Ерусалімская піцэрыя атрымала штраф $4500 за адмову абслугоўваць гея

время чтения: 2 мин

Гомасэксуальны студэнт школы равінаў Сэмі Кантар перамог у судзе ў справе супраць Ерусалімскай піцэрыі

Паводле судовага вердыкту, піцэрыя “Бэн Ягуда” ў Ерусаліме мае выплаціць 4500 даляраў ЗША пацярпеламу боку за адмову абслугоўваць гомасэксуальнага мужчыну, які быў апрануты ў вясёлкавую цішотку.

Канфлікт здарыўся падчас гарадскога прайду ў жніўні 2018 года.

Гомасэксуальных мужчынаў вытурылі з піцэрыі

Пацярпелы Кантар узгадвае: “Пасля таго, як мы зайшлі ў піцэрыю, яе супрацоўнік прывітаў нас і раздаў меню. Аднак яго стаўленне рэзка памянялася пасля таго, як ён зірнуў на маю майку. Ён спытаў, ці мы не геі. Пасля станоўчага адказу з нашага боку ён проста сказаў: “Вымятайцеся адсюль!””

Студэнт падаў у суд на піцэрыю за дыскрымінацыйнае стаўленне і праз паўгода пасля здарэння Ерусалімскі суд дробных цяжбаў прыняў рашэнне на карысць заяўніка.

Паводле Цэнтру рэлігійных дзеянняў Ізраіля, суд загадаў піцэрыі сплаціць Кантару 16000 шэкеляў (4500 даляраў) у якасці кампенсацыі маральнага ўрону.

У сваім звароце Кантар заўважыў: “Я не мог паверыць у тое, што стаўся ахвярай дыскрымінацыі за сваю існасць у месцы, дзе ўсе габрэі маюць пачувацца як дома. Я з гонарам узяўся за публічнае разбіральніцтва, каб прадпрымальнікі даведаліся, што падобныя паводзіны непрымальныя, а таксама каб тыя, хто баіцца быць самім сабою зразумелі, што яны прымаюцца ў гэтым краі. Пасля перамогі ў судзе я адчуваю сваю сапраўдную прыналежнасць да гэтай зямлі, ведаючы, што дыскрымінацыя паводле сэксульнай арыентацыі сапраўды тут па-за законам”.

Людзі ЛГБТ+ маюць антыдыскрымінацыйную абарону ў Ізраілі ды нячаста прыбягаюць да яе

Актывісты ЛГБТ+ кажуць, што гэты кейс – важны тэст на прымяненне антыдыскрымінацыйных законаў у Ізраілі.

Дыскрымінацыя паводле сэксуальнай арыентацыі пераследуецца па законе з 2000 года ў гэтай краіне, аднак гамафобныя погляды ўсё яшчэ дамінуюць у некаторых частках ізраільскага грамадства і дадзеныя прававыя нормы рэдка прымяняюцца на практыцы.

Прадстаўнік Цэнтру рэлігійных дзеянняў Ізраіля Анат Хофман паведаміў у праграме рэлігійных навінаў: “У Ізраілі існуе выдатнае антыдыскрымінацыйнае заканадаўства, але часта гэта — “цягліца”, якая бяздзейнічае. Калі людзі не атрымоўваюць па руках за праяўленне свайго фанатызму, яны працягваюць быць фанатыкамі. Падобныя судовыя справы прымушаюць гэтую “цягліцу” працаваць і ўдасканальваюць грамадства”.

Пра-Ізраільская арганізацыя ЛГБТ+ “Шырэйшы мост” дадала: “Гэта нагадка аб тым, што дыскрымінацыя паводле сэксуальнай арыентацыі ў Ізраілі па-за законам, і што існуюць прававыя наступствы за гамафобныя дзеянні. Мы віншуем Сэмі і шырокую ізраільскую ЛГБТК+ супольнасць з гэтай важнай перамогай”.

Паводле https://www.pinknews.co.uk/2019/02/27/jerusalem-pizzeria-fined-4500-refusing-serve-gay-man/