Еўрапарламентарыі апелююць да Венгрыі

Еўрапарламентарыі апелююць да Венгрыі

время чтения: < 1 мин

Венгрыя таксама мае абавязак выконваць стандарты правоў чалавека і прызнаваць транс-людзей. Пра гэта папярэдзілі дзясяткі дэпутатаў Еўрапейскага парламента ў лісце на адрас ураду ў Будапешце.   

63 дэпутаты Еўрапейскага парламента падпісалі адкрыты міжфракцыйны ліст, у якім запатрабавалі ад Венгрыі прызнаць існаванне транссексуалаў. Краіна, якой кіруе аўтарытарна скіраваны прэм’ер-міністр Віктар Орбан, два тыдні таму абвясціла, што паводле новага законапраекта транс-асобы страцяць права мяняць у дакументах сваю гендарную прыналежнасць і абранае імі самімі імя.    

Ліст апублікавала Інтэрнацыянальная ЛГБТІ-група – гэта група еўрадэпутатаў, якія выступаюць у абарону правоў квір-людзей. У сваім лісце еўрадэпутаты выказваюць сваю “вялікую заклапочанасць” развіццём падзей у амаль дзесяцімільённай дзяржаве, якая ўваходзіць у Еўрапейскі Саюз.   

Прававое становішча ў Еўропе з’яўляецца адназначным

У сваім допісе парламентарыі спасылаюцца на рашэнне Еўрапейскага суда па правах чалавека ад студзеня 2019-го году: тады суддзі ў Стразбурзе з нагоды скаргі, якая паступіла з Паўночнай Македоніі, пастанавілі, што транс-асобы маюць права на прызнанне сваёй гендарнай прыналежнасці (29683/16). Яшчэ ў 2015-м годзе еўрапейскія суддзі ў справе супраць Турцыі прынялі аналагічнае рашэнне. Гэтае права суадносіцца з Канвенцыяй аб правах чалавека (артыкул 8) (Права на прызнанне прыватнага і сямейнага жыцця). Апроч таго, Вярхоўны суд Венгрыі ў ліпені 2018-га году пастанавіў, што змяненне імя з’яўляецца правам транс-людзей, нагадваюць аўтары ліста. 

Падпісанты патрабуюць ад Венгрыі “паважаць прынцып самавызначэння асобы”. Гэта з’яўляецца абавязкам ураду ў Будапешце. 

Ліст, апроч іншых, падпісалі і еўрапейскія дэпутаты ад Германіі Біргіт Зіпель і Дэлара Буркхард (абедзве прадстаўніцы СДПГ), а таксама Тэры Райнтке, Хана Нойман, Расмус Андарсан і Эрык Марквард (усе — партыя “Зялёныя”). Таксама свае подпісы пад лістом паставілі аўстрыйскія еўрапарламентарыі Андрэас Шыдар і Эвелін Рэгнер (абодва – Сацыял-дэмакратычная партыя Аўстрыі). Сярод тых, хто падпімсаў ліст, — ірландка Марыя Уэльш і фінка Сірпа Піецікенен з Еўрапейскай народнай партыі.