Навошта гомасэксуалы бяруцца гетэрасэксуальнымі шлюбамі? 4 гей-гісторыі

время чтения: 6 мин

Жыццё гей-супольнасці аднаго з райцэнтраў на поўдні Беларусі нічым не адрозніваецца ад жыцця такой супольнасці ў любым іншым горадзе краіны. Некалькі дзясяткаў анкет на тэматычных сайтах знаёмстваў. Амаль усе адзін аднаго ведаюць. Адзінае – тут амаль няма адкрытых геяў. Камін-аўт у правінцыйным горадзе – гэта сапраўды небяспечны крок. А ў апошнія гады шмат хто з гей-тусоўкі ўвогуле ажаніўся. Што рухала гэтымі хлопцамі і як яны бачаць сваё сямейнае жыццё?

Андрэй Ка для Gaypress.eu

Маці плакала, кажучы, што хоча ўнукаў

  • Сваю гомасэксуальнасць я ўсвядоміў яшчэ ў дзявятым класе – у 15 гадоў. Але на першае знаёмства з хлопцам рашыўся толькі ў 22 гады, – распавядае 29-гадовы Валянцін*. – Вядома ж, у нас няма гей-клубаў і нейкіх адмысловых месцаў, якія маюцца ў сталіцы. Таму пазнаёміцца магчыма толькі праз інтэрнэт. Там і спісаўся з адным чалавекам. А ён аказаўся маім суседам – шмат гадоў жыў у суседнім пад’ездзе. Ён старэйшы за мяне на 12 гадоў. Я ведаў, што ён жанаты, і я прызвычаіўся бачыць яго ў двары з дачкой. Таму, калі прыйшоў на сустрэчу і ўбачыў яго – падумаў, што гэта нейкі падман і вельмі спужаўся. Але аказалася, што ягоная жонка даведалася пра яго арыентацыю і яны разыйшліся.

Валянцін скончыў мясцовы ўніверсітэт, атрымаўшы прафесію выкладчыка ангельскай мовы. Некаторы час ён адпрацаваў у школе, але потым сыйшоў. Цяпер працуе перакладчыкам на заводзе. З тым суседам Андрэем у яго былі адносіны на працягу пяці гадоў. А крыху больш за год таму Валянцін, крыху змяніўшы анкету, на тым жа сайце знаёмстваў, дзе некалі пазнаёміўся з Андрэем, завязаў знаёмства з дзяўчынай і праз нейкі час ажаніўся. Маленькай дачушцы ўжо некалькі месяцаў.

  • Мне было боязна заводзіць стасункі з дзяўчатамі. Ды й яны мяне, па-шчырасці, і не вабілі. Але маці і тата ўвесь час ціснулі і пыталі калі я ажанюся. Маці некалькі разоў аж плакала, кажучы, што хоча дажыць і пабачыць унукаў. З-за маіх адносінаў з Андрэем (мы былі разам практычна штодня) яны падазравалі, што гэта не проста сяброўства, і некалькі разоў рабілі скандалы, крычучы на мяне, што я вычварэнец. Сябры ўжо пачыналі падазраваць, а некаторыя аднакласнікі нават кпілі, сустракаючы нас з Андрэем на вуліцы. Таму я і рашыўся на знаёмства з дзяўчынай і шлюб. Нават не перабіраў – з кім першай сустрэўся, з той і ажаніўся. Гэта адразу адмяло ўсялякія падазрэнні і кпіны. Хаця, прыроду не падманеш, таму час ад часу таемна сустракаюся з Андрэем, які, усё ж, мне не абыякавы. А ён падчас гэтых сустрэч проста зіхаціць ад шчасця.

Валянцін распавёў сваёй жонцы, што ён бісэксуал і ў яго быў досвед аднаполавага кантакту. У падрабязнасці ён не ўдаваўся, але паабяцаў, што здраджваць з мужчынамі не будзе. Тым не менш, хоць і разумее, што гэта няправільна, мусіць адказваць на покліч сваёй прыроды.

Хацеў сваё дзіця

Міколу зараз 30. Ён працуе лекарам у раённай лякарні. Ажаніўся менш за год таму, цяпер ужо можа калыхаць маленькую дачушку. Выглядае шчаслівым і ўвесь час усміхаецца.

