Канада: прайд, гісторыя і бачнасць

Калі я нарадзіўся ў 1960-х гадах у Таронта, мая радзіма Канада не была прыязным месцам для ЛГБТІ-людзей. Геі і лесбійкі былі ў нелегальным становішчы. За ЛГБТІ-людзямі цікавала паліцыя і іншыя органы ўлады. За прыналежнасць да ЛГБТІ-супольнасці звальнялі з працы і выкідвалі з арандаваных кватэраў, калі працадаўца або ўласнік жытла даведваліся пра гома- ці бісэксуальную арыентацыю або трансгендарную ідэнтычнасць працаўніка ці арандатара.  ЛГБТІ-супольнасць не мела ніякіх правоў або сродкаў абароны. У выніку шмат людзей няспынна пакутавалі ад гвалту і знявагаў.

«Гома-малако» зноў у гастраноме. Аўтар фота: Р.Мілкавіч

Справы пачалі змяняцца ў 1969 годзе. У апошні тыдзень чэрвеня таго года адбыліся дзве лёсавызначальныя падзеі. Па-першае, разгарэліся Стоўнвольскія бунты ў Нью-Ёрку, падчас якіх упершыню за ўсю гісторыю паліцэйскага гвалту супраць ЛГБТІ-людзей пакрыўджаныя далі адпор крыўдзіцелям. У прыватнасці, тады асабліва вылучыліся трансгендарныя цёмнаскурыя людзі. Па-другое, адбылася дэкрыміналізацыя гомасэксуальнасці ў Канадзе. Захавалася цытата тагачаснага прэм’ер-міністра Канады П’ера Эліёта Трудо,бацькі цяперашняга  прэм’ер-міністра Канады Джасціна Трудо: «Дзяржаве не месца ў спальнях нацыі».

Спачатку змены адбываліся павольна. У 1971 годзе адбыўся першы «гей-пікнік» на выспе Таронта. Прайд-парады распачаліся ў 1974 годзе і з кожным годам рабіліся ўсё буйней і буйней. Добрую хуткасць барацьба за раўнапраўе набрала ў 1980-х: юрыдычныя правы і механізмы абароны для лесбіек і геяў былі замацаваныя ў 1980-х – 1990-х гадах; аднаполыя шлюбы і поўная юрыдычная роўнасць былі легалізаваныя ў 2005 годзе; трансгендарныя людзі, нарэшце, атрымалі роўныя правы і механізмы абароны ў 2017 годзе. Цяпер на прайд-парады ў Канадзе збіраюцца звыш за мільён гледачоў і ўдзельнікаў штогод.

Карані канадскіх прайдаў: постэр першага гей-пікніка ў Таронта
Аўтар фота: невядомы.

Атрыманне ЛГБТІ-супольнасцю роўных правоў мела цікавыя наступствы. Адна з рэаліяў, якую я памятаю з дзяцінства, была “Homo Milk” («Гома-малако»). Гэта адмысловы канадскі скарот для «гамагенізаванага малака» тлустасцю 3,25%. Ніхто не лічыў дзіўным называць малако «гома», і гэты тэрмін шырока выкарыстоўваўся ў штодзённым жыцці. Аднак у 1990-х гэты скарот пачаў знікаць з пакункаў малака. Яго замяніла поўная версія гэтага слова — «гамагенізаванае». Ніхто не ведаў, чаму так адбылося. Магчыма, гэта быў знак аб тым, што канадцы сталі больш даведвацца пра ЛГБТІ-людзей і, магчыма, ім стала няёмка набываць прадукт з надпісам «гома» на пакунку. Зараз жа тэрмін «гома» вярнуўся на малочную ўпакоўку. Канадская ЛГБТІ-супольнасць мае поўныя і роўныя правы, існуе менш гамафобіі ў параўнанні з мінулым. Магчыма, вяртанне «гома-малака» звязанае з гэтымі станоўчымі зменамі ў грамадстве.

Аляксандр Вуд правярае жаўнера. Аўтар фота: Robert-Mouse on flickr.com

У сувязі з гэтым узнікае цікавае назіранне пра важнасць бачнасці. Калі супольнасць меншасці нябачная, яна сутыкаецца з больш частымі праявамі прадузятасці і дыскрымінацыі. З іншага боку, прадузятасць, дыскрымінацыя і пераслед змяншаюцца, калі меншасць бачная і людзі па-за ёю знаёмяцца з яе прадстаўнікамі.

