«ВЯСЁЛКАВАЯ» МАПА ЕЎРОПЫ – 2020

Міжнародная сетка ЛГБТК+ арганізацыяў і ініцыятываў ILGA-Europe апублікавала 14 траўня 2020 года «Вясёлкавую» мапу і рэйтынгавы спіс Еўропы.

Паводле прыведзеных высноваў, зараз надышоў лёсавызначальны момант у барацьбе за роўныя правы для людзей ЛГБТІ на еўрапейскім кантыненце. У прыватнасці, адзначаецца, што еўрапейскія краіны, якія калісьці былі ўзорам для іншых у справе дасягнення роўнасці і недыскрымінацыі ЛГБКІ, зараз губляюць свае пазіцыі. Становішча пагаршаецца з-за пандэміі каранавірусу, якая аказвае адмоўны ўплыў на найбольш уразлівыя групы насельніцтва і выкарыстоўваецца ўрадамі некаторых краінаў як прычына для апраўдання сваёй палітыкі па абмяжоўванні правоў чалавека.

«Вясёлкавая» мапа — 2020 уключае ў сябе наступныя высновы:

  • у 49% еўрапейскіх краінаў не адбылося ніякіх станоўчых зрухаў, датычных правоў ЛГБТІ;
  • другі год запар краіны губляюць свае пазіцыі ў «Вясёлкавым» рэйтынгу Еўропы, бо знікаюць механізмы абароны ЛГБТI, якія некалі існавалі;
  • асноўныя станоўчыя або адмоўныя змены датычыліся правоў трансгендарных людзей;
  • інтэрсэкс-людзі сталі атрымоўваць дзе-нідзе абарону ад дыскрымінацыі і раўнапраўе на заканадаўчым узроўні;
  • заняпад найбольш заўважны ў краінах, дзе значна абмежаваныя грамадска-палітычныя правы грамадзянаў. ЛГБТІ-праваабаронцы адчуваюць сябе там у значна большай рызыцы, улады гэтых краінаў прымаюць актыўныя захады па змяншэнні ўплыву арганізацыяў грамадзянскай супольнасці і робяць намаганні па забароне публічных мерапрыемстваў.

Паводле выканаўчай дырэктаркі ILGA-Europe Эвелін Парадыз,

«надышоў крытычны час для роўнасці ЛГБТІ ў Еўропе. Гісторыя сведчыць, што тыя, хто былі найбольш уразлівымі перад крызісам, робяцца яшчэ больш уразлівымі па яго завяршэнні. Таму ёсць усе прычыны хвалявацца за надыход «ідэальнага шторму» для шматлікіх людзей ЛГБТІ ў Еўропе ў некалькі наступных год, спрычыненым палітычным самазаспакаеннем, узмацненнем рэпрэсій і сацыяльна-эканамічнымі цяжкасцямі».

Рэспубліка Беларусь займае 44 месца ў «Вясёлкавым» рэйтынгу сярод 49 еўрапейскіх краінаў. Пры гэтым у краіне толькі на 13% выконваюцца правы чалавека для людзей ЛГБТІ.

https://www.ilga-europe.org/sites/default/files/2020/belarus.pdf

https://rainbow-europe.org/#8623/0/0

Дзеля паляпшэння прававога становішча прадстаўнікоў ЛГБТІ-супольнасці ў Беларусі ILGA-Europe рэкамендуе:

  • прыняць законы аб злачынствах на глебе варожасці і аб мове варожасці з недвухсэнсоўнымі санкцыямі за злачынствы, здзейсненыя з-за прадузятага стаўлення на глебе сэксуальнай арыентацыі, гендарнай ідэнтычнасці і іншых сэксуальных характарыстык;
  • уключыць у прававыя нормы па процідзеянню мове варожасці выказванні пра прадстаўнікоў усіх групаў, дыскрымінаваных паводле сэксуальнай арыентацыі, гендарнай ідэнтычнасці і сэксуальных характарыстыкаў;
  • скасаваць усе перашкоды для эфектыўнага выкарыстання свабоды сходаў і асацыяцыяў ЛГБТІ-арганізацыямі ды забяспечыць дзяржаўную абарону і бяспеку ЛГБТІ-праваабаронцаў.

Паводле: https://www.ilga-europe.org/resources/news/latest-news/rainbow-map-2020-points-make-or-break-moment-lgbti-rights-europe