ЛГБТ-тураператар атрымаў пагрозы за арганізацыю паездак у эфіёпскую святыню

время чтения: 2 мин

ЛГБТ-тураператар церпіць ад пагрозаў забойства і жорсткай мовы варожасці з боку эфіёпскай праваслаўнай супольнасці праз свае планы наведваць рэлігійныя святыні ў гэтай ўсходнеафрыканскай краіне.

Турыстычная кампанія Toto Tours распаліла варожасць да сябе пасля публікацыі ў сацсетках сваіх планаў па арганізацыі тураў у старажытнае месца пілігрымак Лалібела.

Гэта мясцовасць вядомая сваімі адметнымі скальнымі цэрквамі. Пост у сацсетках утрымліваў фразу з гульнёй словаў – “We will rock you” — “Мы вас разгайдаем” (“a rock” – cкала), якая мела спасылку на вядомую песню рок-гурта “Queen”. Прэзідэнт кампаніі Toto Tours Дэн Уэр упэўнены, што гэтыя словы няслушна зразумелі.

“Мы проста хацелі выпендрыцца,” – заявіў ён у інтэрвію VOA News, — “Гэта проста прымаўка. Яна не азначала нічога, акрамя таго, што ваша жыццё зменіцца, калі вы ўбачыце гэтае неверагоднае месца. Мы не збіраемся там займацца ніякім актывізмам”.

Пост Toto Tours быў заўважаны эфіёпскім блогерам Сэёўмам Тэшумам, пасля чаго мясцовыя рэлігійныя групы распачалі правядзенне акцыяў пратэсту, заклікаючы ўрад забараніць дзейнасць гэтага тураператара, папярэджваючы, што гей-падарожнікі могуць пацярпець ад гвалту падчас вандроўкі ў Эфіёпію.

“Становішча, бы снежны ком, выходзіла з-пад кантролю,” – падкрэсліў Дэн Уэр.

3 чэрвеня намеснік старшыні эфіёпскай праваслаўнай арганізацыі Аб’яднаная асацыяцыя Сілэстэ Міхрэт Дэрэе Нэгаш асудзіў дзеянні тураператара. Ён сцвердзіў, што геі, якія прыедуць па пуцёўках Toto Tours, “зазнаюць шкоду і нават могуць загінуць” у Эфіёпіі. “Toto Tours зрабілі няслушны крок, вырашыўшы арганізоўваць туры па нашых рэлігійных і гістарычных мясцовасцях,” – дадаў ён.

Паводле the Guardian, Toto Tours заклікаў на абарону Дзярждэпартамент ЗША і Міністэрства турызму Эфіёпіі, падкрэсліваючы, што іх няправільна зразумелі.

“Мы прыйшлі сюды выключна з пачуццём найглыбачэйшай павагі і пакоры,” – падкрэсліў Уэр. “Падчас падарожжаў па ўсім свеце наша кампанія не мае намеру насаджаць каштоўнасці, якія супярэчаць мясцовым культурам. Мы ўсяго-толькі арганізацыя, якая дапамагае аднадумцам камфортна падарожнічаць разам, каб наведаць найбольш каштоўныя мясціны свету. Гэта жахлівая дыскрымінацыя, і калі вестка пра яе распаўсюдзіцца па ўсім свеце, што вельмі верагодна, яна зробіць адмоўны ўплыў на важную турыстычную індустрыю Эфіёпіі,” – дадаў ён.

Гамасэксуальныя акты з’яўляюцца крымінальным злачынствам у Эфіёпіі. Абвінавачаныя ў іх здзяйсненні могуць апынуцца ў турме на тэрмін да 15 год.

Аднак Уэр адзначыў, што быць геем не з’яўляецца злачынствам у гэтай краіне і выказаў меркаванне, што Эфіёпіі трэба змірыцца з тым фактам, што турысты-геі могуць знаходзіцца на яе тэрыторыі.

Toto Tours ладзіць вандроўкі па ўсім свеце з 90-х гадоў мінулага стагоддзя, галоўным чынам для кліентаў з ЛГБТ супольнасці. У дадзены час кіраўніцтва кампаніі чакае паведамленне ад уладаў Эфіёпіі з адказам на пытанне, ці могуць яны знаходзіцца ў гэтай краіне.

 

Паводле: https://www.pinknews.co.uk/2019/06/07/lgbt-tour-operator-facing-death-threats-over-visit-to-ethiopian-holy-site/