Жанчына тэрарызавала карыстальнікаў сацыяльнай сеткі для геяў і лесбіянак Grindr: 13 месяцаў зняволення

Жанчына тэрарызавала карыстальнікаў сацыяльнай сеткі для геяў і лесбіянак Grindr: 13 месяцаў зняволення

время чтения: 2 мин

Францужанка апынецца ў турме ў Англіі за тое, што яна ператварыла ў пекла жыццё многіх геяў.

Участковы суд на поўдні Лондана прыгаварыў да 13 месяцаў зняволення 31-гадовую Янік Г. за тое, што яна пераследавала многіх карыстальнікаў сацыяльнай сеткі для геяў і лесбіянак Grindr. Грамадзянка Францыі перад гэтым прызнала віну па ўсіх пунктах абвінавачання. Прычыну, па якой яна пераследавала гомасэксуальных мужчын, абвінавачаная не назвала.    

Згодна дзяржаўнага абвінаваўцы Джона МакНамара, Г. у 2017-м годзе пад псеўданімам “Стівен Ст. Пьер” завязала кантакт з адным мужчынам – пры гэтым яна выдавала сябе за гея. Ахвяра падзялілася сваімі персанальнымі дадзенымі – тэлефонным нумарам, электронным адрасам, а таксама фотаздымкамі, дзе ахвяра аголеная. Мужчына таксама даслаў абвінавачанай сваю біяграфію, бо яго партнёр па перапісцы нібыта знайшоў для яго працу. Калі мужчына адчуў падвох і абарваў кантакт, жанчына цягам месяцаў аказвала на яго ўціск. Яна адаслала яго аголеныя фотаздымкі ягонаму айчыму і сябрам, пераследавала яго па горадзе і даслала сваёй ахвяры фота з ім у метро, якія відавочна былі зроблены патаемна.       

Іншую ахвяру яна падлавіла ў 2018-м годзе і дзейнічала яшчэ больш жорстка: абвінавачаная ананімна даслала ў паліцыю заяву, што тагачасны сушлюбец ахвяры нібыта сэксуальна дамагаўся дзяцей. Пасля яна выдала сябе за начальніцу ахвяры і заявіла паліцыі, што мужчына захоўваў у сваім камп’ютары дзіцячую парнаграфію. Апроч таго, на сайце знаёмстваў яна выдавала сябе за ахвяру і мужчын, якія шукалі сэксу, у любы час дня і ночы накіроўвала ў дом ахвяры. Да таго ж яна працягвала пераследаваць мужчын на вуліцы.   

Суддзя: Злачынца відавочна была “перапоўненая зайздрасцю”

Суддзя Сілас Райд у абгрунтаванні выраку, як паведамляе “Independent”, заявіў: “Цяжка зразумець, чаму яна гэта зрабіла. Мне ў якасці прычыны падаецца, што яна была перапоўненая зайздрасцю і жадала помсты”. 

Г. незадоўга да яе затрымання ўцякла ў Францыю. Але яе радзіма ў студзені выдала жанчыну Вялікабрытаніі. Падчас працэсу яе адвакат заявіў, што яго падабаронная раскайваецца ў здзейсненым. Яна прызнае, што гэта было “гідка, жорстка і глупа”.  

Падобны выпадак адбыўся і ў Брэмене: там у студзені пачаўся судовы працэс супраць мужчыны, які па прычыне нянавісці да гомасэксуалаў здзекаваўся над многімі геямі і рэгулярна тэрарызаваў іх. Участковы суд у рэшце рэшт перадаў справу ў зямельны суд пасля таго, як эксперт прызнаў мужчыну патэнцыйна псіхічна хворым – з таго часу 31-гадовы знаходзіцца ў клініцы для нервова хворых.