Польшча: Парламент у першым чытанні падтрымлівае забарону сексуальнага выхавання

Законапраект, ініцыяваны гома- і трансварожым аб’яднаннем, прадугледжвае турэмнае пакаранне за “падтрымку” ці “рэкламу” “палавых зносін ці іншых актыўнасцей” непаўналетніх. 

Нягледзячы на крытыку ў самой краіне і па-за яе межамі, польскі парламент у чацвер прагаласаваў за тое, каб перадаць для дапрацоўкі ў камітэты пасля прыняцця ў першым чытанні спрэчны і гамафобна матываваны законапраект па забароне сексуальнага выхавання. 

199 дэпутатаў прагаласавалі за неадкладнае адхіленне ўнесенага пазапарламенцкай арганізацыяй законапраекта ў першым жа чытанні – і сярод іх ніводнага дэпутата  ад урадавай партыі “Права і справядлівасць” (ПіС). 246 дэпутатаў прагаласавалі за тое, каб і надалей працаваць над гэтым законапраектам. 15 парламентарыяў устрымаліся або не галасавалі. Таксама ў камітэты пасля першага чытання быў накіраваны і спрэчны “грамадзянскі” законапраект аб больш жорсткім рэгуляванні права на аборт. Заклікі аб неадкладным адхіленні законапраектаў ці тэрміновым разглядзе з другім чытанні не знайшлі падтрымкі ў большасці. Галасаванню днём раней папярэднічалі гарачыя дэбаты.  

Афіцыйна ўнесены ультракаталіцкім ненавісніцкім аб’яднаннем законапраект па сексуальным выхаванні абгрунтоўваецца барацьбой супраць педафіліі. Праект прадугледжвае пашырэнне параграфа 200b Крымінальнага кодэксу, які прадугледжвае грашовыя штрафы або пазбаўленне волі да двух год “за адкрытую рэкламу ці падтрымку педафіліі”. Новы падпункт павінен замацаваць, што аднолькавыя пакаранні будуць пагражаць тым, хто “публічна прапагандуе або прапануе палавыя зносіны непаўналетніх”.    

У якасці непаўналетніх пры гэтым разглядаюцца асобы маладзей за 18 год, у той час як у Польшчы абароненым узростам лічыцца 15 год. Тры гады зняволення могуць пагражаць за тое, калі “прапаганда” палавых зносін непаўналетніх адбываецца ў масавай камунікацыі. Такія “паводзіны” таксама могуць пацягнуць тры гады няволі, калі гэта адбываецца на тэрыторыі школы або іншай установы адукацыі або ва ўзаемасувязі з выхаваннем, адукацыяй, лячэннем ці суправаджэннем непаўналетніх. У гэтых выпадках карацца будуць “рэклама або падтрымка” палавых зносін ці іншых сексуальных актыўнасцей непаўналетніх”.    

Закон супраць “прывыкання” да гомасексуальнасці

Яшчэ мінулай восенню сейм мінулай кадэнцыі прагаласаваў з тое, каб не адхіляць “грамадскі” законапраект, а дапрацаваць яго ў камітэтах. Пасля парламенцкіх выбараў спатрэбілася новае першае чытанне. Тэкст закону паходзіць з аб’яднання “Стоп педафіліі”, якое мінулым летам правяло шэраг імпрэз па ўсёй краіне з дапамогаю аўтобуса нянавісці і “інфа-стэндаў” са зборам подпісаў у падтрымку сваіх намераў.      

Вэб-старонка аб’яднання, з пункту гледжання праваабаронцаў, распаўсюджвае непраўдзівую інфармацыю пра законапраект і цкаванні. Мэтаю з’яўляецца нібыта “абарона дзяцей ад сексуальнага гвалту з боку ЛГБТ-актывістаў і прадухіленне сексуалізцыі падлеткаў”. Так, гучаць засцярогі ад выхавацеляў сексалогіі, “якія абуджаюць дзяцей сексуальна і прасоўваюць у іх гомасексуальнасць, маструбацыю і іншыя сексуальныя актыўнасці”. Таксама адзначаецца, што “сексуальнае выхаванне, у выніку якога дзеці сексуальна стымулююцца і прызвычайваюцца да гомасексуальнасці”, з’яўляецца “сродкам ЛГБТ-лобі ў палітычных мэтах”. Кіруемая Марыюшам Дзяржаўскім з антыабортавай арганізацыі “Fundacja Pro” і пры судзеянні ультракаталіцкага інстытуту “Ordo Luris” “Стоп педафілія” з’яўляецца часткаю сеткі еўрапейскіх гоманенавіснікаў, такіх як “Маніфест для ўсіх” у Германіі.        

На парламенцкіх дэбатах у сераду Марыюш Дзяржаўскі, які ўнёс законапраект, падкрэсліў, што “наіўныя дзеці з’яўляюцца лёгкай здабычаю для педафілаў”, і такі законапраект супрацьдзейнічае іх непатрэбнаму выкарыстанню. Паводле партала oko.press, ён дадаў, што секс-выхавацеляў падтрымлівае Джордж Сорас (папулярная антысеміцкая тэорыя), што гомасексуальнасць з’яўляецца вычварэннем, а гомасексуалы маюць у сярэднім па 200 сексуальных  партнёраў.    

