Албанія – трэцяя еўрапейская краіна з забаронай «рэпаратыўнай» тэрапіі 

Албанскія псіхолагі забаранілі выкарыстанне так званай «рэпаратыўнай тэрапіі», пры дапамозе якой спрабуюць змяніць сэксуальную арыентацыю маладых ЛГБТ-людзей. Гэты крок вітаўся прадстаўнікамі праваабарончага руху краіны. 

Гэта рашэнне было прынятае Албанскай псіхалагічнай асацыяцыяй 15 траўня 2020 года. Мясцовая ЛГБТ-асацыяцыя «Ружовая амбасада» падкрэсліла ў адмысловай заяве «асаблівую значнасць для моладзі» гэтага рашэння. 

Усе зарэгістраваныя тэрапеўты Албаніі павінны быць чальцамі Албанскай псіхалагічнай асацыяцыі. Яе рашэнні канчатковыя і «юрыдычна правамоцныя», заявіў кіраўнік «Ружовай амбасады» Алцін Хазізай у сваім інтэрв’ю Агенцыі «Франс-прэс» (AFP).

«Гэта канчатковае рашэнне, якое не павінна дадаткова зацвярджацца заканадаўчымі або выканаўчымі ўладамі, каб уступіць у дзеянне», — паведаміў сп. Хазізай. 

«Ружовая амбасада» сцвярджае, што бацькі часцяком «змушаюць» маладзёнаў праходзіць падобную тэрапію. 

«Нягледзячы на тое, што падобная тэрапія ў Албаніі мала выкарыстоўвалася, сам факт дазволу на яе ўжыванне выклікаў сурёзную заклапочанасць», — дадаў сп. Хазізай. 

Паводле звестак гэтай НДА, дадзеныя з іншых краінаў паказваюць, што людзі, якія прайшлі «рэпаратыўную» тэрапію, былі ў 8,4 разы больш схільныя да здзяйснення самагубства. Таксама яны ў 5,9 разоў больш былі схільныя да праяваў глыбокай дэпрэсіі. 

Медыцынскія эксперты лічаць псіхалагічныя або духоўныя ўмяшанні для змены чыёй-небудзь сэксуальнай арыентацыі псеўданавуковымі, неэфектыўнымі і часта шкоднымі. 

Найбольш супярэчлівыя метады «рэпаратыўнай» тэрапіі ўключаюць у сябе выкарыстанне электрашоку падчас прагляду пацыентам гомасэксуальных актаў, а таксама інекцыі мужчынскага гармону тэстастэрону.  

У сакавіку 2018 года Еўрапарламент прыняў рэзалюцыю з асуджэннем падобнай тэрапеўтычнай практыкі і запатрабаваў ад краінаў-чальцоў ЕС яе афіцыйнай забароны. 

На пачатку траўня 2020 года Нямеччына сталася другой еўрапейскай краінай пасля Мальты, дзе была забаронена «рэпаратыўная» тэрапія ў дачыненні непаўнагадовых. 

За апошнія некалькі год вельмі кансерватыўная Албанія зрабіла прагрэсіўныя крокі па абароне правоў геяў. У прыватнасці, у 2010 годзе быў прыняты закон супраць дыскрымінацыі на глебе сэксуальнай арыентацыі. 

Аднак, паводле «Ружовай амбасады», які і шмат у якіх іншых краінах на паўднёвым усходзе Еўропы, у штодзённым жыцці большасць ЛГБТІ-людзей Албаніі ўсё яшчэ сутыкаецца з прадузятым стаўленнем, дыскрымінацыяй і хатнім гвалтам.

«Стаўленне грамадства да ЛГБТ-супольнасці… застаецца адным з найбольш непрыязных на еўрапейскім узроўні», — зазначае НДА «Ружовая амбасада» у сваёй заяве. 

France 24