Новыя “Авіялініі ЛГБТ” выклікалі заклапочанасць у праваабаронцаў

Брытанскі грамадскі актывіст Пэтэр Тэтчэл заявіў, што Pride Airways – “вычварная даніна модзе”

З’яўленне новай авіякампаніі, якая будзе абслугоўваць толькі ЛГБТ+ падарожнікаў, выклікала абурэнне вядомага брытанскага ЛГБТ-актывіста Петэра Тэтчэла. На яго думку, тут відавочна адбываецца парушэнне правоў чалавека.

 

Першы рэйс Pride Airways запланаваны на пачатак красавіка наступнага года. З таго часу мяркуецца ажыццяўляць два рэйсы на тыдзень паміж Лонданам і Сан-Францыска. Мэта авіякампаніі – увайсці на падарожны рынак ЛГБТ+, які знаходзіцца на этапе імклівага пашырэння.

 

З дакументаў, якія сталіся надоечы нечаканым набыткам грамадскасці, стала вядома, што рэйсамі Pride Airways змогуць падарожнічаць толькі пасажыры, якія належаць да ЛГБТ+, каб “гарантаваць бяспечны і прыязны да ЛГБТ+ трансатлантычны пералёт”, а таксама “забяспечыць магчымасць спакойнага баўлення часу ў выключна тэматычным асяроддзі”. Экіпаж авіялайнера і бортправаднікі таксама будуць “пацверджанымі ЛГБТ-персонамі”.

 

Усё гэта робіцца для таго, каб ЛГБТ+ падарожнікі “атрымалі задавальненне ад палёту, падчас якога яны маглі б адпачыць і быць самімі сабою, не хвалюючыся за рэакцыю гетэрасэксуальных пасажыраў.”

 

Спадар Тэтчэл задаўся справядлівым пытаннем:

“Якім чынам пасажыры змогуць давесці ваю прыналежнасць да ЛГБТ? Якім чынам будзе датрымоўвацца палітыка кампаніі? Папахвае сэгрэгацыяй. Таксама выклікае вялікую заклапочанасць магчымае парушэнне прыватнасці і падставовых правоў чалавека. Цікава, што кіраўніцтва Pride Airways дагэтуль не пацвердзіла сваю прыналежнасць да ЛГБТ. Я настойваю на тым, каб яны давялі гэта фармальным чынам.”

 

У сваю чаргу, Pride Airways паведамляе ў прэс-рэлізе, што рэйсы авіякампаніі будзе абслугоўваць флот Boeing Dreamliner у прайдаўскай ліўрэі (гл. фота ніжэй). Прадстаўнікі авіякампаніі абяцаюць “сапраўдны ЛГБТ-досвед на борце авіялайнера”. Мяркуецца, што Сэр Элтан Джон зайграе падчас першага рэйсу, а напоі будуць раздаваць чатыры апошнія пераможцы рэаліці-шоў RuPaul’s Drag Race.

 

Таксама Pride Airways “шчодра” дазволіць пасажырам перавозіць 30-кілаграмовы багаж, бо, як паказваюць вынікі апытанняў авіякампаніі, “ЛГБТ-людзі ніколі не падарожнічаюць напалёгку”.

 

“На дварэ 2021 год. А гэта – вычварная даніна модзе,” – дадаў спадар Тэтчэл. – “Не існуе сведчанняў таму, што ЛГБТ-людзі пачуваюць сябе небяспечна падчас палёту. Навошта ж тады ствараць эксклюзіўны досвед “бяспечнага” пералёту? Авіякампаніі трэба даць адказ на гэтыя пытанні. Падобна на чарговую спробу карпарацыі ўзбагаціцца на тэме. Ці ж няма на сёння больш важных праблемаў для вырашэння?” – дадаў брытанскі праваабаронца.