Жнівень 11, 2016

Мы атрымалі ганаровы дыплом Міжнароднай культурніцкай сеткі ЛГБТ

Беларуская группа журналістаў ЛГБТ, у тым ліку Gaypress, адзначаныя ганаровым дыпломам Міжнароднай культурніцкай сеткі ЛГБТ (ILGCN). Дыплом дадзены ў “2016 за выдатную расследвальніцкую журналістыку па тэматыцы ЛГБТ” і носіць імя Роджэра Кейсмента “Чорныя дзённікі”. Мы дужа радыя за такую высокую адзнаку працы журналістаў нашай группы! 🙂

 Gaypress                                        

Урачыстае ўзнагароджанне адбылося напрыканцы ліпеня 2016 года ў Варшаве падчас Чацвёртай Школы талерантнасці для журналістаў – 2.0.
Генеральны сакратар Міжнароднай культурніцкай сеткі ЛГБТ сп. Біл Шылер адзначыў і падзякаваў ад імя сеткі сябрам Беларускай групы журналістаў ЛГБТ:

  • за дапамогу ў барацьбе з дыскрымінацыяй і пераследам прадстаўнікоў ЛГБТ-супольнасці ў беларускіх СМІ,

  • за расповеды пра барацьбу ў іншых краінах у абарону ЛГБТ-ідэнтычнасці, культуры і правоў чалавека,

  • за дэманстрацыю ўзору журналістыкі ў друкаваных, вяшчальных і анлайн СМІ – магутнай сіле па барацьбе супраць замоўчвання, ігнаравання, неталерантнасці і гамафобіі,

  • за дапамогу ў пераадоленні псіхалагічных і геаграфічных межаў дзеля ўзмацнення міжнароднай ЛГБТ-супольнасці.

 

Сп. Шылер паведаміў, што гэта першы дыплом у гісторыі Міжнароднай культурніцкай сеткі ЛГБТ (ILGCN) у такой намінацыі, а таксама падкрэсліў, што хоць дыплом не падмацоўваецца фінансавай узнагародай, ён уручаецца з залатымі словамі прызнання за добра зробленую працу.

Дыплом названы ў гонар твора Роджэра Кейсмента пад назвай “Чорныя дзённікі”. Спадар Кейсмент быў ірландскім гамасэксуалам, міжнародна вядомым барацьбітом за правы чалавека, які змагаўся, рызыкуючы сваім жыццём і здароўем, паведамляючы пра масавыя забойствы мясцовага насельніцтва падчас каланізацыі Конга і Перу. Яго пазбавілі ўсіх узнагарод і пачэснага тытулу “сэра” пасля арышту за падтрымку ірландцаў у іх барацьбе з брытанскімі акупантамі.

Сп. Кейсмент быў павешаны на шыбеніцы брытанцамі роўна сто год таму, 3 жніўня 1916 г.

У прыватных “Чорных дзённіках” сп. Кейсмент распавядае пра некаторыя са сваіх амурных гамасэксуальных прыгодаў. Публікацыя гэтых дзённікаў у брытанскай прэсе разбурыла апошнія шанцы сп. Кейсмента на апеляцыі супраць смяротнага пакарання.