Міністэрства юстыцыі вітае законапраект

Левыя, лібералы, а таксама кансерватыўныя апазіцыйныя палітыкі на гэта адказваюць, што толькі асвета можа прадухіліць гвалтоўныя дзеянні, а гэты законапраект можа толькі паспрыяць такім дзеянням і згвалтаванням. Яны нагадваюць, што Канстытуцыйны суд, шматлікія навукоўцы, а таксама Еўрапейскі парламент у сваіх ацэнках асуджаюць законапраект і заяўляюць пра гамафобныя абгрунтаванні і інтэнцыі з боку спрычыніўшыхся да яго арганізацый.    

Сексуальнае выхаванне не з’яўляецца ранняй сексуалізацыяй, але суправаджае маладзёнаў, якія натуральным чынам адкрылі сваю сексуальнасць і пражылі гэта, аргументуе сваё стаўленне апазіцыя. Такі законапраект шкодзіць паўнавартаснай і неабходнай асвеце і такім чынам сее недавер да выхавацеляў-сексолагаў, настаўнікаў, урачоў, а таксама страх перад сексуальнымі меншасцямі. Адна дэпутат нагадала пра абзац, які тычыцца сродкаў масавай камунікацыі: “У выпадку дзеяння закона нелегальнымі сталі б такія тэлесерыялы як “Секс-адукацыя”. Вы жадаеце цяпер арыштаваць Netflix?”   

Намеснік міністра юстыцыі Марцін Вархал ад імя сваёй установы заявіў, што вітае законапраект, бо секс-выхаванне вядзе да разбурэння сям’і, прагі да парнаграфіі, агрэсіі ды непажаданых цяжарнасцей і штурхае маладзёнаў да згвалтаванняў: яны, маўляў, найчасцей здараюцца з удзелам непаўналетніх. Гамафобны дэпутат ад ПіС Пшэмыслаў Чарнэк падкрэсліў, што парламент будзе выступаць супраць “дэмаралізацыі дзяцей” і караць тых, “хто прасоўвае свае сексуальныя актыўнасці”. Маўляў, “цудоўнейшы” законапраект ад “Fundacja Pro” атрымаў падтрымку праз сотні тысяч подпісаў насельніцтва.    

Анты-аборт-актывісты нагадваюць пра Гітлера 

Апошняй восенню сотні квір-дэманстрантаў выйшлі да парламента падчас разгляду законапраекта ў першым чытанні – на гэтым тыдні актывісты і актывісты праз абмежаванні, звязаныя з барацьбой з каронапандэміяй, былі вымушаны перайсці да онлайн-актыўнасці, а таксама праводзіць невялікія акцыі падчас закупак у крамах ці ў машынах. У большасці пратэсты былі звязаныя з іншым, звязаным з першым, законапраектам, які робіць істотна больш жорсткімі правілы на права на аборт.   

Ён быў унесены ультракаталіцкай і адначасова гамафобнай актывісткай Каяй Годэк з “Фонду жыцця і сям’і”. Годэк падчас дэбатаў засцерагла дэпутатаў: “Сёння ў вас вельмі просты выбар —  вы за забойства ці вы супраць забойства?”. Яна прыгразіла пратэстамі перад парламенцкімі ўстановамі, назвала аборты як “больш страшную пандэмію за каронавірус” і падкрэсліла, што польскі палітыкум выкарыстоўвае яўгеніку нацыстаў. На адрас апазіцыі яна заявіла: “Калі вы выступаеце з патрабаваннем свабоды абортаў, ведайце, што месяц назад споўнілася 77-я гадавіна ўвядзення Адольфам Гітлерам бясплатных абортаў для польскіх жанчын – з гэтае нагоды я жадаю вам усяго найлепшага”.       

Падчас гарачых дэбатаў адзін дэпутат ад праваэкстрэмісцкай Канфедэрацыйнай партыі кінуў на адрас апазіцыі: “Калі я вас слухаю, я хацеў бы зрабіць нешта, каб вы зніклі. Але я ніколі ў жыцці не стаў бы галасаваць за тое, каб засмактаць вас вялікім пыласосам або жыўцом чацвертаваць”.   

Ці парынуць законапраекты ў камітэтах?

Пакуль некаторыя палітыкі з ПіС вітаюць законапраекты, намеснік міністра аховы здароўя не стаў адкрыта яго хваліць, аднак выступіў за прагрэс у падтрымцы цяжарных жанчын. Польскія медыя паведамляюць, што згодна неафіцыйных дадзеных з урадавых колаў законапраект пра аборты назаўжды застанецца ў камітэтах – планаванне ўзмацненняў у плане абмежаванняў на аборты ў апошнія гады прывяло да масавых пратэстаў і пагаршэння становішча ПіС, якая аналагічныя законапраекты падчас мінулых кадэнцый пакідала ляжаць у камітэтах.  

Праз адноўленую тактыку прытрымання ў камітэтах урад мог бы паспрабаваць стрымаць пры сабе кансерватыўных католікаў, а з іншага боку, не адштурхнуць ад сябе іншых выбаршчыкаў, мяркуе таксама і нямецкі тэлеканал ZDF. Але пра паслабленне не можа ісці гаворкі: менавіта па квір-тэмах, як то стварэнне зон, свабодных ад ЛГБТІ, ці пры стварэнні атмасферы супраць “гендарнай ідэалогіі” ПіС у апошнія гады дэманструе сваю непахіснасць.