Апазіцыя пусціць геяў на «Чарнобыльскі шлях» толькі з доказамі, што яны пацярпелі ад выбуху на ЧАЭС

время чтения: < 1 мин

Журналісты запыталіся ў арганізатараў сёлетняга «Чарнобыльскага шляху», ці хочуць яны, каб у акцыі ўзялі ўдзел прадстаўнікі сексуальных меншасцяў са сваймі сцягамі.

Белсат

«Мы запрашаем да ўдзелу ў «Чарнобыльскім шляху» ўсіх ахвотных, – сказаў адзін з арганізатараў акцыі старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч. — Адзіная нашая ўмова — памятаць пра тэму і мэты акцыі, якая пройдзе пад лозунгамі: ушаноўванне памяці ахвяраў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, абарона Беларусі ад ядравай небяспекі з боку Расеі, патрабаванне сапраўднай незалежнасці ды свабоды для Беларусі. Нейкіх іншых тэмаў мы заклікаем не закранаць, выкарыстоўваць падчас мерапрыемства толькі беларускую нацыянальную бел-чырвона-белую сімволіку».

«Калі ёсць дакументы, доказы, што іх прадстаўнікі (ЛГБТ-руху) пацярпелі ад ЧАЭС, няхай прыносяць і няхай з іхнымі партрэтамі ідуць. Але перад гэтым няхай паперы прынясуць», — адзначыў іншы арганізатар — актывіст руху салідарнасці «Разам» Ілля Дабратвор.

Сёлета арганізатары вырашылі змяніць фармат «Чарнобыльскага шляху». Калі раней канчатковым пунктам шэсця быў парк Дружбы Народаў у раёне плошчы Бангалор, то цяпер аргкамітэт плануе павесці шэсце да ўрочышча «Курапаты». Пасля заканчэння мітынгу ахвотныя могуць застацца для добраўпарадкавання Курапатаў.

Арганізатары просяць гарадскія ўлады дазволіць збор удзельнікаў акцыі аб 11:30 каля кінатэатру «Кастрычнік», з 12:00 – шэсце па вуліцах Багдана Хмяльніцкага, Якуба Коласа, Лагойскім тракце да ўрочышча Курапаты, дзе а 15:00 мае пачацца мітынг.