Дэпутат бундэстагу Брунэр: Неабходна зрабіць больш жорсткай адказнасць за гома- і трансфобію

Гома- і трансфобія ў якасці матыву для здзяйснення правапарушэння ў будучыні ў Нямеччыне мусяць мець больш жорсткія меры пакарання, на гэтым настойвае прадстаўнік фракцыі бундэстагу ад Сацыял-дэмакратычнай партыі.

Дэпутат бундэстагу ад Сацыял-дэмакратычнай партыі Нямеччыны і спікер фракцыі гэтай партыі ў пытаннях геяў і лесбіянак Карл-Хайнц Брунэр у панядзелак запатрабаваў зрабіць істотна больш жорсткай адказнасць за злачынствы, нагодай для якіх былі гома- і трансфобія. Падставаю для гэтакай заявы стала ініцыятыва федэральнага міністра юстыцыі Крысціны Ламбрэхт (СДП), што антысеміцкія матывы мусяць быць унесеныя ў Крымінальны кодэкс у якасці асобнага артыкула. Пры гэтым у кодэксе мусіць быць замацавана, што ў дадзеным выпадку асобы здзейснілі больш жорсткае злачынства, таму, адпаведна, мусяць панесці больш жорсткае пакаранне. За гэтакія змяненні ў мінулую пятніцу выказаўся таксама і бундэсрат (верхняя палата нямецкага парламенту – заўв. рэд.).

Калі канкрэтна, то гаворка вядзецца пра параграф № 46. У ім адзначаецца, што “матывы і мэты злачынцы, асабліва з расісцкіх, ксенафобскіх ці іншых антычалавечных нагодаў”, мусяць аказваць  вызначальны ўплыў і на меру пакарання. Пад “іншымі нагодамі” пакуль што толькі дробным шрыфтам узгадваецца сэксуальная арыентацыя.

Брунэр патлумачыў, што ён абедзьвюма рукамі выступае за пашырэнне параграфу, у якім узгдваецца антысемітызм, але запатрабаваў большага: “Падчас перапрацоўкі, з майго прававога гледжання, пад абарону параграфа № 46 Крымінальнага кодэкса павінны быць унесены таксама іншыя сацыяльныя групы. Менавіта на падставе гома- і трансварожых злачынстваў, якія ў нашай краіне апошнім часам зноў маюць усё больш узрастаючы характар, мусіць быць пададзены дакладны сігнал і павінны быць унесеныя адпаведныя заўвагі ў тлумачэнні параграфа № 46 Крымінальнага кодэксу”. Прыняцце гэтакіх змяненняў паспрыяла б “ліквідацыі істотнага юрыдычнага прабелу ў плане абароны гомасэксуалаў і трансгендараў у нашай краіне”.

Нямеччына адстае ад іншых краін ЕС у плане змагання з нянавісцю

Адсутнасць законаў у галіне змагання з нянавісцю ў Федэратыўнай Рэспубліцы Нямеччыне зноў і зноў дэманструе абмежаванасць краіны ў правядзенні нацыянальнай палітыкі адносна ЛГБТІ-супольнасці. Гэтакім чынам, у рэйтынгу ILGA Europe сярод краін Еўропы Нямеччына займае толькі 15-е месца ў галіне талерантнага стаўлення да ЛГБТІ. Гэта звязана з недастатковай абароненасцю перад злачынствамі на глебе нянавісці і ганебнымі выказваннямі. Нямеччына мае тут толькі тры пункты са ста (сярэднестатыстычны пункт тут – 34).

Да таго ж, паліцэйская статыстыка сведчыць пра павелічэнне колькасці злачынстваў, звязаных з нянавісцю да ЛГБТІ. Толькі ў панядзелак паліцыя Берліна заявіла, што ў першых трох кварталах 2019 году параўнальна з адпаведнымі перыядам году папярэдняга зарэгістравана значна больш выпадкаў злачынстваў на глебе нянавісці па прычыне сэксуальнай арыентацыі ці гендарнай ідэнтычнасці.

 

Крынiца