Пасля выступу ў абарону правоў ЛГБТІ: ЗША адклікаюць свайго амбасадара

Амерыканскі дыпламат Дэніэл Фут жорстка раскрытыкаваў судовы вырак у пятнаццаць гадоў пазбаўлення волі для двух гомасэксуальных мужчын у Замбіі – цяпер ён мусіць пакінуць сваю пасаду ў гэтай паўднёваафрыканскай краіне.  

Праз свой выступ у падтрымку правоў ЛГБТІ амбасадар ЗША ў Замбіі Дэніэл Фут мае пакінуць сваю пасаду. Як паведамілі амерыканскія медыя, пасля публічнай спрэчкі з замбійскім прэзідэнтам Эдгарам Лунгу дыпламат вярнуўся ў Вашынгтон. Імя яго наступніка пакуль не вядомае.

Фут жорстка раскрытыкаваў судовы вырак двум гомасэксуальным мужчынам. Апеляцыйны суд Замбіі пры канцы лістапада пакараў пятнаццаццю гадамі зняволення двух гомасэксуальных мужчын. Абодвух абвінавацілі ў тым, што ў 2017 годзе яны займаліся аднаполым сэксам у адным з гатэляў. Летась іх судзілі за “ненатуральны сэкс”, перад гэтым іх катавалі анальным тэставаннем. Кансэнсуальныя стасункі паміж двумя мужчынамі не маглі нікому нанесці шкоды, катэгарычна заяўляў Фут, крытыкуючы выказванні суддзі, “у той час, калі ўрадавыя чыноўнікі могуць красці мільёны даляраў, прызначаных на грамадскія мэты, і пры гэтым не быць абвінавачанымі”.

Прэзідэнт Лунгу: “Мы кажам “Не” гомасэксуальнасці”

Кіраўніцтва Замбіі абурана адрынула крытыку з боку амерыканскага дыпламата. Міністр замежных справаў Жозэф Маланьі паведаміў, што ў Вашынгтон ужо накіраваная нота пратэсту. Прэзідэнт
Эдгар Лунгу ў інтэрв’ю тэлеканалу “Sky News” заклікаў свайго калегу Дональда Трампа ўмяшацца, інакш могуць пацярпець амерыкана-замбійскія стасункі. Лунгу дадаў, што ягонае меркаванне датычна пераследу гомасэксуалаў не зменіцца нават пад ціскам з боку Захаду: “Мы кажам “Не” гомасэксуальнасці. Калі б мы гэта дазволілі, то мы перасталі б быць цывілізаванымі”. Далей прэзідэнт параўнаў гомасэксуалаў з жывёламі: “Нават жывёліны не робяць нічога падобнага, дык чаму нас трэба падштурхоўваць да гэтага?”. У выніку Фут быў абвешчаны прэзідэнтам Лунгу “персонай нон грата”.

Прадстаўнік міністэрства замежных справаў ЗША заявіў, што Вашынгтон занепакоены гэтакай эскалацыяй. Дэніэл Фут больш не мог выконваць свае абавязкі ў якасці амбасадара. Крыніца ў амбасадзе ЗША ў сталіцы Лусака, якая не можа выступаць з афіцыйнымі заявамі, паведаміла інфармацыйнаму агенцтву Reuters, што ЗША вырашылі адклікаць свайго амбасадара, бо для яго было б вельмі цяжка надалей заставацца працаваць у Замбіі.

“Паколькі Лунгу кажа, што ён не жадае больш працаваць з Футам, не мае сэнсу пакідаць яго там. Не забывайцеся таксама, што існуюць праблемы бяспекі, таму Вашынгтон адклікае гэтага чалавека”, — заявіла не названая крыніца. “ЗША не могуць плаціць камусьці заробак, калі ён не можа працаваць, бо прымаючы бок не жадае яго бачыць”, — падкрэсліла іншая крыніца ў амерыканскай амбасадзе. Сам Фут апошнім разам адзначыўся 2-га снежня на інтэрнэт-старонцы амерыканскай амбасады, дзе ў публікацыі заявіў, што ён “шакаваны той нянавісцю, якую маленькая меншасць замбійцаў прадэманстравала ў дачыненні да мяне і маёй краіны, у большай частцы ад імя “хрысціянскіх” каштоўнасцяў”.

“Нягледзячы на такія дзеянні, Злучаныя Штаты застаюцца надзейным партнёрам для замбійскага народа, — заявіў прадстаўнік знешнепалітычнага ведамства ЗША. — Мы імкнемся да празрыстых стасункаў ды ўзаемнай павагі, улічваючы тую вялікую дапамогу, якую Злучаныя Штаты аказваюць замбійскаму народу”. Штогод Замбія атрымлівае сотні мільёнаў даляраў фінансавай падтрымкі з боку ЗША.

Гамафобія ў Замбіі вельмі распаўсюджаная

Замбія, якая налічвае 16 мільёнаў жыхароў, атрымала незалежнасць толькі ў 1964 годзе. Заканадаўства, якое прадугледжвае пакаранне за гомасэксуальнаць, існуе яшчэ з часоў брытанскай каланізацыі. Між іншым, Замбія лічыцца адной з краінаў з самым высокім узроўнем ВІЧ-інфіцыраваных у свеце, а актывісты ў пытаннях барацьбы са СНІД звяртаюць увагу на тое, што весці прэвентыўную працу, у тым ліку і па прычыне пераследу гомасэксуалаў, практычна немагчыма.

Гамафобія з’яўляецца вельмі распаўсюджанай, да таго ж яна падштурхоўваецца рэлігійнымі лідарамі: так, некалькі гадоў таму як каталіцкая, гэтак і пратэстанцкая цэрквы запатрабавалі захаваць забарону гомасэксуальнасці, нават у выпадку звязанага з гэтым скарачэння фінансавай дапамогі для развіцця краіны.

 

 

Паводле: https://www.queer.de/detail.php?article_id=35174