Годзе зьнявагі!

время чтения: 2 мин

Сумна чытаць загалоўкі апошніх паведамленьняў наконт стану правоў сэксуальных меншасьцяў у цёмных, дапатопных, неразьвітых (прынамсі ў гэтым дачыненьні) грамадзтвах былога Савецкага Саюзу і Ўсходняй Эўропы…

Крыніца блог Данчыка на Свабодзе

— У Беларусі адзін зь лідэраў дэмакратычнага руху не разумее, чаму правы ЛГБТ-супольнасьці маюць яго хваляваць. Іншыя праўдападобна аднолькава абыякавыя, калі не адкрыта агрэсіўныя.

— У Расеі, а затым ва Ўкраіне ратыфікуюць ганебныя дыскрымінацыйныя законы, яўным вынікам якіх стане яшчэ большае цкаваньне і напады на геяў з боку гамафобаў-нэандэртальцаў.

— Сэрбія парушае прынцыпы ўласнай канстытуцыі, забараняючы шэсьце гей-прайду ў Бялградзе на вялікае задавальненьне рэлігійных лідэраў і палітыкаў, якія проста спаборнічалі ў абразьлівых выказваньнях супраць геяў.

Калі я чытаю такія загалоўкі і выказваю ўголас сваё абурэньне рознымі парлямэнтарамі і патрыярхамі, мяне надта нэрвуюць некаторыя аргумэнты ў адказ — маўляў, трэба ставіцца з разуменьнем да таго, што сувязь з геямі можа нэгатыўна адбіцца на іміджы «дэмакратаў», што людзі да гэтага не прывыклі, што грамадзтва яшчэ не дасьпела, і г. д.

Дык колькі ж тады давядзецца чакаць эвалюцыі гэтых грамадзтваў і іхных лідэраў?! Ці не разумеюць гэтыя розныя палітыкі-дэмакраты, прадстаўнікі царквы і вернікі, што яны не дазваляюць зусім годным, ні ў чым не вінаватым, прыстойным людзям жыць свабодна, адмаўляюць ім у праве — ня толькі гаварыць на нейкай мове ці ганарыцца нейкай культурай ці кланяцца нейкаму свайму Богу — а ў элемэнтарным праве проста адкрыта існаваць?! Ці не ўсьведамляюць яны, што ў выніку страху, нянавісьці ці абыякавасьці яны прычыняюцца да гібелі дзяцей — у некаторых выпадках і сваіх уласных?

Дарэчы сваё абурэньне я тут не магу абмежаваць толькі краінамі СНД. Вось яшчэ адзін артыкул, які гэтымі днямі мяне ўразіў: У Амэрыцы, краіне, якая часта павучае іншых у пытаньнях правоў чалавека, у лібэральным штаце Нью-Ёрк, 83-гадовая жанчына змушаная змагацца ў судзе, каб пазьбегнуць выплаты больш за $300,000 падатку на спадчыну ад ейнай памерлай жонкі, зь якой яна пражыла ўсё жыцьцё і даглядала апошнія тры дзесяцігодзьдзі цяжкой хваробы. Калі б яны былі ў законным шлюбе (у чым ім было адмоўлена), яна не заплаціла б ані цэнта!! Абсурд і ганьба.

А такіх выпадкаў прыніжэньня, дыскрымінацыі і — горш — сапраўднага гвалту супраць геяў, на жаль, процьма.

Дык я прапаную вам яшчэ адзін загаловак: Нікуды мы ня дзенемся, і пара прызвычаіцца да гэтага факту. І, абяцаю, мы ня будзем «афішавацца» ці як сьцьвярджаецца «прапагандавацца», ні на ёту больш, чым нашыя браты і сёстры гетэрасэксуалы са сваімі вясельлямі, пярсьцёнкамі, хрэсьбінамі, публічнымі пацалункамі ўзасос і г. д.

Прадстаўнікі ЛГБТ-супольнасьці не патрабуюць нічога большага, чым жыць прыстойна з такімі правамі, якімі карыстаюцца (ці прынамсі павінны карыстацца) іншыя паўнацэнныя падаткаплатнікі ў любым грамадзтве, у тым ліку беларускім, і ў тым ліку прадстаўнікі беларускай сьвядомай нацыянальнай дэмакратычнай меншасьці.

Дык годзе зьнявагі і бруталізацыі ў дачыненьні да, як мяркуецца, прынамсі шасьці адсоткаў кожнага грамадзтва. Асабліва ў гэты тыдзень гей-прайду супраць гэткага зла павінны змагацца ўсе — асабліва тыя, што адчулі на сваёй скуры зь якіх бы то ні было прычынаў тыранію большасьці, ды называюць сябе дэмакратамі, а тым больш прыхільнікамі вучэньня Хрыста.