Прайд-парад 2019 у Бялградзе – разняволеная атмасфера свята

15 верасня 2019 года ў Бялградзе адбыўся чарговы гарадскі прайд-парад пад лозунгам «Не адракаемся сябе!».

Напярэдадні святочнага шэсця жадаючыя мелі магчымасць наведаць праваабарончую канферэнцыю і форум па пытаннях недыскрымінацыі ЛГБТ-супольнасці, а таксама адарвацца ў начных клубах і культурна ўзбагаціцца падчас разнастайных тэматычных выставаў і спектакляў у сербскай сталіцы.

Упершыню ў гісторыі Сербіі на прайд-парад наведалася прэм’ер-міністарка гэтай краіны, адкрытая лесбійка Ганна Брнабіч. https://ru.wikipedia.org/wiki/Брнабич,_Ана

Ганна Брнабiч ў чырвоным пінжаку

Маршрут прайд-параду склаў некалькі кіламетраў. Каля 2000 удзельнікаў прайшлі маршам паўз цэнтр Бялграда, паслухалі прамовы праваабаронцаў ля прыступак сербскага Парламента – Скупшчыны за роўнасць ЛГБТ-грамадзянаў і далучыліся да святочнага канцэрту ў адным з цэнтральных паркаў сербскай сталіцы.

Не абыйшлося і без лыжкі дзёгця. Каля сотні апантаных рэлігійных фанатыкаў сабраліся на анты-прайдаўскі пікет ля Скупшчыны. Аднак падчас праходжання “вясёлкавай” калоны яны захоўвалі поўнае маўчанне. Таксама пасля праходжання калоны даволі гамафобная сербская паліцыя не прапускала нікога ў парк на прайд-вечарыну, стварыўшы кардон на адлегласці каля 300-400 метраў ад месца правядзення імпрэзы. У мэтах бяспекі.

Так ці іначай, свята ўдалося. Сотні разняволеных, шчаслівых твараў удзельнікаў прайд-параду таму прамое сведчанне.

Цікавая акалічнасць: Бялград увайшоў у шорт-ліст гарадоў, якія былі намінаваныя на правядзенне Еўрапрайду ў 2022 годзе.

КАРОТКІ ПАРАДНІК ДЛЯ БУДУЧЫХ УДЗЕЛЬНІКАЎ БЯЛГРАДСКІХ ПРАЙДАЎ

 Сербская віза для грамадзянаў Беларусі не патрэбна на перыяд падарожжа да 30 дзён.

  1. Нацыянальная валюта Сербіі – дынар. Па стане на верасень 2019 года за 1 еўра вы атрымаеце каля 117 дынараў.
  2. Прамыя рэйсы з Мінска ў Бялград тройчы на тыдзень выконвае авіякампанія “Белавія”. Кошт квітка ў два бакі складзе каля 230 еўра ў эквіваленце.
  3. Лёгкі перакус з гастранома – салатка, паніні, бутэлька піва ці сухога чырвонага віна – абыдзецца Вам у 4-5 еўра ў эквіваленце. За вячэру ў кавярні або рэстарацыі ў цэнтры Бялграда давядзецца раскашэліцца на 10-15 еўра.
  4. Варыянты пражывання ў бялградскіх хостэлах пачынаюцца да 8 еўра за суткі ў дормах і 15-20 еўра ў суткі ў бюджэтных гатэлях.
  5. Па цэнтры Бялграда лепш перасоўвацца пешкі, бо ўсе асноўныя цікавосткі і славутасці вы знойдзеце ў крокавай даступнасці ад цэнтру горада.
  6. Вас прыемна здзівіць цішыня мясцовых паркаў.
  7. Варта мець на ўвазе існуючую традыцыю мясцовых актыўна курыць у памяшканнях, а таксама ў грамадскіх месцах.
  8. Карысныя словы па-сербску – “хвала” (дзякуй), “рачун” (чэк, рахунак), “сладолед” (марозіва:).

 

 

UPD. Рашэнне па Еўрапрайдзе 2022 у Бялградзе прынята!

 

А.K. адмыслова для Gaypress.eu