Суд зноў адмяніў забарону квір-мерапрыемстваў у Анкары

Ужо другім разам суд спыняе гамафобныя забароны рэжыма Эрдагана.   

Адміністрацыйны суд Анкары другім разам прыпыніў прыхаваную забарону ЛГБТІ-мерапрыемстваў. Як паведаміла квір-арганізацыя Kaos GL, вырак быў прыняты пры канцы студзеня, але пра гэта стала вядома толькі на мінулым тыдні.   

Губернатар Анкары, дзяржаўны намеснік аўтарытарнага прэзідэнта Рэджэпа Таіпа Эрдагана, у 2018-м годзе ўвёў забарону і пры гэтым настаяў на прыняцці закона, згодна якога могуць быць забаронены мерапрыемствы, якія могуць нашкодзіць грамадскай бяспецы, здароўю, маралі і павінны абараніць насельніцтва ад правапарушэнняў. Аднак, паводле суда, чыноўнікі не прадставілі ніякіх дакументаў, якія абгрунтоўвалі б забарону. Адміністрацыя губернатара, маўляў, толькі абстрактна заявіла пра нейкую “інфармацыю сакрэтных служб”.     

Анкара ўвяла падобную комплексную забарону квір-імпрэзаў у 2017-м годзе. Пад забарону падпаў у тым ліку і фестываль ЛГБТІ-кінастужак, які быў арганізаваны з дапамогаю нямецкай амбасады. Увесну 2019-га году гэтая забарона была адменена судом.  

Стрэлы гумавымі кулямі ў квір-актывістаў

Таксама і ў іншых рэгіёнах, як то Стамбул, у мінулыя гады губернатары забаранялі аналагічныя мерапрыемствы. Квір-актывісты ўсё роўна выходзілі на вуліцы, каб адстойваць свае правы, але былі сустрэты паліцыянтамі, у тым ліку, і стрэламі гумавымі кулямі. У юрыдычным плане рэжым Эрдагана працягвае змаганне з ЛГБТІ: у лістападзе 2019-га году былі абвінавачаны 19 чалавек за ўдзел у вулічнай квір-акцыі на тэрыторыі аднаго з універсітэтаў Анкары. Судовы працэс над імі працягваецца.  

Турцыя легалізавала гомасексуальнасць у 1858-м годзе, больш як на сто год раней за Германію. Аднак асабліва ў апошнія гады становішча з ЛГБТІ істотна пагоршылася. Аўтакрат Эрдаган, які з’яўляецца прэм’ер-міністрам, а потым і прэзідэнтам Турцыі з 2003-га году, зноў і зноў выбудоўвае масты нянавісці ў дачыненні да ЛГБТІ-супольнасці.