Урад Трампа адмаўляе абарону транс-людзей

Шпіталі і страхавыя кампаніі ў ЗША згодна лініі міністэрства аховы здароўя могуць адмовіць транс-людзям у страхаванні. Джо Байдэн: “Жорсткасць Трампа сапраўды не мае межаў”.  

Урад ЗША адклікаў створанае папярэднікам Дональда Трампа Баракам Абамам правіла па абароне транс-асоб ад дыскрымінацыі ў галіне аховы здароўя. Урад Абамы ў 2016-м годзе пашырыў дэфініцыю пола ў законе аб абароне грамадзянскіх правоў у галіне аховы здароўя за межы біялагічнага полу, каб ахапіць усе палавыя ідэнтычнасці. 

Міністэрства аховы здароўя заявіла ў пятніцу ў сваім паведамленні, што ўрад вернецца да інтэрпрэтацыі слова “пол” толькі як “мужчынскі” або “жаночы”, як гэта вызначаецца біялогіяй. Урад заяўляў пра такі меркаваны крок яшчэ ў траўні 2019-га году і паследаваў яму нягледзячы на крытыку. Адзін федэральны суд у мінулым лістападзе выступаў супраць гэтага плану, у той час як іншыя федэральныя суды выступалі супраць абароны ад дыскрымінацыі часоў Абамы.  

Рэзкая крытыка з боку транс-асацыяцый і дэмакратаў

Нацыянальны цэнтр трансгендарнай роўнасці ахарактарызаваў рашэнне Трампа як “жорсткае” і “пагардлівае”. Шпіталі, урачы і страхоўшчыкі ў выніку могуць адмовіць транс-людзям у страхаванні, адзначаецца ў паведамленні. Пацярпелыя ад гэтага апасаюцца, што страхоўшчыкі могуць павысіць для іх памеры ўнёскаў.   

Крытыка паследавала таксама і з боку дэмакратаў. Патэнцыйны кандыдат у прэзідэнты Джо Байдэн напісаў у твітары: “Жорсткасць Дональда Трампа сапраўды не ведае межаў”. Байдэн звярнуў увагу на тое, што рашэнне ўраду не толькі прыпала на карона-пандэмію, але і на гадавіну нападу на квір-клуб “Пульс” у Арланда ў 2017-м годзе і ў сярэдзіне прайд-месяца.

Спікер Палаты прадстаўнікоў дэмакратка Нэнсі Пілосі заявіла пра “небяспечны напад на нашы асноўныя правы – роўнасць і справядлівасць” і раскрытыкавала прасоўванне ўрадам дыскрымінацыі на істотных кірунках у федэральнай палітыцы.   

Урад ЗША пры прэзідэнце Трампе мэтанакіравана працаваў над тым, каб аслабіць правы ЛГБТІ. Толькі на мінулым тыдні стала вядома, што ён жадае дазволіць агенцтвам па ўсынаўленні адмаўляць гомасексуальным бацькам. Да таго ж, Трамп выключыў транс-асоб са службы ў войску.