Вялебны Джым Мэрыт: успамін пра трагедыю ў Арланда

Чэрвень – традыцыйны час ЛГБТКІ прайдаў. Гэты месяц быў абраны ў памяць пра масавыя пратэсты ў Стоўнвол Ін у Нью-Йорку, якія адбыліся 28 чэрвеня 1969 года і запалілі рух за грамадзянскія правы ЛГБТКІ-супольнасці ў ЗША. 

Мне падабаецца прайд. На працягу шасці год я быў прэзідэнтам кокусаў геяў і лесбіек у Дэмакратычнай партыі Фларыды. За гэты час я наведаў практычна кожны прайд-фэст у Фларыдзе і браў непасрэдны ўдзел у шматлікіх прайд-парадах. Таксама мне пашчасціла быць прэзідэнтам прайду горада Сарасота і сябрам праўлення міжнароднай арганізацыі прайд-фэстаў Інтэрпрайд

Некаторыя людзі ў ЗША запытваюцца ў мяне, ці нам усё-яшчэ патрэбны «Гей-прайд». Я ўпэўнены, што так.   

У Арланда, дзе я жыву, чэрвень прыносіць з сабою і іншую трагічную згадку. 12 чэрвеня 2016 года сорак дзевяць чалавек развіталіся з жыццём падчас тэракту ў начным клубе «Пульс», асабліва папулярным сярод мясцовай ЛГБТК-моладзі.

«Пульс» знаходзіцца ўсяго ў дзевяці кіламетрах ад майго дома ў Арланда. Таму гэта начная трагедыя была для мяне наймацнейшым асабістым ударам.  Я назаўсёды запомніў тую скруху, якая мяне перапаўняла, калі я даведаўся гэту страшную навіну і рыхтаваўся да вядзення службы ў маёй царкве нядзельным ранкам наступнага дня. Як я мог прапаведаваць? Як я мог выказаць свой смутак і гнеў? Як я мог маліцца разам са сваімі прыхаджанамі ў стане шоку і няверы ў тое, што адбылося?

Мы спявалі, мы маліліся, мы абдымалі адно аднога і выказвалі нашу падтрымку тым, хто выжыў падчас тэракту і тым, хто страціў падчас гэтай трагедыі сваіх блізкіх. Праз чатыры гады наш сум усё-яшчэ невыносны. Мы ўзгадваем кожнага, хто загінуў у тую ноч у «Пульсе» і 53 асобы, якія былі параненыя і выжылі. Мы ганарымся нашай ЛГБТКІ-супольнасцю, якая праявіла салідарнасць і гучна заклікала да прадухілення падобных трагедыяў у Арланда і іншых мясцінах. У памяць пра бессэнсоўна загінулых кожны з нас забавязаўся прысвяціць сваё жыццё дасягненню інклюзіі, роўнасці, справядлівасці і павагі да кожнага. 

Шаноўныя сябры, згадваючы пра мінулае, мы павінны ісці наперад разам на шляху да роўнасці і годнага стаўлення да кожнага. Жадаю вам шчаслівага прайду! Дасылаю Вам Боскае дабраславенне любові і міру. 

Вялебны Д-р Джым Мэрыт

 

Арланда, 12 чэрвеня 2020 года 

Аўтар і фота: Вялебны Джым Мэрыт