“Гаворка ідзе пра свабоду”: усё больш паліцэйскіх за квір-супольнасць

У сэксе і каханні магчыма многае. Таксама і ў сэксуальнай ідэнтычнасці кола варыянтаў вельмі шырокае. Тым не менш, многія людзі, якія не жывуць гетэрасэксуальным жыццём, падвяргаюцца дыскрымінацыі і варажнечы. Паліцыя жадае змяніць гэтую сітуацыю разам з прадстаўнікамі ЛГБТІ-супольнасці.

Стракатых блёстак у валасах і налепкі з вясёлкавым сцяжком на ўніформе ўжо дастаткова. “Ты шлюха”, пачуў на свой адрас Даніэль Бліда, калі акурат вяртаўся дахаты са службы на Крыстафер-Стрыт-Дэй у Брэмене. “Мяне абражалі восем маладых людзей”, — распавядае 42-гадовы мужчына, які з нядаўняга часу з’яўляецца паліцэйскім прадстаўніком па сувязях з супольнасцю лесбіянак, геяў, бісэксуалаў, транс- і інтэрасоб (ЛГБТІ) у Брэмене.

На сваёй пасадзе ён жадае дапамагаць пацярпелым і выступае у паліцыі і грамадстве за большае паразуменне. Бо людзям з так званай квір-супольнасці, паводле яго слоў, даводзіцца нялёгка. Іх дыскрымінуюць, да іх ставяцца варожа. Тое, што ён з’яўляецца жанатым чалавекам і бацькам, не грае пры гэтым ніякай ролі.

Пра многія злачынствы супраць квір-людзей ніхто не заяўляе

Кантактныя асобы з ЛГБТІ-супольнасцю ў паліцыі ёсць у многіх федэральных землях. Першае такое бюро было створанае ў 1992-м годзе ў Берліне. “Мы хочам трапіць у супольнасць і стварыць атмасферу даверу і празрыстасці”, — кажа Себасціян Стып, які працуе ў зямельнай крымінальнай службе як кантактная асоба з ЛГБТІ-супольнасцю. Пра многія злачынствы ў дачыненні да квір-людзей ніхто не заяўляе.

У Ніжняй Саксоніі міністэрства ўнутраных спраў у 2007-м годзе ўвяло ў паліцыі кантактных асоб для аднаполых пар, ад 2017-га году гэта пасада называецца “кантактная асоба з ЛГБТІ-супольнасцю”. “Яе дзейнасць дае вялікую карысць як для супрацоўнікаў, так і для ахвяр”, — кажа прадстаўнік міністэрства сацыяльнай абароны ў Гановеры Олівер Грым. Паводле яго слоў, кантактныя асобы праводзяць прэвентыўную працу па прадухіленні канфліктаў.

Ніхто не павінен падвяргацца дыскрымінацыі па прычыне сваёй сэксуальнай ідэнтычнасці

З пункту гледжання федэральнага ўраду такія пасады вельмі важныя. “ЛГБТІ-людзі мусяць ведаць, што яны ў грамадскім асяродку могуць знайсці абарону і кантактных асоб у паліцыі, якія іх падтрымаюць у любой пагрозлівай сітуацыі”, — адзначае прадстаўнік федэральнага міністэрства ў справах сям’і. Тым не менш, усё яшчэ маюць месца выпадкі гвалтоўных нападаў на ЛГБТІ-асоб. Ісці рука аб руку як аднаполай пары ці цалавацца многімі не разглядаецца як нешта звычайнае, таму звязана з многімі рызыкамі.

Колькі людзей у Германіі належаць да ЛГБТІ-супольнасці, невядома. Няма статыстычных дадзеных, навуковыя ацэнкі варыююцца. “Пасля аднаго даследавання па даручэнні гарадскіх уладаў Кёльна колькасць насельніцтва, якая належыць да ЛГБТІ-супольнасці, складае каля 6,9%, партал queer.de зыходзіць ад агульнай часткі насельніцтва ў 7,4%”, — кажа прадстаўнік міністэрства.

Даніэль Білда лічыць разнастайнасць і талерантнасць неверагодна важнымі. Ніхто не павінен падвяргацца дыскрымінацыі па прычыне сваёй ідэнтычнасці. Паводле паліцыянта, дыскрымінацыя часта адбываецца падсвядома, калі такія словы як “гей” выкарыстоўваюцца для ацэнкі чагосьці негатыўнага ці незвычайнага. Ад страху перад дыскрымінацыяй многія хаваюць, што яны з’яўляюцца часткай супольнасці.

Паліцыянты мусяць быць адукаванымі і кампетэнтна абараняць ахвяр ад злачынстваў

У сваёй службе Білда выступае за больш свядомае абыходжанне адзін з адным. Праз навучальныя семінары паліцыянты становяцца больш адукаванымі. Яго мэты: прадухіліць дыскрымінацыю і кампетэнтна абараніць ахвяр ад злачынстваў. “Гаворка ідзе пра свабоду. Гэта запісана ў Канстытуцыі і за гэта выступае паліцыя”.

Ці хапае яму часу для рашэння пастаўленых задач, стане вядома пазней. Бо 42-гадовы паліцыянт не поўны працоўны час займаецца праблемамі квір-супольнасці, але 50 адсоткаў свайго часу ён адказны і за прыцягненне новага пакалення. Ва ўсялякім выпадку, у яго зараз у распараджэнні больш часу, чым у яго папярэдніка. Свен Ротэнберг, які ў 2015-м годзе стаў першай кантактнай асобай з ЛГБТІ-супольнасцю ў Брэмене, меў толькі 25 адсоткаў адведзенага на гэта часу. У іншых федэральных землях справы выглядаюць больш-менш падобным чынам. “Вялікая частка працуюць паралельна ці ўвогуле не маюць спецыяльнай стаўкі”, — распавядае федэральны старшыня аб’яднання Velspol Томас Ульмер. Velspol падтрымлівае ЛГБТІ-людзей у паліцыі, юстыцыі і мытні і імкнецца перамагчы забабоны як унутры, гэтак і па-за межамі паліцыі.

Службы ў Кёльне пайшлі нават іншым шляхам: там паліцыя свядома адмовілася ад адказных кантактных асоб з ЛГБТІ-супольнасцю, заявіў прадстаўнік паліцыі Карстэн Руст. “Наша патрабаванне для працы ў паліцыі палягае ў тым, каб быць адкрытым для кожнага”, — кажа ён. Колер скуры, нацыянальнасць, рэлігія, пол і сэксуальная ідэнтычнасць не граюць ніякай рол: “Да ўсіх, хто звяртаецца да паліцыі, мы заўжды ставімся роўна”.

 

 

 

Паводле: https://www.focus.de/perspektiven/lsbti-ansprechpersonen-in-vielen-bundeslaendern-es-geht-um-freiheit-immer-mehr-polizisten-fuer-die-queer-community_id_11622364.html