  • У мяне былі і працяглыя пошукі сваёй “палавіны”, і нешчаслівыя пачуцці да чалавека, які мяне не цаніў, і прыгожыя, узнёслыя адносіны з хлопцам, які, праўда, жыве ў іншым горадзе. Але я сам марыў гадаваць сваё дзіця. Я разумеў, што жывучы гомасэксуальным жыццём так, як гэта магчыма ў Беларусі, я пазбаўлены такой магчымасці. У той жа час, не маючы досведу стасункаў з супрацьлеглым полам, я баяўся, як гэта ў мяне атрымаецца. І, усё ж, аднойчы вырашыў паспрабаваць. Пазнаёміўся з дзяўчынай. Усё атрымалася, усё “працавала”. Не скажу, што атрымліваю такое самае эмацыйнае задавальненне ад сэксуальных зносінаў, як з тымі людзьмі, якіх кахаў, але тое, што я магу песціць сваю дачушку, што мяне нехта чакае дома – гэта я цаню. Я ўжо прызвычаіўся да гэтага жыцця, і, шчыра кажучы, не хачу вяртацца да ранейшага. Жонцы пра сваю арыентацыю і ранейшае жыццё нічога не казаў і не збіраюся. Навошта? Пра тое ведаюць толькі тыя, хто са мной стасаваўся ў гей-асяродку.

Я “напаўадкрыты” гей

Дзмітрыя ў горадзе ведаюць многія. І многія ведаюць пра ягоную арыентацыю. Быў час, калі ён проста паставіў на аватарку сваёй старонкі УКантакце вясёлкавы сцяг. Інтэрнэт-сябры крыху паабмяркоўвалі пад фоткай, а потым быццам бы і забыліся. Хаця, забыліся не ўсе.

  • У мяне неяк асабліва не пыталі, ці я гей. І асабіста я нікому не адкрываўся. Тым не менш, усе вырашылі, што, калі ў мяне гэты сцяг, то так яно і ёсць. У мяне само па сабе стаўленне да жыцця такое даволі абыякавае. Таму я асабліва не парыўся. Хаця, часам даводзілася, стоячы на аўтобусным прыпынку, чуць ад груп нейкіх хлопцаў “Глядзі, гэта ж той п***ар стаіць!” Але, мабыць, з-за таго, што я – чалавек даволе буйных памераў, чыніць мне фізічны гвалт, відаць, не наважваліся. Аднойчы пра тыя чуткі даведаўся адзін мой знаёмы, на якога міліцыя завяла крымінальную справу за хуліганства. Ён быў вельмі зацятым гамафообам. Але тады я яму павінен быў дапамагчы з юрыдычнымі пытаннямі, каб пазбегнуць найбольш жорсткага пакарання. Калі яму нехта распавёў, што я – гей, мы пасварыліся і некаторы час не стасаваліся. Але потым ён, усё ж, прыйшоў па мае парады. І яны, дарэчы, дапамаглі. Зараз стасуемся не часта, але нейкай варожасці ад яго не адчуваю. Відаць прыняў гэта. Таму – адкрыцца я не адкрываюся, але неяк апрыоры нібыта многія ведаюць. Я паўадкрыты гей.

Не разумею, што выйграе грамадства ад такой сітуацыі

Той самы Андрэй, з якім сустракаецца наш першы герой, прайшоў цалкам супрацьлеглы шлях: ад гетэрасэксуальнай сям’і да тых стасункаў, у якіх адчувае сябе самім сабой. Ён таксама падзяліўся з намі сваёй гісторыяй і некаторымі сваімі думкамі.

  • Мая жонка ўсё даведалася выпадкова. У шлюбе мы пражылі 11 гадоў. Некалькі гадоў у мяне быў пастаянны сябар “у тэме” ў Мінску, куды я ездзіў на сесіі падчас завочнай вучобы. Але потым ён з’ехаў за мяжу. Аднойчы ў нас успыхнула проста неімавернае каханне з адным чалавекам – афіцэрам міліцыі з суседняга горада. Таксама, дарэчы, Андрэем. Мы з ім “абарзелі” да таго, што сабраліся і на некалькі дзён з’ехалі ва Украіну на Чорнае мора. Проста хацелася рамантыкі. Тады жонка пачала адчуваць, што я ёй здраджваю. Але яна нават падумаць не магла, што з мужчынам. Калі Андрэй прыехаў да мяне і мы гулялі на свяце горада, нас сустрэла мая жонка. Я прадставіў яго як свайго вайсковага саслужыўцу. Аднак, калі мы з ім прыйшлі да мяне дамоў, бо транспарт у ягоны горад ужо не хадзіў і я прапанаваў яму пераночыць на канапе ў зале, дзе ніхто не спаў, мы заспелі заплаканую жонку. Пазней яна сказала: “Ты б бачыў тыя вочы, якімі вы адзін на аднаго пазіралі! У іх было напісана, што ніякія вы не саслужыўцы”. А тады амаль усю ноч мы сварыліся. Яна то збіралася парэзаць вены, то выкінуцца з вакна. Неяк знайшоў словы, каб супакоіць яе і паразмаўляць.

