Мальта – найлепшае месца для адпачынку ЛГБТ-падарожнікаў у Еўропе

время чтения: 2 мин

Мальта апынулася чацвёрты раз запар наверсе штогадовага рэйтынгу “Вясёлкавай Еўропы” ад ILGA-Europe, у які ўваходзяць 49 краінаў кантыненту.

Рэйтынг грунтуецца на наяўнасці законаў і правапрымяняльнай практыкі, якія гарантуюць роўныя правы прадстаўнікам ЛГБТ-супольнасці. Кожная краіна атрымоўвае пэўную колькасць адсоткаў ад 1 да 100 на падставе звестак у шасці катэгорыях: роўнасць і недыскрымінацыя, сям’я, злачынствы на глебе варожасці і мова варожасці, прававое прызнанне гендарнай прыналежнасці, асабістая недатыкальнасць, забяспечанае месца ў грамадзянскай супольнасці і права на атрыманне статусу ўцекача.

“Разглядайце “Вясёлкавую Еўропу” як вашу мапу для падарожжаў! Мы ведаем, што патрэбна, і формула поспеху  відавочная: наяўныя законы і іх належнае прымяненне. Мае значэнне палітычнае кіраўніцтва. Дадайце да гэтай сумесі канструктыўнае ўзаемадзеянне ўладаў з кам’юніці і грамадзянскай супольнасцю, і вы атрымаеце рэальныя пазітыўныя змены ў жыцці людзей ЛГБТ,” – падкрэсліў сустаршыня ILGA-Europe Дарыян Флемінгтан.

Мальта набрала 90 адсоткаў. На другім месцы сёлета апынулася Бельгія з 73 адсоткамі. Трэцяе месца заняў Люксембург, дасягнуўшы значных поспехаў у галіне гендарнай ідэнтычнасці і бацькоўскіх правоў для людзей ЛГБТ+. Усяго толькі за год гэта дзяржава скокнула з 20 на 3 месца ў рэйтынгу “Вясёлкавай Еўропы”.

Беларусь заняла 43 месца ў рэйтынгу з 13 адсоткамі, абагнаўшы Сан-Марына, Манака, Расію, Арменію, Турцыю і Азербайджан. Апошні набраў 3 адсоткі са ста магчымых.

Мальта першай у Еўразвязе забараніла рэпаратыўную тэрапію

Дыскрымінацыя прадстаўнікоў ЛГБТ-супольнасці была забароненая на Мальце ў 2004 годзе, а ў 2016 годзе гэта краіна сталася першай дзяржавай у Еўразвязе, дзе была афіцыйна забаронена канверсійная, або рэпаратыўная тэрапія.

У 2014 годзе Мальта сталася першай еўрапейскай дзяржавай, якая дадала гендарную ідэнтычнасць у якасці абароненай катэгорыю ў сваю канстытуцыю. Шлюбы і прыёмнае бацькоўства таксама ўзаконеныя для ЛГБТ-людзей у гэтай краіне.

“Мальтыйцы карыстаюцца высокай рэпутацыяй за сваю дабрыню і выдатную гасціннасць. Гэта абсалютным чынам адлюстроўваецца ў тым, як яны вітаюць усіх падарожнікаў на востраве, уключна з ЛГБТ+,” – паведаміў прадстаўнік Мальтыйскага міністэрства турызму Пётра Вэла ў сваім інтэрв’ю брытанскай газеце The Independent.

“Мальта мае ўнікальную традыцыйную і гістарычную культуру, якая спалучаецца з сучасным і прыязным стаўленнем да падарожнікаў ЛГБТ+. Наш народ працягвае надаваць ўражвальны прыклад для пераймання іншым краінам Еўропы,” – дадаў спадар Вэла.

Паводле: https://www.pinknews.co.uk/2019/05/21/maltabesteuropeanholidaydestinationlgbttravellers/