяўчаты пасля працяглага лячэння і серыі хірургічных аперацый уступаюць у сталыя адносіны з генетычнымі мужчынамі, і тыя не здагадваюцца пра іх мінулае. Але гэта небяспечна. Быў выпадак, калі муж дазнаўся, што яго жонка не заўсёды была такой, і проста забіў яе сякерай.

У мяне ёсць безумоўны настрой на тое, што ўсё будзе добра. Калі ён ёсць — нічога благога не здараецца, я ведаю гэта дакладна. Што тычыцца здзіўленых позіркаў і павялічанай увагі — дык заўсёды людзі, што адрозніваюцца ад стэрэатыпу, будуць іх прыцягваць. Бабуля-фрык у чырвоных панчохах і ў зялёным капелюшы, ці маладая дзяўчына з ружовымі валасамі, ці я ў спадніцы.
Сёння ў Беларусі няма зарэгістраваных ЛГБТ-арганізацый. Упершыню такая арганізацыя ў Беларусі (Беларуская Ліга «Лямбда») была створана ў 1998 годзе ў Мінску. У 1999 годзе Міністэрства юстыцыі адмовіла БЛЛ у рэгістрацыі. Арганізацыя праіснавала да 2005 года. Пасля неаднаразова адбываліся спробы зарэгістраваць ЛГБТ-арганізацыю афіцыйна, але ніводная не ўдалася.

ЛГБТ – абрэвіятура, якая абазначае лесбіянак (Л), гомасэксуалаў (Г), бісэксуалаў (Б) і трансгендараў (Т). Беларусь у рэйтынгу цярпімасці да ЛГБТ знаходзіцца на 135 месцы з 194 краін свету.

Автор Яна Ласка. Наша Ніва