Ганаровы пастар Царквы гарадской супольнасці Таронта звярнуўся да А.Лукашэнка

Я занепакоены тым, што са згоды ўрада вылучаюцца і пераследуюцца людзі ЛГБТ на падставе іх ЛГБТ-ідэнтычнасці тымі, хто злоўжывае рэлігіяй дзеля прасоўвання ідэяў нянавісці, выключэння і дыскрымінацыі. Ці ж рэлігія выкарыстоўваецца для маніпулявання ўрадам Беларусі для прычынення шкоды людзям ЛГБТ?

3 снежня 2018 г.

Шаноўны Прэзідэнт Лукашэнка,

Як стала мне вядома, япіскапы Аб’яднанай царквы хрысціянаў веры евангельскай, Саюза евангельскіх хрысціянаў баптыстаў, Аб’яднання абшчынаў хрысціянаў поўнага евангелля і Цэркваў хрысціянаў адвентыстаў сёмага дня даслалі Вам ліст са скаргай на суполку, што падтрымлівае правы ЛГБТ-супольнасці, якая ладзіла мерапрыемствы падчас велікодных святаў 6, 7, 8 красавіка, а таксама 21-22 красавіка 2018 года. Падчас дадзеных мерапрыемстваў вывучалася гісторыя ЛГБТ на постсавецкай прасторы. Падпісанты дадзенага ліста сцвярджаюць, што на гэтых мерапрыемствах прысутнічалі непаўнагадовыя, але не прыводзяць ніякіх доказаў гэтаму сцверджанню.

Таксама мне стала вядома, што беларускія ўлады адрэагавалі на гэты зварот замарожваннем актываў арганізатараў гэтых мерапрыемстваў і закрыццём культурніцкай пляцоўкі, дзе яны адбываліся, без прад’яўлення абвінавачванняў ці правядзення судовых слуханняў. Я таксама разумею, што арганізатары былі запалоханыя і зазналі пагрозы ў выніку з’яўлення гэтай скаргі.

Як сам ліст, так і рэагаванне на яго з боку беларускіх уладаў выклікаюць вялікую заклапочанасць.

Я занепакоены тым, што са згоды ўрада вылучаюцца і пераследуюцца людзі ЛГБТ на падставе іх ЛГБТ-ідэнтычнасці тымі, хто злоўжывае рэлігіяй дзеля прасоўвання ідэяў нянавісці, выключэння і дыскрымінацыі. Ці ж рэлігія выкарыстоўваецца для маніпулявання ўрадам Беларусі для прычынення шкоды людзям ЛГБТ?

Таксама я занепакоены адсутнасцю належнага расследавання дадзенай скаргі, што азначае, што іншыя людзі, якія не маюць ЛГБТ-ідэнтычнасці, могуць зрабіцца мішэнню адвольных абвінавачванняў у будучым. Калі адна сацыяльная група можа стаць аб’ектам пераследу выключна на падставе скаргі, то такі ж лёс можа напаткаць і іншыя. Чым гэта скончыцца? Ці ж можа нейкая група людзей быць пазбаўленая свабоды сходу толькі на падставе таго, што хтосьці, каму гэтая група не падабаецца, скардзіцца на яе ўладам?

Ці ж цэрквы маюць намер звярнуцца да палявання на ведзьмаў дзеля знішчэння рукамі ўладаў людзей, якіх яны ўспрымаюць, як сваіх апанентаў?

Асновай большасці сусветных рэлігіяў ёсць любоў і спагада. Часткай гэтага канцэпту ёсць прынцып “не нашкодзь”, які азначае, што мы не пераследуем і не прычыняем шкоду камусьці, з кім мы проста не згодныя. Як прапаведнікі, мы, вядома ж, можам пагадзіцца аб неабходнасці прыўнясення гэтага прынцыпу ў наш дыскурс, нават па тых тэмах, дзе мы не дасягаем згоды.

Зыходзячы з вышэйсказанага, я заклікаю ўрад Беларусі расследаваць належным чынам любую скаргу на любога грамадзяніна для таго, каб абараніць прадстаўнікоў грамадства ад адвольных арыштаў, канфіскацыяў, запалохванняў і падобных дзеянняў, а таксама ставіцца аднолькава да ўсіх сацыяльных групаў падчас разгляду скаргаў.

Таксама я заклікаю ўсе цэрквы і рэлігіі ў Беларусі застасоўваць прынцып “не нашкодзь”, рэагуючы на любую сітуацыю, і прызнаваць права людзей далучацца ці не далучацца да тых ці іншых рэлігійных мерапрыемстваў ці дзеянняў. Акрамя гэтага, заклікаю не ўжываць ігнараванне рэлігійнай дактрыны як прычыну для заахвочвання пераследу якіх бы ні было асобаў.

З павагай,

Вялебны д-р Брэнт Хокс, С.М,

Ганаровы пастар Царквы гарадской супольнасці Таронта (МСС)

Член Ордэна Канады

 

comments powered by HyperComments