«Першыя таты-геі» Брытаніі чакаюць трайнятаў з экс-бойфрэндам дачкі

время чтения: 3 мин

У Вялікабрытаніі «першыя таты-геі», мультымільянеры Бары і Тоні Друіт-Барлоу чакаюць трайнятаў і спрабуюць змяніць закон Аб’яднанага каралеўства, каб у пасведчаннях аб нараджэнні іх немаўлятаў улічылі трох чалавек.

Гомасексуальная пара распалася ў 2019 годзе. Шырокую вядомасць атрымала ў 1999 годзе, калі сталася першай аднаполай парай у Брытаніі, якая была афіцыйна зарэгістравана ў якасці бацькоў пасля таго, як у іх нарадзіліся блізняты Шафран і Аспен праз сурагатнае мацярынства.

«Першыя таты-геі» Брытаніі чакаюць трайнятаў з экс-бойфрэндам дачкі
Пазней у аднаполай пары нарадзілася яшчэ трое дзяцей: Арланда, Джаспер і Далас.

51-гадовы Бары цяпер заручаны з 26-гадовым Скотам Хатчынсанам, былым хлопцам яго дачкі Шафран, і ў іх нарадзілася дзіця па імені Валянціна.

Усе трое мужчынаў жывуць разам у 10-пакаёвым маёнтку ў Фларыдзе. Усе яны здалі сперму і неўзабаве зноў стануць татамі трайнятаў ад сурагатнай маці з ЗША.

Калі дзеці народзяцца ў Вялікабрытаніі, мужчыны спадзяюцца, што ўсе іхныя тры імёны будуць указаныя ў пасведчаннях аб нараджэнні ў якасці бацькоў.

«Я ў захапленні ад гэтай цяжарнасці, як і ад першай», — заявіў Бары выданню The Mirror.

«Я ніколі не думаў, што зноў выпраўлюся ў гэты шлях. Аднак я так закаханы ў Скота і мне так спадабалася выхоўваць Валянціну, што, калі Скот сказаў, што хацеў бы зрабіць гэта яшчэ раз, я падскочыў у прыемным прадчуванні. І вось мы зноў цяжарныя. Мне гэта да спадобы.»

Каментуючы атрыманне першага пасведчання аб нараджэнні ў Вялікабрытаніі ў статусе аднаполых бацькоў, ён дадаў: «Я ўсё яшчэ ў захапленні, што мы здолелі гэта зрабіць. Адчуваю такую бязмежную ўдзячнасць за тое, што бой быў выйграны.»

«Але калі ў нас будзе тройня, у нас будуць бацькі адзін, два і тры, і я зноў буду аспрэчваць закон», — падкрэсліў Бары. «Гэта можа здацца вар’яцтвам, але я ўпэўнены, што імёны трох людзей [у пасведчанні аб нараджэнні – заўвага Gaypress] аднойчы таксама стануць нормай», — дадаў ён.

 

Сям’я будуе маёнтак у Вялікабрытаніі і плануе вярнуцца, калі ён будзе завершаны.

«У кожнага дзіцяці будзе свой пакой, які мы дазволім упрыгожыць па самай апошняй модзе з усіх магчымых», — сказаў Бары.

«У нас ёсць бюджэт у 1,5 мільёна фунтаў стэрлінгаў, каб аформіць пакоі так, як яны хочуць. Акрамя таго, у кожнага з нашых дзяцей ёсць неабмежаваная колькасць [Калядных] падарункаў на выбар — яны могуць атрымаць усё, што пажадаюць. Аспен і Арланда хочуць Lamborghini Urus, а Шафран марыць пра Mercedes. У Валянціны будзе брыльянтавы бранзалет Ціфані, а таксама мноства лялек, калыска для іх і ровар», — дадаў ён.

Некаторыя таты ў Вялікабрытаніі ўсё яшчэ змагаюцца за тое, каб быць пазначанымі ў якасці «бацькі» ў пасведчаннях аб нараджэнні сваіх дзяцей. У той час як Друіт-Барлоу змагаюцца за тое, каб у пасведчаннях аб нараджэнні сваіх немаўлятаў улічыць трох бацькаў, некаторых татаў нават не прызнаюць бацькамі іх дзяцей.

Паводле закона 1950-х гадоў вызначаецца, што той, хто нараджае дзіця, можа быць запісаны толькі як маці ў пасведчанні аб нараджэнні, што азначае, што трансгендарны бацька, які нарадзіў, будзе запісаны як маці яго дзіцяці.

Новая петыцыя з заклікам да ўрада аднолькава прызнаваць бацькоў ЛГБТ+ была запушчана трансгендарным татам і журналістам Фрэдзі МакКонэлам, які беспаспяхова вёў чатырохгадовую барацьбу ў судзе за тое, каб быць названым бацькам у пасведчанні аб нараджэнні свайго дзіцяці. У цяперашні час МакКонэл цяжарны сваім другім дзіцём і плануе нарадзіць у Швецыі, якая належным чынам пазначае трансгендарных бацькоў у пасведчаннях аб нараджэнні.

«Пасведчанні аб нараджэнні павінны фіксаваць законнае бацькоўства», — гаворыцца ў петыцыі. «Бацькі мецьмуць права на выбар: зарэгістравацца ў адпаведнасці са сваім законным гендарам або пазначыць сябе гендэрна нейтральнымі. Гендэрна нейтральная пазнака бацькоўства мае быць даступная кожнаму на выбар.

Усе законныя бацькі, у тым ліку тыя, хто стаўся імі праз сурагатнае мацярынства, павінны быць прызнаныя бацькамі з моманту зачацця свайго дзіцяці і атрымаць права на адпаведную пазнаку ў пасведчанні аб нараджэнні».

Крыніца: pinknews.co.uk