Аднаполыя шлюбы ў Беларусі: як Акадэмія навук лічыла іх прыхільнікаў

Падчас сацыялагічнага апытання ў людзей спыталі пра іх сем’і. У выніку наша краіна аказалася самай гамафобнай у Еўропе.

Euroradio

Толькі 2,2% беларусаў падтрымліваюць аднаполыя шлюбы, паведамляе дырэктар Інстытута сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук Ігар Катляроў.

Гэта менш нават, чым у Расіі, якую лічаць ледзь не самай гамафобнай у Еўропе краінай. Там 7% расіян падтрымліваюць аднаполыя шлюбы.

Няўжо беларусы менш талерантныя? Насамрэч, сацыялагічнае даследаванне праводзілася Інстытутам сацыялогіі Акадэміі навук для вывучэння сямейных установак беларусаў. Два з шасці пытанняў сацыёлагаў тычыліся аднаполых шлюбаў.

Вось як цікава былі сфармуляваныя сцвярджэнні, з якімі трэба было пагадзіцца або не. Гэта пра сям’ю звычайную:

1. “Для мяне адзінай прымальнай формай сям’і з’яўляецца зарэгістраваны шлюб паміж мужчынам і жанчынай”. З ім цалкам згодныя 62,1% рэспандэнтаў, хутчэй згодныя ― 19%, хутчэй не згодныя ― 7,5%, не згодны ― 6,9%, 3,3% апытаных было цяжка адказаць на пытанне.

2. “Для мяне свабоднае (незарэгістраванае) сужыцце мужчыны і жанчыны цалкам дапушчальная форма сям’і”. З гэтым сцвярджэннем цалкам згодныя 12,8% рэспандэнтаў, хутчэй згодныя ― 33,7%, хутчэй не згодныя ― 20,5%, не згодныя ― 25,1%, 6,5% апытаных мелі цяжкасці з адказам.

…а гэта пра аднаполую:

“Я не буду супраць, калі хтосьці з чальцоў маёй сям’і ўступіць у зарэгістраваны аднаполы шлюб”. З ім цалкам згодны былі 2,2% рэспандэнтаў, яшчэ 2,3% хутчэй згодныя, хутчэй не згодныя ― 4,6%, цалкам не згодныя ― 82%. Яшчэ 7,2% цяжка было адказаць на пытанне.

Прадстаўніца праваабарончага цэнтра “Ідэнтычнасць” Наталля Манькоўская кажа, што з такой фармулёўкай пытання нельга высветліць сапраўднага стаўлення беларусаў да аднаполых шлюбаў:

“Пра аднаполы шлюб я тут нічога не бачу. Тут людзі адказвалі пра сваю сям’ю”, ― каментуе вынікі даследаванняў праваабаронца.

Па словах эксперта Незалежнага інстытута сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў (НІСЭПД) Сяргея Нікалюка, сцвярджэнне пра 2,2% падтрымкі аднаполых шлюбаў, уводзіць людзей у зман. Бо ў пытанні ёсць удакладненне пра чальцоў сваёй сям’і.

“Калі пытацца “ці не супраць вы аднаполых шлюбаў увогуле”, станоўчых адказаў будзе больш, хоць і не істотна”, ― мяркуе эксперт.

Еўрарадыё спытала мінакоў на вуліцах Брэста, як яны ставяцца да аднаполых шлюбаў і ці варта іх дазваляць у Беларусі.

Мужчына сярэдняга ўзросту з усмешкай сказаў, што пабываў шмат дзе і бачыў аднаполыя стасункі на ўласныя вочы:

 “Але не ведаю, напэўна, наша нацыя да гэтага не гатовая. Не зразумеюць людзі аднаполыя шлюбы, напэўна, дазваляць не варта”.

Маладая дзяўчына, гадоў 28, адразу заявіла:

“Я катэгарычна супраць аднаполых шлюбаў, хоць я і талерантны чалавек, але лічу, што гэта зусім недапушчальныя для жыцця рэчы, і лічу, што большасць беларусаў гэтак жа ставіцца”.

Іншая дзяўчына, якой крыху больш за 20, выказала супрацьлеглае меркаванне:

“Я стаўлюся добра. Лічу, што няважна, хто з кім сустракаецца, калі людзі кахаюць адзін аднаго, нічога супраць не маю. Лічу, што шлюбы мусяць быць”.

Пераважная большасць людзей на вуліцах Брэста апынулася супраць таго, каб дазволіць аднаполыя шлюбы ў Беларусі.

Паводле сацыялагічных даследаванняў сярод еўрапейскіх краін, самая вялікая доля тых, хто падтрымлівае аднаполыя шлюбы, у Нідэрландах ― 85%, Люксембургу ― 82% і Швецыі ― 81%. Самая нізкая ― у Расіі і Літве ― 7%. Ва Украіне ― 9%.

У цэлым, нават сярод дастаткова кансерватыўных еўрапейскіх краін ідэю аднаполых шлюбаў падтрымлівае немалая доля людзей.

Польшча ― 26%, Венгрыя ― 30%, Італія ― 51%, Ірландыя ― 62%. Для параўнання, у ЗША не супраць аднаполых шлюбаў 59%, а ў Японіі 41% жыхароў краіны.

Фота: galleryhip.com