Райнланд-Пфальц: Зямельны парламент у Майнцы ўзгадвае гомасэксуальных ахвяраў нацыянал-сацыялізму

Штогадовы напамін зямельнага парламента пра ахвяры нацыянал-сацыялізму, выстава, шэраг імпрэзаў і сумесная заява дэмакратычных фракцый ставяць у цэнтр увагі часта забытую групу ахвяраў.  

Пераслед гомасэксуалаў пасля нацыянал-сацыялістычнай дыктатуры у асобных рэгіёнах зямлі Райнланд-Пфальц мусіць быць і надалей  расследаваны ў зямельным парламенце па патрабаванні партый урадавай большасці і апазіцыі ў асобе ХДС. Зямельны ўрад і надалей павінен ажыццяўляць адукацыйную працу і дзейнасць па ўшанаванні памяці, а таксама па ацэнцы часоў нацыянал-сацыялізму з улікам усіх груп ахвяраў, паведамляе агенцтва dpa са спасылкай на не апублікаваны яшчэ на вэб-старонцы зямельнага парламента (ландтага) зварот чатырох фракцый да пленарнага пасяджэння, якое пройдзе на наступным тыдні. “Звяртанне да культуры памяці сёння актуальна як ніколі раней”, — заявіў намеснік старшыні фракцыі СДП Енс Гут у пятніцу ў Майнцы.

Нагодаю для звароту з’яўляецца маючая адбыцца у ландтагу імпрэза па ўшанаванні памяці ахвяраў нацыянал-сацыялізму, якая пройдзе 27-га студзеня – у дзень вызвалення канцэнтрацыйнага лагера Аўшвіц-Біркенаў (Асвенцым) 75 год таму. Упершыню сёлета імпрэза пройдзе і пад знакам ушанавання памяці пераследаваных гомасэксуалаў. Пленарнае пасяджэнне ў мемарыяле “Канцлагер Остхофэн” будзе нажыва трансліравацца на вэб-старонцы ландтагу і прапануе мемарыяльную прамову прафесара Міхаэля Шварца з “Інстытута гісторыі часу Мюнхен-Берлін” пад назовам “Для гомасэксуалаў Трэці рэйх яшчэ не скончыўся. Гомасэксуальныя людзі пад дыктатурай нацыянал-сацыялізму – доўгі шлях з небыцця”. Прэм’ер-міністр Малу Дрэер і прэзідэнт ландтагу Хендрык Херынг выступяць з прамовамі перад ускладаннем вянкоў.

Гэтым часам да 2-га лютага ў Доме дэпутатаў пройдзе выстава “Замоўчванне, асуджэнне – пераслед гомасэксуальнасці ў Райнланд-Пфальцы з 1946 да 1976 году”. У студзені і лютым да таго ж ва ўсёй зямлі адбудуцца розныя імпрэзы на гэтую тэму.

“Праца над памяццю ніколі не спыніцца”

У звароце, які будзе агучаны на маючым адбыцца ў чацвер пасяджэнні, паводле dpa, гаворыцца: “Запозненае асэнсаванне лёсу гомасэксуалаў як ахвяр нацыянал-сацыялізму, якое яшчэ будзе доўга цягнуцца, вымушае прыходзіць да высновы: праца па ўшанаванні памяці не скончыцца ніколі, гэта працяглы працэс пастаяннага асэнсавання адбытага і сучаснага – перспектыў ахвяр, злачынцаў і асабістай адказнасці. “Лесбіянкі, геі, бісэксуалы, трансідэнты і інтэрсэксуалы ўсё яшчэ пакутуюць ад дыскрымінацыі і гвалту”.

Зямельны ўрад мусіць і надалей спрыяць паўнавартаснай роўнасці і прыняццю ўсіх ладаў жыцця і выступаць за адкрытае і талерантнае грамадства, гаворыцца ў звароце чатырох партый, паведамляе dpa далей. “Мэтаю памяці з’яўляецца абуджэнне свядомасці людзей ў дачыненні да лёсу ўсіх ахвяраў, не выдзяляючы кагосьці асобна”.

Памяць у розных частках Германіі

Таксама і ландтаг Гесана ў Вісбадэне падчас імпрэзы памяці ў панядзелак узгадае гомасэксуальных ахвяр нацыянал-сацыялізму. Дырэктар Інстытута Фрыца Баўэра Сібіле Штайнбахер выступіць там з прамовай пра пераслед па прычыне гомасэксуальнасці. Франкфурцкі Інстытут, названы ў гонар габрэйскага і гомасэксуальнага генеральнага пракурора, ужо 25 год даследуе і дакументуе гісторыю злачынстваў нацыянал-сацыялістычнага рэжыму.

У апошні год ландтаг зямлі Бадэн-Вюртэмберг упершыню прысвяціў штогадовую гадзіну памяці ахвяраў нацыянал-сацыялізму людзям, якіх пераследавалі па прычыне іх сэксуальнай арыентацыі. Грамадская петыцыя са 170 падпісантамі, якая пастаянна актывізуецца і ад 2018 году заклікае да адпаведнага ўшанавання памяці ў бундэстагу, дагэтуль, аднак, не знаходзіць падтрымкі з боку прэзідэнта федэральнага парламента Вольфганга Шойбле.

У наступны панядзелак, апроч іншых, памятныя мепрапрыемствы ў мемарыялах, прысвечаных пераследаваным нацыянал-сацыялізмам гомасэксуалам, адбудуцца таксама ў Берліне і Кёльне.

 

Паводле: https://www.queer.de/detail.php?article_id=35364