“Зялёныя” асуджаюць гамафобныя рашэнні ў Польшчы

“Зялёныя” асуджаюць гамафобныя рашэнні ў Польшчы

время чтения: 2 мин

Амаль на траціне тэрыторыі Польшчы квір-людзі лічацца афіцыйна непажаданымі. Адпаведныя захады “распальваюць нянавісць”, папярэджваюць “Зялёныя”.

Рагнар Фогт

“Зялёныя” звярнуліся да рэгіянальных польскіх уладаў з патрабаваннямі адмяніць гамафобныя рашэнні. Такім чынам яны адрэагавалі на хуткае пашырэнне ў краіне так званых “зон, свабодных ад ЛГБТ”. Такія рашэнні і заявы “распальваюць нянавісць і павялічваюць страх у польскай ЛГБТ-супольнасці”, адзначаецца ў звароце дэпутатаў бундэстагу ад партыі “Зялёныя” Свена Лемана і Уле Шаўвса. Яны ў сваёй фракцыі адказваюць за квір-палітыку. 

У Польшчы, між тым, мясцовымі ўладамі прыняты каля 100 пастаноў пра “зоны, свабодныя ад ЛГБТ”, у тым ліку і кіраўніцтвамі пяці з шаснаццаці рэгіёнаў (ваяводстваў). Пры гэтым амаль у траціне Польшчы гомасэксуальныя, бісэксуальныя і транссэксуальныя людзі лічацца непажаданымі. 

“Атака на польскую ГЛБТ-супольнасць з’яўляецца атакай на адкрытае грамадства і такім чынам на ўсіх нас”, — падкрэсліваецца ў звароце парламентарыяў-“зялёных”. Такія рашэнні і дзеянні супярэчаць еўрапейскаму і міжнароднаму праву і “растоптваюць чалавечую годнасць”. 

Квір-варажнечыя акцыі ў Польшчы ўжо даўно выклікаюць міжнароднае абурэнне. Так, у лістападзе 2019-га году Еўрапейскі парламент асудзіў стварэнне “зон, свабодных ад ЛГБТ”. Жорсткая крытыка паследавала таксама і з боку еўрапейскага камісара па пытаннях роўнасці Хелены Далі. Такія рашэнні могуць хутка прывесці да фізічнага гвалту ў дачыненні да меншасцей, папярэджваюць яны. 

Апеляцыя да нямецкіх партнёрскіх абшчын, гарадоў і федэральных земляў 

Абодва дэпутата бундэстагу ад “Зялёных” Шаўвс і Леман апелююць да нямецкіх камун, гарадоў і федэральных земляў з заклікам закрануць гэтую тэму з партнёрскімі абшчынамі і ваяводствамі ў Польшчы. Калі ж яны не адклікаюць свае гамафобныя рашэнні, такія партнёрствы мусяць быць прыпынены на палітычным узроўні.

Невялічкае французскае мястэчка Сэн-Жэн-дэ-Брае ўжо пайшло па гэтым шляху: яно спыніла сваё партнёрства з польскім горадам Тухаў, паведаміў канал France24. Там таксама было прынятае рашэнне, накіраванае супраць ЛГБТ.  

Ультракансерватары абвінавачваюць “Атлас нянавісці”

Распаўсюд гамафобных рашэнняў у Польшчы прыцягнуў   міжнародную ўвагу перш за ўсё праз “Атлас нянавісці”. На анлайн-мапе краіны пазначаны ўсе абшчыны, акругі і рэгіёны, якія абвясцілі сябе “зонамі, свабоднымі ад ЛГБТ”. Ствараюць “Атлас нянавісці” тры ЛГБТ-актывісты. У сераду яны напісалі ў “Spiegel”, што ультракансерватыўны каталіцкі фонд “Ordo luris” выступіў з абвінавачваннямі на іх адрас. Фонд аргументаваў у польскім анлайн-партале Onet сваю скаргу тым, што згадванне абшчын у “Атласе нянавісці” шкодзіць іх рэпутацыі. Адзін з прадстаўнікоў “Ordo luris” упэўнены, што “хлусня можа дыфамаваць жыхароў і лакальных палітыкаў”.