Мінфарм загадаў «Вячэрняму Магілёву» больш пільна ставіцца да публікацый

Мінінфарм адказаў на зварот журналістаў з патрабаваннем даць прававую ацэнку гамафобнаму артыкулу «Впервые в истории Беларуси под стражу взяли транссексуала» ў газеце «Вячэрні Магілёў». Міністэрства не знайшло падставаў, каб прыцягнуць да адказнасці СМІ, але ўсе ж указала рэдактару на «неабходнасць ажыццяўлення пільнага кантролю за зместам публікацый».

Gaypress

Збор подпісаў пад зваротам у Мінінфарм быў ініцыянваны кампаніяй «Журналісты за талерантнасць». Дакументы былі накіраваныя ў Міністэрства інфармацыі, Пракуратуру, «Беларускі Саюз Журналістаў» і «Беларускую асацыяцыю журналістаў» Агулам пад імі падпісалася каля 20 журналістаў, грамадскіх актывістаў ды шэраг неабыякавых грамадзянаў.

У адказе на зварот Gaypress намеснік міністра інфармацыі Уладзімір Матусевіч адзначыў, што да адказнасці газету можа прыцягнуць герой матэрыялу. Ніжэй публікуем поўны тэкст адказу.

20150216_zvarot“Міністэрства інфармацыі, разгледзеўшы ў межах кампетэнцыі Ваш зварот паведамляе наступнае.

Па выніках вывучэння матэр’ялаў названага Вамі артыкула, а таксама тлумачэнняў галоўнага рэдактара газеты «Вячэрні Магілёў» міністэрствам устаноўлена, што дастатковыя прававыя падставы для прымянення мер адказнасці да рэдакцыі газеты ў адпаведнасці з заканадаўствам аб сродках масавай інфармацыі адсутнічаюць.

Галоўнаму рэдактару газеты «Вячэрні Магілёў» указана на неабходнасць ажыццяўлення пільнага кантролю за зместам публікацый.

Акрамя таго, паведамляем, што, ў адпаведнасці з артыкулам 42 Закона Рэспублікі Беларусь ад 17 ліпеня 2008 гада «Аб сродках масавай інфармацыі», фізічныя асобы маюць права патрабаваць ад юрыдычнай асобы, на якую ўскладзены функцыі сродку масавай інфармацыі, абвяржэння распаўсюджаных звестак, калі гэтыя звесткі не адпавядаюць рэчаіснасці і зневажаюць іх гонар і годнасць.

Гэта значыць, што фізічная асоба, у дачыненні да якой распаўсюджаныя звесткі, мае законнае права самастойна звярнуцца ў рэдакцыю газеты «Вячэрні Магілёў» і запатрабаваць абвяржэння распаўсюджаных звестак.

Пры гэтым калі юрыдычная асоба, на якую ускладзены функцыі рэдакцыі сродку масавай інфармацыі, не мае доказаў таго, што распаўсюджаныя ім звесткі адпавядаюць рэчаіснасці, яна абавязана распаўсюдзіць абвяржэнне (папраўку або ўдакладненне).

Звяртаем Вашу ўвагу на тое, што адмова ў распаўсюдзе абвяржэння (адказу) альбо парушэнне парадку распаўсюджвання абвяржэння (адказу) могуць быць абскарджаны ў судовым парадку.

Абвяржэнне распаўсюджаных у сродку масавай інфармацыі звестак, якія не адпавядаюць рэчаіснасці, не пазбаўляе фізічных асобаў права на зварот у судовым парадку для абароны іх гонару і годнасці. Права на зварот у суд па вышэйпаказаным абставінам прадугледжана пунктам 1 артыкула 153 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Толькі суд правамоцны выявіць, ці былі распаўсюджаны звесткі, ці зневажаюць яны гонар і годнасць і ці адпавядаюць гэтыя звесткі рэчаіснасці».

У той самы час галоўны рэдактар газеты «Вячэрні Магілеў» Надзея Леўчанка расказала, што матэрыял пра транссэксуала і не менш спрэчны артыкул «Снятся людям иногда голубые города. Соберутся голубые и уедут навсегда» зніклі з сайта, нібыта па прычыне рэарганізацыі рэсурса.

«Матэрыялы стануць даступнымі, калі мы скнчым работу над сайтам. Мы делаем его сваім сіламі, таму дакладных тэрмінаў, калі рэарганізацыя скончыцца, няма», — сказала Леўчанка.

Шэраг публікацыяў газеты, у тым ліку пра транссэксуала, вольныя роздумы пра гей-культуру, ЛГБТ-групах выклікалі скандал у грамадстве і медыя-асяродку. У дачыненні да суддзі Станіслава Леўчанкі, які з’яўляецца таксама сынам галоўнай рэдактаркі газеты, праводзіцца дысцыплінарная праверка. Ён занадта дэтальна распавеў СМІ пра суд над транссэксуалам.