Знакамітыя геі Беларусі: выйшла кніга па гісторыі гомасэксуальнасці ў Беларусі

Малады гісторык Уладзімір Валодзін выдаў тыражом у 600 асобнікаў кнігу «Квір-гісторыя Беларусі другой паловы ХХ стагоддзя: спроба набліжэння». Распаўсюджваецца яна бясплатна.


НН

Гэта першая падобная праца, якая спрабуе аб’яднаць пад адной вокладкай ЛГБТ-гісторыю Беларусі ад сівых часоў да нашых дзён. Аўтар адзначае, што за апошнія гады з’явіліся вельмі грунтоўныя даследаванні на зададзеную тэму ў Польшчы, Чэхіі, Румыніі, краінах Балтыі.

Кніга Валодзіна не прэтэндуе на акадэмічнасць, аднак усё адно звяртае ўвагу як першая на такую тэму.

Перш чым акунацца ў рэаліі ХХ стагоддзя, гісторык зрабіў невялікі прыпынак у мінулым. У Статуце ВКЛ за 1588 год ніякіх пакаранняў за гомасэксуальныя дзеянні не прадугледжваліся, такія справы аддаваліся на водкуп царкве.

Праваслаўная царква таксама не была строгай. «Мужаложцаў» максімум адлучалі ад царквы на пяць гадоў, а вось за «чужаложства» палюбоўніка і жонку маглі пакараць нават смерцю.

Увогуле тагачасныя ВКЛ і Масковія былі вельмі ліберальнымі ў стаўленні да гомасэксуалаў. Тут не было масавых пераследаў «садамітаў», у адрозненне ад Заходняй Еўропы.

Януш Сангушка.

У тагачасных пісьмовых крыніцах можна было знайсці згадкі пра гомасэксуальнасць некаторых магнатаў. Адным з такіх мог быць Януш Аляксандр Сангушка (1712—1775), які жыў у рэзідэнцыі ў Дубне. Берасцейскі кашталян Марцін Матушэвіч пісаў пра Сангушку: «Па смерці свайго бацькі, князя Паўла Сангушкі, вялікага маршалка ВКЛ, пусціўся ва ўсялякія свавольствы — асабліва ўжываў мужчын для сваіх залётаў».

Вінцэнт Тышкевіч.

Граф Вінцэнт Тышкевіч (1757—1816) любіў апранацца ў жаночае адзенне. «Гаспадар праводзіў раніцу за імшой, а вечар — на канапе ў чапцы і мантэльцы [w mantelce], абмахваючыся веерам», — пісаў пра яго пісьменнік Юльян Нямцэвіч.

Крымінальная адказнасць за «мужаложства» была ўведзеная з уключэннем нашых земляў у склад Расійскай Імперыі. У 1835 годзе ў Звод крымінальнай законаў уведзены артыкул 677 («Мужаложства»). Праўда, ужываўся ён дастаткова рэдка.

Помнік Мікалаю Румянцаву ў Гомелі.

Да іншых вядомых гомасэксуалаў, якія звязаныя з нашымі землямі, аўтар адносіць графа Мікалая Румянцава, якога цяпер шануюць у Гомелі, рэдактара польскага часопіса «Культура» Ежы Гедройця, які нарадзіўся ў Мінску.

У найноўшы перыяд, піша аўтар, гісторыя гомасэксуальнасці часцей пераўтвараецца ў гісторыю гамафобіі.

30 красавіка 1934 года ў Крымінальны кодэкс БССР быў уведзены артыкул 235: «Палавыя зносіны мужчыны з мужчынам (мужаложства) — пазбаўленне свабоды на тэрмін ад трох да пяці гадоў. Мужаложства з прымяненнем гвалту або са скарыстаннем залежнага становішча пацярпелага — пазбаўленне свабоды на тэрмін ад пяці да васьмі гадоў». Ад 1961 года «мужаложства» каралася артыкулам 119 КК.

Падаюцца цікавыя лічбы па колькасці асуджаных у БССР па артыкуле 119 ад 1961 года да 1991. Найбольшая колькасць асуджаных прыпала на 1977 год — аж 49 чалавек, у 1983 годзе — 37, у 1976 — 36.

Уладзімір Валодзін кажа, што невядомыя выпадкі, каб нехта з асуджаных па артыкуле «мужаложства» ставіў пытанне пра рэабілітацыю, а таксама кампенсацыю за зняволенне.

Вялікі раздзел у кнізе прысвечаны тэме лекавання гомасэксуальнасці за савецкім часам. Доктар Абрам Свядашч даваў сваім «пацыентам» апамарфін, сродак, які выклікае ваніты, а потым паказвалі фатаграфію партнёра ці гомасэксуальныя адносіны. Нярэдка выкарыстоўвалася «карная медыцына», як і супраць савецкіх дысідэнтаў.

Ананімны псіхіятр з Мінску расказаў, што пацыентам-гомасэксуалам прапісваліся транквілізатары, нейралептыкі. Хаця самі дактары разумелі, што гэта не лечыцца, але ўлады прымушалі «лячыць».

Аказваецца, у другой палове 1980-х папулярнасцю ў Мінску сярод гомасэксуалаў карысталіся прыбіральні аўтавакзала «Цэнтральны» і дыспетчарскай станцыі «Дружная», лазня на вуліцы Маякоўскага, пэўныя лавы ў парку Чалюскінцаў і Панікоўцы. Месцамі, дзе можна было атрымаць гомасэксуальны досвед, былі войска і турма. Праўда, у апошнім выпадку зусім не па каханні.

Ад пачатку 1990-х тэмаў гомасэксуальнасці выходзіць на старонкі беларускіх выданняў. У 1994 прайшла дэкрыміналізацыя артыкулу 119.

Сталі ўзнікаць першыя гей-клубы: «Сустрэча», «Оскар», «Вавілон», «Драма», «Нарцыс», «Люцік», «Буфет ёё». Некаторыя з гэтых установаў паслядоўна займалі будынак па адрасе Партызанскі праспект, 6а.

Адным з яркіх прыкладаў гамафобнага гвалту Уладзімір Валодзін называе забойства ў 2001 годзе дырэктара клуба «Оскар» Івана Сушынскага.

Аўтар абяцае даследваць гэтую тэму і надалей. Так што «Квір-гісторыя Беларусі» можа стаць толькі першым выданні ў серыі.