Малайзія абяцае забараніць больш фільмаў з героямі ЛГБТК

время чтения: 2 мин

Урад Малайзіі ўзмацніў цэнзуру фільмаў «з элементамі ЛГБТК+» пасля забароны кінастужкі «Тор: каханне і гром».

28 ліпеня малайзійскі кінапракатчык Golden Screen Cinemas абвясціў, што паказы апошняга фільма кінакампаніі Marvel, затрыманыя на два тыдні, наогул праводзіцца не будуць.

«Паважаныя кліенты, майце на ўвазе, што паводле паведамлення Disney “Тор: каханне і гром” вытворчасці Marvel Studios не будзе паказвацца ў Малайзіі», – гаворыцца ў заяве кампаніі ў сацыяльных сетках.

10 жніўня намеснік міністра сувязі і мультымедыя Малайзіі Західзі Зайнул Абідзін нарэшце паведаміў, што фільм быў адменены з-за персанажаў ЛГБТК+.

«Нядаўна адзін фільм не прайшоў цэнзуру, гэта новы фільм пра Тора», – сказаў ён падчас канферэнцыі ў парламенце Малайзіі.

«[Фільм] закрануў тэму ЛГБТ, але зараз мы бачым, што ёсць шмат фільмаў з элементамі ЛГБТ, якія пазбеглі вачэй цэнзуры».

Затым Західзі заявіў, што ў фільмах выкарыстоўваюцца тонкія спосабы ўключэння квір-складнікаў дзеля «прасоўвання ЛГБТ».

«Цяпер на тэлебачанні сярод кінастужак, якія прайшлі [цэнзуру], шмат фільмаў, поўных згадак ЛГБТ, – працягнуў ён. – Я расчараваны, бо знешні свет прапагандуе ЛГБТ».

Намеснік міністра таксама падкрэсліў, што ўрад пастаянна правярае фільмы і сацыяльныя сеткі на прадмет утрымання кантэнту ЛГБТК+ і «прыме сур’ёзныя меры супраць людзей, якія падтрымліваюць такія рэчы».

Бліжэй да канца свайго выступу ў парламенце Західзі паведаміў, што цэнзурныя магчымасці ўрада распаўсюджваюцца толькі на кінатэатры і тэлевяшчанне, пакідаючы стрымінгавым сэрвісам, такім як Disney+ і Netflix, магчымасць паказу забароненых фільмаў.

«Мы не можам кантраляваць замежныя платформы, да якіх лёгка атрымаць доступ у інтэрнэце, але з дзейнасцю ў краіне ў нас няма праблем. Мы заўсёды былі суворыя і адданыя справе», – сказаў ён.

«Тор: каханне і гром» – гэта не адзіны фільм, забаронены ў кінатэатрах Малайзіі.

Кінастужка «Баз Лайтар» ад Disney Pixar таксама была забаронена для кінапракату ў гэтай краіне з-за кароткага аднаполага пацалунку ў фільме паміж касмічнай кадэткай Алішай Хотарн (Уза Адуба) і яе жонкай.

Апроч цэнзуры СМІ, урад Малайзіі ўвесь час пераследуе супольнасць ЛГБТК+, ужываючы законы, якія забараняюць аднаполыя адносіны.

Зусім нядаўна арганізацыі Human Rights Watch і Justice for Sisters паведамілі, што краіна выкарыстоўвала дзяржаўныя сродкі для санкцыянаваных дзяржавай «рэтрытаў па канверсійнай тэрапіі».

Урад таксама прадэманстраваў анлайн-дадатак пад назвай Hijrah Diri – Homosexualiti, у якім сцвярджалася, што ён «дапамагае ЛГБТК+ людзям вярнуцца да сваёй прыроды».

 

Крыніца