“Freedom House”: ЛГБТ супольнасць Літвы надалей зазнае дыскрымінацыю

Недзяржаўная арганізацыя “Freedom House” у сваёй справаздачы “Свабода ў свеце 2015” звярнула ўвагу на становішча з правамі ЛГБТ.

Lgl.lt

Паводле сёлетняе справаздачы, сітуацыя з правамі ЛГБТ у свеце застаецца надзвычай супярэчлівай і палярызаванай.

Сярод іншага, “Freedom House” звярнуў увагу на прамацыйны ролік нацыянальнае арганізацыі ЛГБТ у Літве – Літоўская ліга геяў (LGL).

У жніўні 2014 г. літоўскія тэлеканалы адмовіліся выпусціць у эфір ролік LGL у абарону правоў прадстаўнікоў ЛГБТ супольнасці, матывючы сваё рашэнне тым, што ён парушае Закон Літвы “Аб абароне непаўнагадовых ад шкоднага ўплыву публічнай інфармацыі”. Інспектар па журналісцкай этыцы пагадзіўся, што гэты відэаматэрыял з’яўляецца шкодным для дзяцей і падлеткаў.

У кастрычніку 2014 г. LGL паспрабаваў абскардзіць рашэнне інспектара ў судзе, але Віленскі рэгіянальны адміністрацыйны суд паведаміў, што не мае кампетэнцыі на разгляд падобных справаў. Пасля таго як Найвышэйшы адміністрацыйны суд Літвы адхіліў пазоў LGL у снежні 2014 г., актывісты Лігі ў партнёрстве з Міжнароднай Асацыяцыяй ЛГБТ у Еўропе(ILGA-Europe)падалі адпаведную скаргу ў Еўрапейскую камісію.