Швейцарыя: Універсітэт выкідвае гамафобную дацэнтку

Выкладчыца тэалогіі, якая прапагандуе “аздараўленне” для гомасэксуалаў, больш не будзе весці курсы ва Ўніверсітэце Фрайбургу.

Ва Ўніверсітэце Фрайбурга больш не мае права выкладаць дацэнтка, якая спавядае ГЛБТІ-варажнечыя погляды. Пра гэта заявіў Марыяна Дальгада, дэкан тэалагічнага факультэта гэтай заходнешвейцарскай вэшэйшай навучальнай установы ў інтэрв’ю газеце “20 Minuten”.

Такім чынам факультэт рэагуе на скандал, які распачаў студэнцкі часопіс “Spektrum” у верасні 2019-га году. У паведамленні апісвалася, як дацэнтка падчас восеньскага семестра ў 2017-м годзе выказвалася супраць сэксуальных і гендарных меншасцяў. На адной з лекцый па хрысціянскай сэксуальнай этыцы ў каталіцызме яна сцвярджала, што гомасэксуалізм выкліканы праз траўмы, якія прыводзяць да нянавісці ў дачыненні да супрацьлеглага полу. Маўляў, гомасэксуалы з’яўляюцца “хворымі” і іх неабходна лекаваць – яна нават прапанавала адрасы так званых “цэнтраў тэрапіі”, у якіх гомасэксуалаў могуць ператварыць у гетэрасэксуалаў.

У наступным семестры тэма каталіцкай сэксуальнай этыкі мусіць выкладацца інакш. Апроч таго, курс павінен весці іншы дацэнт.

Пратэсты навучэнцаў увосень

Увосень ужо адбыліся пратэсты супраць дацэнткі: 8-га кастрычніка 2019-га году больш як сто студэнтаў дэманстравалі перад Універсітэтам і патрабавалі адхілення дацэнткі. У акцыях пратэсту бралі ўдзел і некаторыя прадстаўнікі выкладчыцкага складу. Адзін прафесар тэалогіі сказаў тады дэманстрантам, што гамафобія ва ўніверсітэце з’яўляецца недапушчальнай.

Менавіта ў той час лекцыі былі прыпыненыя і распачалося расследаванне. Рэктар Астрыд Эпіней заявіла, што гамафобныя выказванні “не суадносяцца са статутам Універсітэта”. Універсітэт выконвае свае абавязацельствы па недыскрымінацыі.

Універсітэт Фрайбргу з’яўляецца шостым па велічыні і адзіным афіцыйна дзвюхмоўным універсітэтам Швейцарыі. Адукацыю там можна атрымаць на нямецкай або французскай мове. Там навучаюцца агулам амаль дзесяць тысяч студэнтаў.

 

Паводле: https://www.queer.de/detail.php?article_id=35241