Равін і пастар ускладаюць віну за каронавірус на ЛГБТ

Гэтай эпідэміяй Бог хацеў пакараць лесбіянак і геяў, заявілі адначасова хрысціянскі пастар з ЗША Стывен Эндру і яўрэйскі равін Меір Мазуз з Ізраілю. 

Калі быць шчырымі, мы чакалі гэтага. Квір-людзі і раней абвінавачваліся звар’яцелымі прапаведнікамі ў землятрусах, ураганах, тэрарыстычных атаках і іншых катастрофах, і вось прыспеў час, каб зрабіць нас вінаватымі ва ўспышцы каронавірусу.   

Пратэстанцкі пастар Стывен Эндру з Хрысціянскай царквы ЗША ў сакавіку ў паведамленні для прэсы абвясціў пра “месяц пакаяння за грахі ЛГБТ”, каб абараніць ЗША “ад такіх захворванняў як каронавірус”. “Божая любоў паказвае, што надышоў найлепшы час, каб пакаяцца ў грахах”, мяркуе Эндру. Бо, маўляў, Біблія вучыць, што “гомасэксуалы губляюць свае душы і што Бог разбурыць ЛГБТ-супольнасць”.    

Бяспека людзей, маўляў, знаходзіцца пад пагрозаю, бо законы Божыя ігнараваліся на нацыянальным узроўні, працягвае прапаведнік-ненавіснік з Каліфорніі далей. “Бог абарані ЗША ад небяспекаў, калі краіна будзе каяцца за грахі ЛГБТ, ілжывых багоў, аборты і іншыя грахі”.  

“Гомавірус” як кара Божая

Паралельна ў аддаленым на 12 000 кіламетраў Ізраілі падобную бязглуздзіцу выказаў і яўрэйскі духоўнік. “Калі хтосьці дзейнічае супраць прыроды, таму адпомсціць той, хто стварыў прыроду”, такім чынам зрабіў адказнымі за каронавірус Ковід-19 ЛГБТ-людзей і прайд-парады ультраартадаксальны равін Меір Мазуз.  

Таксама зусім новыя тэорыі пра распаўсюджанне вірусаў і пра гомасэксуальнасць Мазуз прадставіў у сваім дакладзе у яўрэйскай вышэйшай школе Кізех Рахамім у Бней Браку. Паводле яго, арабскія краіны не церпяць ад каронавіруса, бо яны “не маюць такіх заганных схільнасцей”. 

Цяпер не хапала толькі гомафобнага імама, які салідарызуецца з пастарам і равінам…