Туркмэнскі гей: у Менску я адчуў свабоду і пачаў прымаць сябе такім, які ёсьць

Туркмэнскі гей, які вучыўся ў Менску, зьвярнуўся на Радыё Свабода, каб расказаць пра цяжкае становішча геяў у яго краіне. Каміль — першы прадстаўнік сэксуальных меншасьцяў у Туркмэністане, які сам зьвярнуўся на Радыё Свабода, каб расказаць сваю гісторыю.

У рэдакцыю туркмэнскай службы Свабоды за апошні год некалькі разоў паступала інфармацыя аб дыскрымінацыі і гвалце адносна прадстаўнікоў ЛГБТ, але мы не маглі ні пацьвердзіць, ні зьяпраўдзіць гэтыя паведамленьні, пагатоў зьвязацца з самімі меркаванымі ахвярамі.

«Зь дзяцінства ведаў, што я гей»

«Добры дзень, мяне завуць Каміль. Я гей. Я зь дзяцінства ведаў, што я гей».

Так пачалося наша знаёмства з 24-гадовым Камілем (імя зьменена). Паводле прафэсіі ён лекар-кардыёляг. Вучыўся ў мэдычным унівэрсытэце ў Менску. Улетку 2018 году вярнуўся на радзіму, у горад Ашгабат. Цяпер працуе ў адной з ашгабацкіх клінік.

Каміль зьвярнуўся на Свабоду з мэтай зрабіць «камінг-аўт», гэта значыць адкрыта заявіць пра тое, што ён прадстаўнік сэксуальных меншасьцяў і стаць першым туркмэнскім геем, які зрабіў такі крок.

Зрабіць гэты ўчынак яго прымусіла сытуацыя зь нецярпімым стаўленьнем да ЛГБТ супольнасьці ў Туркмэністане, дзе да гэтага часу гомасэксуальнасьць караецца паводле крымінальнага заканадаўства, а таксама неразуменьне з боку яго родных.

Радыё Свабода кантактавала з Камілем тры тыдні і на працягу ўсяго гэтага часу ў размовах ён шмат разоў сумняваўся, ці правільна ён робіць, адкрыта расказваючы пра сябе. У рэаліях Туркмэністану гэта можа быць вельмі небясьпечна. У выніку было вырашана не называць яго сапраўднага імя.

Сувязь з Камілем была па адным зь бясьпечных каналаў сувязі.

«Зь дзяцінства я ведаў, што я гей і для мяне гэта было цяжка прыняць. Я рос у вельмі рэлігійнай сям’і. Пасьля школы я паехаў вучыцца ў Менск, паступіў у мэдычны ўнівэрсытэт. У Менску я адчуў свабоду і пачаў прымаць сябе такім, які я ёсьць. 2018-м годзе летам я скончыў вучобу і прыехаў назад у Туркмэністан. Але я ўвесь час думаў зьехаць, бо для такіх, як я, у Туркмэністане жыцьця няма. Пасьля прыезду мне было самотна, і аднойчы праз інтэрнэт я пазнаёміўся з хлопцам. Мы пачалі размаўляць, у нашым анлайн-ліставаньні ён быў вельмі прыемны. Мы вырашылі сустрэцца. Але я ня мог уявіць, як усё павернецца», — распавядае Каміль.