“Прыспеў час выпраўлення несправядлівасці”

время чтения: 3 мин

У Дзень памяці Халакоста пераслед гомасэксуалаў упершыню стаў тэмаю пленарнага пасяджэння ландтага ў Майнцы (зямля Райндланд-Пфальц). Цяпер мусіць быць створаны зямельны фонд для ўсіх ЛГБТІ-ахвяр пераследу, настойвае арганізацыя QueerNetRLP. 

Гандляр кнігамі Эміль Х. з сям’і вінаробаў у Нойштадце/Вайнштрасэ у 1938-м годзе на два гады трапіў у следчы ізалятар. Парушэнне мужчынам узмоцненага ў плане жорсткасці нацыстамі “гееўскага параграфа” 175 даказаць не ўдалося. Праз некалькі дзён пасля вызвалення ён зноў быў арыштаваны па загадзе тайнай паліцыі і адпраўлены ў канцлагер. Паследавала абвінавачанне і пакаранне без доказаў віны ці прызнання. “Эміль Х. памёр прыкладна ў 1945-м годзе ў канцэнтрацыйным лагеры”. Так апісваецца лёс гэтага чалавека ў даследаванні “Пераслед і дыскрымінацыя гомасэксуальнасці ў Райнланд-Пфальцы (РЛП) (1946-1975)”.

“Пераслед геяў прыйшоў у Райнланд-Пфальц пасля “Путча Рома”, — кажа Буркхард Елонэк, які напісаў сваю доктарскую працу пра пераслед гомасэксуалаў у часы нацыянал-сацыялізму. “Да гэтага нічога падобнага не было. Вага Эрнста Рома, гомасэксуальнага кіраўніка СА, была настолькі вялікай, што ён нават меў пэўны ўплыў на Гітлера”, — адзначае Елонэк. Сітуацыя цалкам змянілася з прыходам Генрыха Гімлера на пасаду кіраўніка паліцыі. Многія апынуліся ў папраўчых дамах, канцлагерах, былі забітыя або скончылі жыццё самагубствам. Геі ў Райнланд-Пфальцы не мелі падтрымкі ад насельніцтва і нават сталі ахвярамі гомасэксуальнага цкавання”, — распавядае Елонэк. “Паказальна, што людзей пераследавалі проста на вуліцы, калі нават толькі ўзнікала падазрэнне, што хтосьці мог быць геем”.

Пасля 1945-га году пераслед працягваецца

З вызваленнем Германіі ад нацыянал-сацыялістычнай дыктатуры пераслед, аднак, не скончыўся. “Няма ніводнай іншай групы ахвяр, каторая б зведала гэтую бесперапыннасць пры тым жа самым законе і і пры тых жа самых суддзях”, — адзначае спікер QueerNet Райнланд-Пфальц Ёахім Шультэ. Турмы летам 1945-га году адчыніліся для геяў, але ўвосень таго ж самага году зноў зачыніліся. Жыццё з вымагальніцтвамі і суіцыдамі працягвалася і пазней. Стаць выкрытым азначала для многіх геяў сацыяльную смерць на доўгія часы. Нават у лагернай іерархіі нацыстаў гомасэксуалы мелі самы нізкі ранг і таму часта выдавалі сябе за палітычных вязняў.

Ландтаг Райнлан-Пфальцу ў 2012-м годзе выбачыўся за пераслед гомасэксуалаў пасля 1945-га году і падтрымаў даследаванне. “Гэта першы праект свайго кшталту, які даследуе гэтую цёмную старонку адной з нямецкіх зямель”, напісаў у прадмове дырэктар Інстытута гісторыі часу Андрэас Віршынг.

Геі як небяспека ў законе аб маральнасці

Навукоўца Кірстэн Плёц у даследаванні паведамляе пра “значную дыскрымінацыю і пераслед мужчынскай гомасэксуальнасці ў маладой зямлі Райнланд-Пфальц”. Геі лічыліся небяспекай для так званага закона аб маральнасці, які мусіў стаць маральнай асновай федэральнай зямлі. Між 1948-м і 1969-м гадамі 2880 мужчын і маладых людзей былі асуджаны па “гомасэксуальным параграфе” 175. У дачыненні да 5939 падазраваных паліцыя ад 1953-га да 1968-га году праводзіла расследаванні па падобных дэліктах. “Апроч пакарання, пацярпелыя сутыкаліся са знявагамі і маральным ціскам, зведвалі праблемы на працы”.

“Дзяржава і грамадства самі ўзвалілі на сябе гэтую віну”, — сцвярджае ў даследаванні выканаўчы старшыня Федэральнага фонду Магнуса Хіршфельда Ёрг Літвіншу-Бартэль.

Зараз Плёц даследуе таксама лёсы лесбійскіх жанчын у Райнланд-Пфальцы, кажа дэпутат зямельнага парламента ад партыі “Зялёныя” Пія Шэльхамер. Яшчэ ў 1981-м годзе лесбійскія жанчыны не мелі права апекі. “Калі ў мужчын цэнтральным было крымінальнае права, то ў жанчын на асноўных ролях былі права на шлюб і развод, безальтэрнатыўныя жыццёвыя задачы ў шлюбе, становішча на рынку працы і замоўчванне іх існавання”, — піша Плёц.

“Светлафоравая” кааліцыя і ХДС за праект даследавання

Тры кааліцыйныя партыі і апазіцыйны ХДС у сумеснай заяве па культуры памяці патрабуюць ад зямельнага ўраду працягнуць распачаты з праектам даследавання працэс асэнсавання крымінальнага пераследу, дыскрымінацыі і рэабілітацыі гомасэксуальных людзей – з улікам гістарычных рэгіянальных аспектаў. Імпрэза ў ландтагу, прысвечаная памяці ахвяр нацыянал-сацыялізму 27-га студзеня – у дзень вызвалення канцэнтрацыйнага лагера Аўшвіц-Біркенаў (Асвенцым) 75 гадоў таму – упершыню сёлета праводзіцца пад знакам пераследаваных гомасэксуалаў.

За гэтым важным крокам, суправоджаным мерапрыемствамі па ўсёй федэральнай зямлі, мусіць “паследаваць кампенсацыя для геяў, лесбіянак, бісэксуалаў, транс- і інтэрсэксуалаў – усіх ахвяр пераследу ў Федэратыўнай Рэспубліцы Германіі”, — патрабуе QueerNet Райнланд-Пфальц. Зямля РЛП павінна стварыць фонд, які будзе даследаваць рэгіянальную гісторыю пераследу ЛГБТІ і ствараць культуру памяці, адзначае старшыня арганізацыі Шультэ. Гаворка вядзецца пра тое, каб падтрымліваць памяць і ўсведамленне таго, што пераслед можа адбывацца і ў дэмакратыі.

У заяве QueerNet Райнланд-Пфальц адзначаецца: “75 гадоў пасля заканчэння дыктатуры нацыянал-сацыялізму, 50 гадоў пасля першага  змякчэння параграфа 75 у 1969-м годзе наспеў час для выпраўлення гэтай несправядлівасці”.

 

Паводле: https://www.queer.de/detail.php?article_id=35373