Пасля гэтага скандалу міліцыянт Андрэй назаўжды знік з жыцця нашага героя – перастаў адказваць на тэлефанаванні, допісы ў інтэрнэце, нават дзверы не адчыняў. Відаць, спужаўся, што пакрыўджаная жонка створыць яму праблемы на службе. А сямейнай пары, у якой да таго ж была ўжо дзесяцігадовая дачка, трэба было неяк вырашаць сітуацыю.

  • Мы з жонкай сур’ёзна паразмаўлялі. Перад тым яна прачытала даволі шмат матэрылу ў інтэрнэце, зразумела сутнасць з’явы. Мы нават спрабавалі “лекаваць” мяне ў псіхолага – нехта на жаночым інтэрнэт-форуме ёй параіў. Але ў выніку мы вырашылі развітацца сябрамі, але не жыць у хлусні. Таму, што мяне з ёй трымала разам толькі павага і звычка. Пакахаць яе я не мог у сілу скіраванасці сваёй сэксуальнасці. І таму мы вырашылі, што, нават, калі я не буду здраджваць, гэта будзе жыццё ў пастаянных падазрэннях і недаверы. А ёй тады не было яшчэ і 30-ці. Пазней яна зноў выйшла замуж і жыве ў іншым горадзе. Дачка сама вырашыла застацца са мной.

Мы папрасілі Андрэя паразважаць наконт таго, што рухае тымі маладымі геямі, якія зараз бяруцца шлюбамі з дзяўчатамі.

  • Я ажаніўся ў 90-я. Тады ў нас яшчэ не было інтэрнэту. Я практычна не ведаў, што такое сэксуальная арыентацыя. Сваю цікавасць да хлопцаў, якая адчувалася ў мяне з самага юнацтва, я сам сабе тлумачыў сапраўды нейкімі вычварэнскімі схільнасцямі. Ведаў, што ў турмах бывае аднаполавы сэкс, у якім удзельнічаюць “апушчаныя”, але ніколі не думаў, што паспрабую яго. Лічыў, што ажанюся, пойдуць дзеці і ўсё гэта пройдзе. Не прайшло. Першая гомасэксуальная блізкасць адбылася ў мяне з тым мінчуком ужо праз 5 гадоў жыцця ў шлюбе. Прырода ўзяла сваё. Акрамя яго да міліцыянта – нікога больш не было і ніхто і не быў патрэбны. Потым ужо пасля разводу былі пяцігадовыя стасункі з Валікам. Калі ён наважыўся ажаніцца, я паспрабаваў патлумачыць, што гэта не правільна. Але гэта ягонае жыццё. У нечым я і яго, і Міколу разумею. І яны ў нашым горадзе далёка не адны такія. Прынамсі, я ведаю яшчэ дваіх геяў, якія цяпер у шлюбах з дзяўчатамі. Адзін, праўда, у фіктыўным – з лесбійкаю. Гэта робіцца для таго, каб задаволіць жаданні грамадства. Маці хочуць унукаў. Самі хлопцы хочуць дзетак. Грамадства патрабуе, каб яны былі “як усе” і пакуль не здольнае прыняць іх такімі, якія яны ёсць.
  • Пра маю арыентацыю таксама ніхто не ведае, бо ў такім горадзе як наш, дзе ўсё навідавоку – гэта і сапраўды вельмі рызыкоўна. Асабліва, калі ты займаеш нейкае больш-менш высокае сацыяльнае становішча і не хочаш яго пазбавіцца. Але мне прасцей не выклікаць залішніх падазрэнняў, бо ў мяне была сям’я і ёсць дзіця. Тым не менш, я не разумею грамадтва. Што яно выйграе ад такога становішча? Асабіста я б не хацеў, каб мая дачка, калі яна акажацца гетэрасэксуальнаю, сустрэла на сваім жыццёвым шляху такога хамелеона, які будзе для яе граць ролю гетэрасэксуальнага мужа, а ўпотай будзе сустракацца з хлопцам. Няўжо ад гэтага лягчэй тым мамам, татам, суседзям, сябрам? Чаму ім прасцей прымусіць людзей падманьваць, двурушнічаць, чым прыняць іх такімі, якія яны ёсць і дазволіць быць шчаслівымі з тымі, хто ім стане сапраўды дарагі?

 *У мэтах бяспекі імёны герояў змененыя