Мы былі сведкамі гэтага працэсу ў Паўночнай Амерыцы ў 1980-х, калі вялікая колькасць ЛГБТІ-людзей наважылася на камінаўт. Гэты трэнд суправаджаўся змяншэннем узроўню гамафобіі ў грамадстве. Таксама як у Канадзе, так і ў Злучаных Штатах супраціў аднаполым шлюбам значна зменшыўся разам з прыняццем закона аб аднаполых сужэнствах. Было цікава назіраць, што, калі гетэрасэксуальныя людзі знаёмяцца з прадстаўніком ЛГБТІ-супольнасці, іх прадузятае стаўленне, забабоны і гамафобія кудысьці знікаюць. Прытым хутка.

Асабістыя расповеды і гістарычныя згадкі таксама дапамагаюць палепшыць бачнасць меншасці…

У гей-вёсцы Таронта ў 2005 годзе ўзвялі статую з бронзы вышынёй 2,5 метра на гранітным п’едэстале з некалькімі таблічкамі з апісаннем гістарычных падзеяў. Гэты помнік увекавечвае Аляксандра Вуда, гандляра з Шатландыі, які атабарыўся ў брытанскай калоніі Верхняя Канада (цяпер – правінцыя Антарыё) у 1793 годзе.

Аляксандр Вуд стаўся вядомай асобай у калоніі ды аднаго дня стаў мэрам горада Ёрк, цяпер вядомага пад назвай Таронта. У 1810 годзе адна жанчына паскардзілася ў паліцыю, што яе згвалтавалі жаўнеры, і што яна паспела падрапаць геніталіі аднаго з іх. Таму нападніка вызначыць было проста. Аляксандр Вуд вырашыў правесці «праверку» жаўнераў тэт-а-тэт. З’явіліся чуткі ды інсінуацыі. Разгарэўся сэксуальны скандал. У выніку мэр быў вымушаны вярнуцца ў Шатландыю. Гвалтаўніка пры гэтым так і не знайшлі.

Аляксандр Вуд вярнуўся ў Ёрк у 1812 годзе падчас вайны паміж Вялікабрытаніяй і Злучанымі Штатамі Амерыкі. Ён аднавіў свой бізнэс, набыў дваццаць гектараў лесу на ўскрайку горада і зноў узначаліў магістрат.

“Хмызняк Молі Вуда” стаўся папулярным месцам сустрэч геяў. Аўтар фота: jericl cat on flickr.com

Аляксандр Вуд не быў жанаты. Пазней было знойдзена яго ліставанне з яшчэ адным выбітным жыхаром Верхняй Канады, якога абвінавацілі ў гомасэксуальнасці. Уладанні Вуда былі папулярным месцам сустрэчы гомасэксуальных мужчын Ёрка і называліся ў народзе «Хмызняк Молі Вуда». «Молі» ў тыя часы абразліва называлі геяў. Па іроніі лёсу 20 гектараў абшараў Аляксандра Вуда зараз займае гей-вёска Таронта, а спадар Вуд стаўся гей-іконай горада. Тры мясціны ў Таронта названыя ў яго гонар: вуліца Аляксандра, пляц Аляксандра і вуліца Вуда.

Аляксандр Вуд, гей-ікона, 1772-1844.
Аўтар фота: PhylG on flickr.com

Гэта статуя – адзін з вельмі нешматлікіх ЛГБТІ-помнікаў у свеце. Ён сімвалізуе трывушчасць асобы, якая зазнае абвінавачанні і скандалы. Таксама яна ўхваляе здатнасць Аляксандра Вуда акрыяць пасля асуджэння. Гэта прамы доказ таго, што «мы былі тут», што ЛГБТІ – гэта частка гісторыі. Яна спыняе нядобразычліўцаў, якія робяць выгляд, што ЛГБТІ-людзі не існуюць і ніколі не існавалі і сцвярджаюць, што мы нейкая дзіўная сучасная з’ява.  Гэта не так.

Святкуючы месяц прайду у Таронта, я азіраюся на трансфармацыі, якім стаў сведкам на працягу свайго жыцця. Помнік Аляксандру Вуду – нагадка з граніту і бронзы аб тым, што змены ў грамадстве магчымыя, і што яны могуць адбыцца вельмі хутка. Гэта маяк, які робіць цяперашнюю ЛГБТІ-супольнасць і яе будучыя пакаленні бачнымі ў свеце, а таксама разбурае бар’еры і забабоны. Хай гэта статуя і іншыя сімвалы нашай барацьбы за роўнасць і годнасць нагадваюць людзям, дзе б яны ні жылі, пра нашу гісторыю і натхняюць іншых на працу дзеля большай бачнасці ЛГБТІ-супольнасці і пазітыўных зменаў у дачыненні да яе.

 

Шчаслівага Прайду!

Аўтар: Р. Мілкавіч, Таронта, Канада