«Новыя рэгіёны» – ЛГБТ-ініцыятыва з Магілёва

время чтения: 2 мин

17 траўня 1990 года гомасексуальнасць была выключаная з Міжнароднай класіфікацыі захворванняў. Цяпер 17 траўня – Сусветны дзень барацьбы супраць гамафобіі. Наколькі ў Беларусі талерантнае грамадства, пабачым на прыкладзе Магілёва – гораду, які называюць сталіцай гамафобіі ў Беларусі.

Канстанцін Чарноў вырас у Магілёве, у 18 гадоў з’ехаў вучыцца ў Швецыю, паспеў папрацаваць у Маскве і Менску, цяпер вярнуўся. Канстанцін змог прыняць свой гендар і таму не баіцца адкрыта казаць пра сябе.

«Я ЛГБТ-чалавек. Я проста не хачу казаць гей, мне проста не падабаецца гэтае слова. Мне падабаецца казаць ЛГБТ-чалавек. Я адношу сябе да ЛГБТ-кам’юніці, то бок я належу да ЛГБТ-камʼюніці, я прадстаўнік ЛГБТ-камʼюніці», – кажа Канстанцін Чарноў.

ЛГБТ-супольнасць – гэта лесбіянкі, геі, бісексуалы і трансгендарныя людзі. А таксама гэта катэгорыі, якія ў нашым грамадстве зазнаюць дыскрымінацыю. Канстанцін Чарноў лічыць, што…

«Рыторыка нашай дзяржавы такая, што і прадстаўнік МУС можа выказацца вельмі негатыўна, бязглузда і негатыўна пра ЛГБТ-людзей, і гэта не асуджаецца на дзяржаўным узроўні, гэта падтрымліваецца».

Варта прыгадаць, мякка кажучы, спрэчную заяву кіраўніка Міністэрства ўнутраных справаў Ігара Шуневіча:

«Існуе пэўная катэгорыя грамадзянаў, выбачайце мне, магчыма, за пэўны слэнг, але гэта мой тэрмін, мая дэфініцыя. Я іх называю дзіравымі».

У Магілёве гамафобныя настроі падтрымлівае і гарадская газета «Вечерний Могилёв».

«Яна называе вялікую колькасць людзей вычварэнцамі, садамітамі. А гэта гэтыя людзі могуць быць, ну, дзіцё можа быць такім, ці сусед, сябар. І называць іх вычварэнцамі, садамітамі ў сваіх артыкулах – гэта проста брыдка», – кажа Канстанцін Чарноў.

Калі людзі бачаць такую пазіцыю ў СМІ, то часцяком могуць успрымаць гамафобію як норму. Мы спыталі на вуліцах Магілёва, што лічаць на гэты конт грамадзяне:

«Гэта ўвогуле непрымальна ў чалавечым грамадстве».
«Я супраць гэтага, гэта не тое, што патрэбна, трэба жыць такім жыццём, як ёсць у нас, хрысціянскім».
«Мы з вамі жывём у такі час, калі яно пачынае ўваходзіць у нормы, але па сутнасці мы іншай загартоўкі».
«Нічога дрэннага ў гэтым не бачу. Усе людзі вольныя. Кожны абірае тое, што хоча».
«Няхай жывуць па-свойму, сваім жыццём, але каб гэта іншых не датычыла».
«Я іх не чапаю, яны мяне не чапаюць, няхай жывуць».

Працаваць з уразлівымі групамі ў Магілёве збіраецца ініцыятыва «Новыя рэгіёны», якая заявіла пра сябе, надрукаваўшы стыкеры на адпаведную тэму. Адна са стваральнікаў ініцыятывы «Новыя рэгіёны» Аліна Пазнякова кажа:

«Галоўны стыкер, пра які ўсе ведаюць, гэта «Вячэрні Магейлёў», ён асабліва хутка разляцеўся, бо ў людзей ужо набалела, набалела тая дзейнасць, якую робіць гэтая газета».

Абое магілёўцы, Аліна і Канстанцін у межах ініцыятывы ладзяць лекцыі, кінапаказы ды ўоркшопы для ЛГБТ-людзей.

«У нас у краіне ўсё яшчэ здзяйсняюцца забойствы ЛГБТ+ людзей, забойствы гэтых людзей не разглядаюцца як на падставе нянавісці, яны разглядаюцца, як, напрыклад, апошняя такая гучная справа Міхаіла Пішчэўскага, палічылі, як хуліганства і забойцу выпусцілі праз 12 месяцаў», – кажа прадстаўніца ініцыятывы «Новыя рэгіёны» Аліна Пазнякова.

Мэта ініцыятывы – стварыць пляцоўку, куды людзі могуць прыйсці і ўбачыць, што яны такія не адныя, дзе яны могуць не баяцца быць самымі сабою. Бо на сёння адкрытых пляцовак для ЛГБТ-супольнасці ў беларускіх рэгіёнаў не стае.

Вольга Васільева, belsat.eu